Быць самураем у пластмасавым свеце

Зборнік Алеся Кіркевіча «Самурай» — пра тых, хто кінуў выклік рэчаіснасці.

Гэтую рэцэнзію можна было б пачаць словамі пра тое, што аўтар не такі, як усе, што ісці супраць плыні могуць толькі самыя моцныя, добрыя і прыгожыя, але... Нічога з гэтага не прыходзіць на думку, калі чытаеш «Самурая». Бо кніга — не пра гэта.

Зборнік «Самурай» складаецца з 13 апавяданняў і шэрагу вершаў, якія ўжо пабачылі свет на старонках «Нашай Нівы» і іншых выданняў.

Аўтар паказвае падзеі з жыцця проста і без сантыментаў — але і без залішняй «чарнухі» для прыцягнення ўвагі лянівага чытача. Людзі ў аповедах Кіркевіча — не чорныя і не белыя, а такія, якія ёсць. Змагары — не акружаныя анёльскім пафасам, а звычайныя людзі з недахопамі і смешнымі звычкамі. Мянты, бальшавікі і іншыя агенты «цёмнага боку» — не пачвары і не зверы, а проста персанажы з іншым наборам каштоўнасцяў.

Алесь Кіркевіч на першай прэзентацыі свайго зборніка ў Гродна 


Бачанне аўтара, аднак, не назавеш маральным рэлятывізмам. Прайшоўшы турму, пабачыўшы Майдан, адчуўшы боль людзей з лёсамі, паламанымі ў Вайне на Усходзе (менавіта так галоўны герой аднайменнага апавядання «Самурай» безапеляцыйна патрабуе называць тое, што мы ведаем як АТА), ён выдатна ведае, што есць дабро і што есць зло — і таму, мусіць, не хоча навязвацца чытачу шаблоннымі параўнаннямі і патэтычнымі настаўленнямі. Нават там, дзе гаворка ідзе аб гістарычных персанажах, на чыім баку праўда, можна здагадацца інтуітыўна — празмернае ўжыванне чорных фарбаў для адмоўных персанажаў зусім не патрабуецца.

Добра падмечаныя тыпажы ў апавяданнях пра сучаснае беларускае жыццё нярэдка прымушаюць усміхнуцца: дробязі, да якіх мы прызвычаіліся і не заўважаем: камеры Sony у ціхароў, «Жанна з рэстарана», непаўторная трасянка і шмат што іншае, прадстаюць зусім у іншым свеце, калі выцягваюцца на старонкі пільнай увагай аўтара.

Алесь Кіркевіч на першай прэзентацыі свайго зборніка ў Гродна 


Проза Кіркевіча можа і не будзе цікавая шырокаму чытачу — ды і не на яго, пэўна, разлічвалася. Аднак усім тым, хто прывык ісці па свеце з адкрытымі вачыма, — тым, каго завуць «нацыянальнай інтэлігенцыяй»: актывісты, палітыкі, журналісты, сябры грамадзянскай супольнасці — вельмі карысна будзе паглядзець на сябе збоку, а таксама захапіцца жыццём персанажаў, якое аўтар зрабіў па-сапраўднаму непрадказальным і захапляльным.

Прэзентацыя кнігі ў Мінску плануецца 27 лютага ў бары “Beer&Wine” (вул. Кульман, 9). Пачатак у 19 гадзін. Уваход вольны!

Набыць “Самурая” можна ў крамах "Акадэмкніга", "Цэнтральная кнігарня", "Светач", "Веды", "Кнігарня пісьменніка", "Кнігі і кніжачкі", "Эўрыка" і ў "Белкнізе".



Чытайце таксама:

У Гродна прэзентавалі «Самурая» (ФОТА) 

«Тэрор, алкаголь, сэкс — як у жыцці», — Кіркевіч пра сваю кнігу «Самурай»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!