Ці былі здзейснены захады? Адпіска Крычаўскага райвыканкама ці нахабства святара?

На Замкавай гары ў Крычаве, нягледзячы ліст на райвыканкама, дзе нібыта абвяшчалася забарона працягваць працы на помніку археалогіі, будаўніцтва і не спынялася, а цагляная царкоўная лаўка ўжо амаль збудаваная.

Мікалаеўская царква ў Крычаве. Фота wikipedia.org

Прайшоў практычна месяц ад часу з’яўлення інфармацыі пра тое, што настаяцель Мікалаеўскай царквы ў Крычаве Андрэй Ігнатушка будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, бо “правядзенне будаўнічых работ без дазволу Міністэрства культуры і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі не дазваляецца”.

Менавіта такая фармулёўка прапісана ў адказе Крычаўскага райвыканкама на зварот, за подпісам намесніка старшыні Еўдакіменкі Ірыны Васільеўны, дзе пазначана: “Настаяцель Мікалаеўскай царквы будзе прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці ў адпаведнасці з арт.21.3 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь”. Больш за тое, у лісце адзначана часовая забарона будаўнічых работ на помніку археалогіі: “Уласніку Мікалаеўскай царквы дадзена прадпісанне аб забароне правядзення будаўнічых і зямельных работ па вазвядзенню (ці ёсць такое слова ў беларускай мове?) царкоўнай лаўкі да поўнага афармлення неабходнай дакументацыі і правядзення работ па кансервацыі рэштак цагляных збудаванняў, размешчаных на царкоўных землях”.

Чытайце таксама:

Крычаўскага святара, які забудоўваў гарадзішча, прыцягнуць да адказнасці

На беларускамоўны зварот быў дадзены беларускамоўны адказ. Аднак памылак там дастаткова, каб адправіць супрацоўнікаў райвыканкама на курсы “Мова нанова”. Крыху смешна і надта сумна становіцца, калі чытаеш ліст-адказ. Здаецца часам, што рускамоўны тэкст закінулі ў Google translate і пераклалі, бо чалавек, які хоць крыху ведае матчыну мову, не наробіць столькі памылак і будзе выкарыстоўваць правільна словы і тэрміны.

Нядаўна давялося пабыць на Замкавай гары і ўбачыць абсалютна супрацьлеглую карціну — будаўніцтва лаўкі працягваецца абсалютна бесперашкодна. Прычым яно і не спынялася, бо цагляная пабудова ўжо зроблена прыблізна на 70%. З гэтага вынікае, што тэкст ліста за подпісам спадарыні Еўдакіменкі пра адміністрацыйнае пакаранне настаяцеля Мікалаеўскай царквы і часовае прыпыненне будаўніцтва — простая адпіска. Нічога са згаданага ў адказе Крычаўскага райвыканкама не было здзейснена, што чарговы раз сведчыць пра абыякавую пазіцыю мясцовай улады ў пытаннях гісторыі і культуры старадаўняга горада. Іх абсалютна не цікавіць старажытныя помнікі, бо гэта не дае кар’ернага росту ці высокіх узнарагод.  

Не лепшай сітуацыя выглядае з будаўнічымі працамі на тэрыторыі Свята-Уваскрасенскай царквы, якая з’яўляецца старадаўнім цэнтрам горада. Раней гэтая тэрыторыя была часткай парка, аднак бацюшка гэтай царквы вырашыў пашырыць тэрыторыі царкоўных уладанняў. Цёплае надвор’е дало магчымасць праглядзець адвалы зямлі, на якіх былі выяўлены часткі кафлі XVII – XVIII стагоддзяў з разнастайнымі малюнкамі, кераміка (розныя часткі ганчарнага посуду: донцы, сценкі, венчыкі) прыблізна ж гэтага часу, старая чырвоная цэгла. Акрамя гэтага была знойдзена манета ў кепскіх стане захаванасці. Знойдзеная манета — 2 капейкі Аляксандра І 1812 г., якая мела зварот у Расійскай імперыі і рабіліся з медзі. Гэта знаходка, натуральна, не з’яўляецца рэдкай і вялікай каштоўнасці не ўяўляе.

Чытайце таксама:

У Крычаве хочуць стварыць пакоі Кацярыны ІІ. А старадаўнія помнікі руйнуюць

Прыведзеныя факты сведчаць, што тэрыторыя царквы ў цэнтры старой часткі Крычава з’яўляецца гістарычным месцам, а будаўнічыя працы на такой тэрыторыі абавязкова павінны праводзіцца разам са спецыялістамі-гісторыкамі, а лепш — археолагамі, аднак гэтага не робіцца. Такім чынам, на сённяшні момант сур’езны культурны слой тэрыторыі Свята-Уваскрасенскай царквы належыць прафесійна даследаваць і толькі пасля гэтага, з дазволу спецыялістаў і адпаведных інстанцый, пачынаць будаўнічыя працы.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: