Ці атрымае Сяргей Астравец прэмію Гедройца?

Гарадзенскі пісьменнік Сяргей Астравец са зборнікам апавяданняў «Саргасава мора» трапіў у лонг-ліст прэміі Гедройца. Якія шанцы яе атрымаць?
На мой погляд, шанцы ёсць. Але праз тое, што кніга распіяраная менш за некаторых яе канкурэнтак, здаецца, што шанцаў быццам бы і няшмат. Найбольш запамінаецца ў апавяданнях Сяргея Астраўца атмасфера, што ствараецца апісаннямі шматлікіх дэталяў.

Ці даюць Гедройца за «атмасфернасць» твораў? Складанае пытанне. У Сяргея Астраўца да атмасферы яшчэ ёсць постмадэрністычныя адсылкі. Гэта чытво «для разумных», для тых, хто «ў тэме» нацыянальнага пытання, прынамсі. Вельмі істотны эфект пазнавання: а, гэта ж Злата Прага! А на Грунвальдскім фэсце ўсё так і бывае! А калі чытаеш апавяданне «Саргасава мора», што дала назву зборніку, то думаеш: ну, як аўтар змог перадаць адчуванні цэлага пласта грамадства? Саргасава мора, куды праз перашкоды, створаныя чалавекам, не можа вярнуцца рыба, што прыплыла ў Нёман на нераст, і нейкія міфічныя часы беларушчыны, куды ніхто нават не ведае дарогі...

Такія бясконцыя пошукі будучыні. Але людзі шукаюць: шукаюць чытачы і пісьменнікі, грамадскія дзеячы і журналісты... Журналістыка, дарэчы, адзін з заняткаў Астраўца разам з пісьменніцтвам, таму тэксты атрымліваюцца «смачныя», даволі лёгка чытальныя.

Назва кнігі асацыюецца яшчэ з фільмам «Шырокае Саргасава мора» — экранізацыяй рамана Джын Рыс «Антуанэта» (прыквэл да «Джэн Эйр» Шарлоты Брантэ, гісторыя першай жонкі містэра Рочэстэра). Там Саргасава мора выступае як сімвал глыбіні псіхічнай хваробы Антуанэты і бездані непаразумення, што ляжыць між ёй і мужам. А Саргасава мора Сяргея Астраўца — хіба не бездань, што раздзяляе грамадства на «свядомых» і «ватнікаў»? У іншых апавяданнях кнігі ёсць сюжэты пра спробу пераадолець гэту бездань. Напрыклад, аб'яднацца вакол постаці Першадрукара («Гутэнберг»).

Напрыканцы хочацца адзначыць, што тэксты Сяргея Астраўца — гэта досыць прыемнае чытво. З развагамі, але без «чарнухі» і бясконцай тугі. Затое з (сама)іроніяй і гумарам. «Новы час» рэкамендуе!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: