Ці загучыць беларуская музыка на радыё ў Лідзе?

Актывіст з Ліды Валер Мінец патрабуе, каб на мясцовай радыёстанцыі «Тваё радыё» гучала беларуская музыка. Аднак Міністэрства інфармацыі сцвярджае, што дзеючае заканадаўства не ўтрымлівае нормаў пра абавязковую квоту беларускай музыкі ў радыэфіры.

Гаворыць старшыня першаснай суполкі Таварыства беларускай мовы Лідскага раёна, сябра Партыі БНФ Валер Мінец:

«Лідскае «Тваё радыё» распачало трансляцыю ад 9 сакавіка мінулага году. Але ад таго часу і да сёй пары на хвалях радыёстанцыі амаль немагчыма пачуць беларускую музыку — ледзь не на 100% змест складаецца з расейскага шансону і поп-шлягераў. Лічу, што такім чынам радыёстанцыя не спрыяе развіццю беларускай музычнай культуры. Па-сутнасці кіраўніцтва «Тваяго радыё» не выконвае функцыю мясцовага радыё, застаючыся ў расейскай культурнай прасторы і прывучаючы да таго сваіх слухачоў. Да таго ж, гэтая радыёстанцыя не ёсць прыватнай установай, яна належыць дзяржаве — але не праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне культуры. Вельмі дзіўна, што дзяржаўныя органы, з аднаго боку, выступаюць за імпартазамяшчэнне і прапагандуюць лозунг «Купляй беларускае!», а з іншага боку не падтрымліваюць айчынных вытворцаў культурнага прадукту. Я памятаю, што раней дзейнічала квота наконт абавязковага ўключэння ў музычныя трансляцыі твораў беларускіх выканаўцаў — таму і звярнуўся па тлумачэнні на гэты конт да Міністэрства інфармацыі. А то з такім плэйлістом як у нашай мясцовай радыёстанцыі мы ніколі не выіграем Еўрабачанне!».

Аднак Міністэрства інфармацыі ў адказ на запыт актывіста паведаміла, што ў заканадаўстве адсутнічае норма пра максімальна дазволены аб'ём замежнай музыкі ў эфіры.

Квота ў 75% беларускай музыкі была ўведзеная Міністэрствам інфармацыі ад пачатку 2005 году. Кожная FM-станцыя ў незалежнасці ад абранага фармату была абавязана выконваць гэту норму. У 2008 годзе Мінінфармам было прынята рашэнне, каб квота ў 75% беларускай музыкі выконвалася толькі ў пэўны час.

Цікава, што спявачка Ірына Дарафеева, якая нядаўна стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, у часе сваёй перадвыбарчай кампаніі таксама звяртала ўвагу на гэтую праблему і прапаноўвала заканадаўча замацаваць абавязковую квоту для беларускай музыкі ў радыэфіры: «Цяпер я ўключаю любую радыёстанцыю, і буду вельмі моцна здзіўленая, калі пачую беларускую песню. Таму я б вярнула квоту, паколькі нам вельмі цяжка канкураваць у медыяпрасторы», — казала Дарафеева ў часе мінулагодняга ўсебеларускага народнага сходу. Валер Мінец, які сам на мінулых парламенцкіх выбарах вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад БНФ, будзе прапаноўваць дэпутатам парламенту аднавіць увагу да гэтай праблемы і скарыстацца дэпутацкімі паўнамоцтвамі для яе вырашэння.

Валер Мінец не збіраецца спыняць барацьбу за беларускую музыку ў эфіры мясцовага радыё: грамадскі актывіст плануе накіраваць у міністэрства інфармацыі прапановы аб аднаўленні нормы пра пашырэнне квоты беларускіх выканаўцаў у радыёэфіры. Што да лідскай радыёстанцыі «Тваё радыё», то на яе адрас Валер Мінец рыхтуе адмысловы падарунак у выглядзе некалькіх дыскаў сучасных беларускіх выканаўцаў, якія адпавядаюць фармату радыёстанцыі, з прапановай уключыць беларускую музыку ў плэй-ліст. 

Дарэчы, з мінулага года ва Украіне дзейнічае закон аб квотах на музыку на дзяржаўнай мове, згодна з якім, палова радыёпраграм і чвэрць музыкі ў эфіры павінны гучаць па-ўкраінску.


Паводле прэс-рэлізу Партыі БНФ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!