Чарговы ўдар па мурах старадаўняга Гродна

На вуліцы Замкавай за палацам Тэкстыльшчыкаў можа паўстаць офісны будынак, які знявечыць выгляд гістарычнага цэнтру. Незразумелай таксама застаецца сітуацыя з археалагічнымі раскопкамі напярэдадні будаўніцтва.

Сквер на вул. Замкавай зараз


Вуліца Замкавая ў Гродне, якая вядзе ад Фарнага касцёлу да Старога і Новага замкаў, традыцыйна лічыцца архітэктурнай пярлінай горада. Гэта адна з нешматлікіх вуліц, якая захавала не толькі гістарычную назву, але і твар: старыя камяніцы, якія памятаюць яшчэ часы Рэчы Паспалітай.

Месца скверу на карце

Сціплы кошт за зямлю ў элітным месцы

Некаторыя будынкі на Замкавай былі разбураныя ўжо ў паваенны час. Тут жа паўсталі і савецкія «пачвары»: Палац тэкстыльшчыкаў ды Дом быту, якія аніяк не ўпісваліся ў гістарычны ландшафт. Некаторыя месцы так і засталіся пусткамі пасля зносу фрагментаў старой забудовы. Адну з такіх пустак зараз хочуць выкарыстаць для будаўніцтва… трохпавярховага бізнэс-цэнтру з мансардай.

Сквер на вул. Замкавай зараз 

Будынак на месцы пусткі, як апынулася, быў пазначаны на мапах генплану горада яшчэ ў 2005 годзе. Да практычнай часткі — продажу зямлі — у мясцовай улады рукі дайшлі толькі зараз. Аўкцыён па продажы быў прызначаны сёлета на 14 лютага. Кошт дзялянкі ў самым цэнтры старога Гродна апынуўся надзвычай сціплым: каля 120 000 рублёў, або 60 тысяч у.а. Інвестарам выступіў літоўскі бок.

Дом на месцы сквера быў пазначаны ў генплане Гродна, 2005 г.


Гістарычны ландшафт ды археалогія

Сапраўды, месца для вядзення бізнэсу ідэальнае, але што наконт гістарычнага і турыстычнага фону горада? Па-першае, гісторыкі заклапочаныя, што будынак бізнэс-цэнтру па сваіх архітэктурных якасцях можна апынуцца яшчэ горшым за Палац тэкстыльшчыкаў ды Дом быту. У ідэале, кавалак зямлі нядрэнна было б забудаваць, але будынкамі, якія б падкрэслівалі гістарычную канву месца. Тым больш, што фотаздымкі гэтай часткі Замкавай вуліцы пачатку ХХ стагоддзя выдатна захаваліся.

Вуліца Замкавая, 1920-я гады

Па-другое, зямля на гэтым месцы будзе наўпрост нашпігаваная гістарычнымі артэфактамі, фундаментамі ды скляпеннямі камяніцаў, якія тут стаялі ад часоў ВКЛ. Каб раскапаць усю пляцоўку, спецыялістам спатрэбіцца, магчыма, і не адзін археалагічны сезон…

''Дом Рыбака'' XVI ст., знесены за Саветамі, стаяў менавіта на гэтым адрэзку

І тут ёсць два варыянты. Варыянт першы: інвестар яшчэ не ведае пра неабходнасць археалагічных даследаванняў, для яго гэта будзе цікавым сюрпрызам. Варыянт другі: у інвестара ўсё ўжо дамоўлена і з гарвыканкамам, і з археолагамі, якія створаць бачнасць даследаванняў, як гэта было на Савецкай плошчы падчас «рэканструкцыі» 2005–2007 гадоў. То бок яшчэ адзін пласт нашай гісторыі будзе вывезены разам з зямлёй на сметніцу.

Сквер на вул. Замкавай зараз 

«Блышынага рынку» не будзе?

Стаўленне гродзенцаў да ініцыятывы гарвыканкама (па некаторых звестках, ініцыятар — галоўны архітэктар горада Генадзь Таламанаў) адназначна негатыўнае.

Каментары на найпапулярнейшым гарадскім блогу S13

У гэтым можна пераканацца, пачытаўшы безліч каментараў пад артыкулам пра будоўлю на найбольш папулярным у горадзе блогу s13.ru. Салідарныя тут і гісторыкі: Вашкевіч, Лапеха, Супрон, ды іншыя ўжо выказаліся супраць у каментарах розным СМІ.

Так выглядала месца сучаснага скверу на пачатку ХХ стагоддзя

У дадатак да ўсяго, на месцы скверу яшчэ ў мінулым годзе планавалася дазволіць стварыць адзіны ў горадзе «блышыны рынак», які б працаваў па выходных днях. Улічваючы разлік на прыцягненне польскіх ды літоўскіх турыстаў — крок цалкам апраўданы і перспектыўны. Але выглядае на тое, што чарговая добрая ідэя так і застанецца ідэяй, а паўстанне навабуду сярод сівых камяніцаў стане куды больш рэальнай перспектывай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: