«Ціхая ноч, святая ноч!» Вялікі юбілей маленькай песні

Роўна 200 год таму, у маленькім аўстрыйскім гарадку Обэрндорф ля Зальцбурга, перадкалядным днём 1818 года нарадзілася немудрагелістая песенька, калядны гімн, ды нават не гімн, а хутчэй калыханка, якой наканавана было стаць самай пазнавальнай каляднай мелодыяй.
Яе «бацькі», малады святар Ёзэф Мор і школьны настаўнік, а па сумяшчальніцтву — царкоўны арганіст і кампазітар Франц Грубер, у той жа вечар выканалі новую калядку пад акампанімент гітары адразу пасля мессы. З таго дня гэтая пяшчотная мелодыя заваявала сэрдцы мільёнаў людзей па ўсім свеце. Словы песні былі перакладзены больш, чым на 300 моў і дыялектаў. Не стала выключэннем і Беларусь.

Ціхая ноч, святая ноч!
Спіць усё, сніць даўно.
Толькі Маці Святая ўсцяж
ціха ў яслях люляе Дзіця:
«Спі, Сыночак малы,
Спі, Сыночак малы!»

Словы гэтыя знаёмы многім беларусам. Таму не дзіўна, што 200-гадовы юбілей каляднай песні «Ціхая ноч» быў адсвяткаваны і ў нас. 26 снежня ў камернай зале імя Александроўскай Вялікага тэатра оперы і балета адбыўся канцэрт, прысвечаны гэтай падзеі. Вядомы аўстрыйскі оперны спявак Томас Вайнхапель і наша суайчынніца, што жыве зараз у Аўстрыі, Юлія Лебядзенка выканалі не толькі песню-юбіляршу, але й іншыя калядныя спевы, а таксама напоўненыя пяшчотай творы Моцарта, Брамса, Агінскага, Глебава ды іншых.
А самым шчымлівым момантам канцэрта стала сумеснае выкананне спева «Ціхая ноч» госцем з Аўстрыі і ўсімі прысутнымі гледачамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: