«Чарнобыль» атрымаў 19 намінацый на прэмію «Эмі»

Серыял «Чарнобыль», зняты сумесна тэлеканаламі HBO і Sky, увайшоў у тройку лідараў па колькасці намінацый амерыканскай тэлевізійнай прэміі «Эмі» 2019 года, піша Радыё Свабода.
HBO

HBO

У цэлым «Чарнобыль» атрымаў 19 намінацый, у тым ліку «Найлепшы міні-серыял». Канкурэнцыю яму складуць стужкі «Фосі / Вердан» (Fosse/Verdon), «Уцёкі з турмы Данэмора» (Escape at Dannemora), «Вострыя прадметы» (Sharp Objects) і «Калі яны нас убачаць» (When They See Us).

Лідарам у колькасці намінацый стаў яшчэ адзін серыял HBO «Гульня тронаў». У яго агулам 32 намінацыі, што з'яўляецца рэкордам. У 20 намінацыях прадстаўлены серыял «Дзіўная місіс Мэйзэл» (капрадукцыя Dorothy Parker Drank Here Productions, Picrow і Amazon Studios).

Пераможцаў назавуць 22 верасня ў Лос-Анджэлесе на цырымоніі ўручэння прэміі.

«Эмі» (Emmy Award) — прэстыжная амерыканская прэмія, якая лічыцца тэлевізійным эквівалентам кінапрэміі «Оскар».

«Чарнобыль» стаў самым рэйтынгавым серыялам на тэлеканале HBO, на якім транслявалі «Гульню тронаў». Таксама ён мае самы высокі рэйтынг для серыялаў на сайце IMDb — найбуйнейшай базе інфармацыі пра кіно.

«Чарнобыль» — мастацкі, а не дакументальны серыял, але яго сюжэт даволі блізкі да рэальных падзеяў. Пры напісанні сцэнару аўтары карысталіся, сярод іншага, кнігай «Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: