Царкву XVIII стагоддзя «рэканструявалі» — вагонкай і шклопакетамі

У вёсцы Рухча Столінскага раёна «рэканструявалі» царкву XVIII стагоддзя — знешнія сцены абабілі вагонкай, вокны замянілі на пластыкавыя.

 

Драўляны храм у Рухча ўнесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў пад назвай царква Раства Багародзіцы, мае другую катэгорыю каштоўнасці. У будынку спалучаюцца элементы народнага дойлідства і барока. Уласнікам з'яўляецца царкоўны прыход.

Пра незаконную “рэканструкцыю” паведаміла БЕЛТА са спасылкай на намесніка начальніка аддзела па каардынацыі дзейнасці арганізацый культуры ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Арцёма Брухана.

Без адпаведнага дазволу ў царкве правялі “еўрарамонт” — сцены абабілі вагонкай, вокны замянілі на пластыкавыя.

Царква да рэканструкцыі

"Былі парушаныя патрабаванні Кодэкса аб культуры. Работы на гісторыка-культурным аб'екце праведзеныя без падрыхтоўкі праекта, зацверджанага Міністэрствам культуры. Матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца пры рэстаўрацыі, павінны быць узгодненыя з распрацоўшчыкам праектна-каштарыснай дакументацыі. Нічога з гэтага зроблена не было, што прывяло да пэўных зменаў знешняга выгляду царквы", — распавёў Арцём Брухан.

Царква пасля рэканструкцыі


Царква пасля рэканструкцыі

Брэсцкі аблвыканкам прызнаў: мела месца парушэнне заканадаўства. Аддзел культуры Столінскага райвыканкама цяпер рыхтуе матэрыялы для складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні. Па словах Арцёма Брухана, раней у Брэсцкай вобласці часцей выяўлялі выпадкі незаконнай рэканструкцыі культавых збудаванняў, цяпер гэта рэдкасць.

Фота Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: