Brutto і Re1ikt – лідары музычнай прэміі Rock Profi 2016

Абвешчаныя намінанты беларускай прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi 2016. Часцей за ўсіх – у чатырох з пяці намінацый – згадваюцца рок-гурты Brutto і Re1ikt. Пераможцаў назавуць 26 мая на цырымоніі ў клубе "ili".


Узнагароды існуюць з 2013 года і адлюстроўваюць меркаванне не журналістаў і іншых прызначаных экспертаў, а непасрэдна тых, хто стварае беларускую музыку. Лёс Rock Profi 2016 вызначаюць больш за 60 артыстаў, якія выдалі альбомы ў стылістыцы рок, індзі, альтэрнатыва ў 2013, 2014 і 2015 гадах. Працэдура галасавання празрыстая – пасля ўзнагароджання арганізатары публікуюць поўныя справаздачы па тым, хто за каго галасаваў.


Brutto і Re1ikt згадваюцца ў чатырох намінацыях: «Лепшы альбом», «Лепшы запіс», «Лепшая песня» і «Артыст года». Тры намінацыі ў гурта «Серебряная свадьба»,  дзве — у Shuma. Агулам былі разгледжаны 45 альбомаў, а таксама 91 песня, выдадзеная ў выглядзе сінглаў і кліпаў з 1 студзеня да 31 снежня 2015 года. Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Павел Юрцэвіч (студыя «Осмас», клуб "ili") і Зміцер Безкаравайны (Experty.by).

Brutto

Brutto


— У гэтым годзе у межах Rock Profi рэкордная колькасць прагаласаваўшых — 66 артыстаў. Па выніках першага тура ёсць намінацыі з адным лідарам і ёсць намінацыі з розніцай паміж лідарамі ў 1-2 балы, пры тым, што сума кожнага з вядучых прэтэндэнтаў перавышае 100. Пераможцы будуць вызначаныя ў другім туры галасавання, які стартуе сёння, — адзначыў Зміцер Безкаравайны.

Re1ikt

Re1ikt


На цырымоніі ўручэння 26 мая ў клубе "ili" выступяць гурты Intelligency, True Litwin Beat, Unhuman Remains, Slowner, «Сестричкин луч». Пачатак у 19.00. Кошт квіткоў: 200 тыс. руб. Колькасць месцаў абмежаваная. Інфалінія: (029) 629 86 98.


НАМІНАНТЫ (у алфавітным парадку)
Лепшы альбом: Brutto «Родны край», Кассиопея «Крестик», Re1ikt «Лекавыя травы», Shuma «Жніво».
Лепшы запіс (прыз гукарэжысёрам): Андрэй Баброўка за Brutto «Родны край», Аляксандр Геліх за Серебряная Свадьба «Музыка - всё!», Alexis Scorpio і Nick Cherny за Shuma «Жніво», Павел Сініла за Re1ikt «Лекавыя травы».


Лепшая песня: Brutto «Родны край», Крамбамбуля  «Каб мы калі каму чаго», Re1ikt «Хадзіла галота», Серебряная свадьба «Adieu La Tete».


Дэбют года: Harotnica, NABR, Super Besse, Teleport.


Артыст года: Brutto, Дай дарогу!, Re1ikt, Серебряная свадьба.



Паводле інфармацыі з прэс-рэліза.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!