Citius, Altius, Fortius! У Мінск прыязджае буйнейшая калекцыя алімпійскіх узнагарод

З 21 чэрвеня па 14 ліпеня жыхары і госці сталіцы змогуць убачыць буйнейшую прыватную калекцыю алімпійскіх узнагарод і медалёў. Алімпійская калекцыя Уладзіміра Патаніна прыедзе ў Мінск спецыяльна да II Еўрапейскіх гульняў. Шырокай публіцы выстаўка будзе прадстаўлена ўпершыню.
Менш за месяц засталося да Еўрапейскіх гульняў: 21 чэрвеня Беларусь прыме самае маштабнае спартыўнае мерапрыемства кантынента. Уся краіна будзе чакаць новых медалёў ад нашых беларускіх спартсменаў, а напярэдадні Еўрапейскіх гульняў самы час узгадаць пра былыя дасягненні на міжнароднай арэне. Спецыяльна да старту грандыёзнай спартыўнай падзеі ў Мінск упершыню прывязуць Алімпійскую калекцыю Уладзіміра Патаніна – вялікі прыватны збор алімпійскіх узнагарод з усіх куткоў планеты.

Алімпійская калекцыя — гэта ўнікальны збор артэфактаў усіх Алімпіяд, пачынаючы з першых гульняў сучаснасці, якія прайшлі ў 1896 годзе ў Афінах, і заканчваючы XXIII зімнімі Алімпійскімі гульнямі ў Пхёнчхане 2018 года. На сённяшні дзень калекцыя ўключае каля 400 экспанатаў. Сярод іх — залатыя, сярэбраныя, бронзавыя і памятныя медалі, факелы, дыпломы прызёраў і ўдзельнікаў Гульняў, ганаровыя знакі, кубкі, статуэткі і горны Гульняў розных гадоў.

Аўкцыённы кошт узнагародных медалёў — ад $2 тыс. да $250 тыс. Найдаражэйшыя з іх — імянныя. Факелы каштуюць ад $1,5 тыс. да $170 тыс. — у залежнасці ад рарытэтнасці. Напрыклад, да Гульняў у Альбервілі 1992 года было выпушчана ўсяго 100 факелаў. Іх дызайн распрацаваў Філіп Старк, які лічыцца культавай фігурай у сусветным дызайне. Ёсць у калекцыі і чатыры кубкі чэмпіёна, самы дарагі з якіх быў выпушчаны да Гульняў у Парыжы 1924 года.

Калекцыя вядомага расійскага прадпрымальніка Уладзіміра Патаніна далучае нас да гісторыі і спадчыны спартыўнага руху і алімпізму. У 2019 годзе калекцыю вырашылі зрабіць даступнай для шырокай публікі. Мінск стане адпраўной кропкай выставачнага праекта, далей Алімпійская калекцыя адправіцца ў міжнароднае турнэ і будзе прадстаўлена на XXXII летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа (Японія, 2020), XXIV зімовых Алімпійскіх гульнях у Пекіне (Кітай, 2022), XXXIII летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы (Францыя, 2024) і іншых буйных спартыўных мерапрыемствах.

Рэалізацыяй серыі выставачных праектаў займаецца каманда Расійскага Міжнароднага Алімпійскага Універсітэта (РМАУ) на чале з рэктарам акадэмікам Львом Белавусавым.

Мы разглядаем калекцыю алімпійскіх артэфактаў Уладзіміра Патаніна як своеасаблівую вандроўную выстаўку гісторыі алімпійскага руху, прыкладаў трыумфу духу спартыўнай высакароднасці, духу сумленнага суперніцтва і сяброўства, сінтэзу адукацыі, культуры, навукі і спорту. Сімвалічна, што Першая публічная выстаўка адбудзецца ў цудоўнай Рэспубліцы Беларусь, з якой мы – РМАУ – падтрымліваем партнёрскія адносіны. Для нас гэта вялікі гонар. Сярод нашых выпускнікоў нямала беларускіх спецыялістаў”, – адзначае рэктар РМАУ Леў Белавусаў.

У Мінск прыедзе найбольш цікавая з гістарычнага пункту гледжання частка калекцыі. На выстаўцы будуць прэзентаваны ўзнагароды Алімпійскіх гульняў першай паловы ХХ стагоддзя, уключаючы першую Алімпіяду сучаснасці 1896 года ў Афінах і ХV Алімпійскія гульні ў Хельсінкі 1952 года, у якіх упершыню ўдзельнічала зборная СССР. Акрамя гэтага, выстаўка ўключае алімпійскія аб’екты трох значных для нашай краіны алімпіяд апошніх дзесяцігоддзяў. Гэта XXII Алімпійскія гульні 1980 года, на якіх у беларускай сталіцы на стадыёне “Дынама” быў запалены алімпійскі агонь. Гульні 1994 года ў Лілехамеры, у якіх былыя савецкія рэспублікі ўпершыню ўдзельнічалі ў якасці асобных каманд. І зімовая Алімпіяда 2014 года ў Сочы, да пяцігоддзя якой прымеркавана адкрыццё алімпійскага выставачнага праекта. У Мінску адкрыццё выстаўкі пройдзе пры падтрымцы Мінгарвыканкама і Музея гісторыі горада Мінска.

Правядзенне Еўрапейскіх гульняў – вялікае дасягненне для нашай краіны. Сёлета жыццё сталіцы як ніколі насычана культурнымі падзеямі. І мы, безумоўна, рады таму, што горад прыцягвае праекты міжнароднага маштабу, такія як Алімпійская калекцыя. Адкрыццё ў Мінску алімпійскай выстаўкі – гэта яшчэ адно пацвярджэнне неразрыўнай сувязі культуры і спорту. Рэтраспектыва алімпійскага руху безумоўна мае вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць, а магчымасць дакрануцца да спартыўных перамог мінулых гадоў натхняе ўсіх нас на пакарэнне новых вяршынь”, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай работы Мінгарвыканкама Марына Ясюк.

Алімпійская выстаўка пачне працу 21 чэрвеня ў будынку Мінскай гарадской ратушы і будзе адкрыта да 14 ліпеня. Алімпійская калекцыя – гэта некамерцыйны праект, яго галоўная мэта – даць людзям натхняльны зарад перад знакавай спартыўнай падзеяй, таму ўваход для ўсіх жадаючых будзе вольным. Наведвальнікі выстаўкі змогуць не толькі ўбачыць алімпійскія рэліквіі, але і паглыбіцца ў іх гісторыю. У гэтым гасцям прыйдуць на дапамогу сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі. Кожны экспанат калекцыі будзе суправаджацца дадатковымі тэкставымі і відэаматэрыяламі, якія дазволяць гасцям далучыцца да гісторыі алімпіяд.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!