Часопіс «Вожык» пазбаўлены дзяржфінансавання. Гэта ўсё?

Часопіс "Вожык" выключылі са спісу выданняў, якія фінансуюцца з дзяржбюджэту. Гэта значыць, што найстарэйшае сатырычнае выданне чакаюць нялёгкія часы.
На фота — адна са старонак першага выпуску "Вожыка" у 2018 годзе

На фота — адна са старонак першага выпуску "Вожыка" у 2018 годзе

Намеснік галоўнага рэдактара часопіса Аляксандр Каршакевіч запэўнівае, што "Вожыку" нічога не пагражае. Маўляў, проста дзяржава перастала рэкамендаваць яго выпісваць чыноўнікам:

"Вожык" быў у спісе "пажаданых". А цяпер не. Такая падтрымка, быць у спісе, вядома, уплывае. Таму што чыноўніцкі апарат любіць, калі ім лістом зверху раяць, што выпісаць. "Вожык" заўсёды камусьці коле, таму не ўсім падабаецца яго выпісваць. Але я, як супрацоўнік рэдакцыі, не адчуў нічога страшнага, бо мы на самаакупляльнасці вельмі даўно".

Па словах Каршакевіча, цяпер наклад "Вожыка" — 875 экзэмпляраў. Падпісчыкі — у асноўным бібліятэкі, хоць, натуральна, ёсць верныя чытачы. Але ці можа такі невялікі наклад рабіць выданне рэнтабельным?

"Па сутнасці, мы пазбаўленыя дадатковай рэкламы, — дадае Каршакевіч. — Бо, калі ў спісе напісана "пажадана", то гэта не падтрымка, а рэклама, дадатковы напамін: "Не забудзьцеся, што ёсць такі часопіс". Асноўная падтрымка — тое, што мы ўвогуле выходзім".

Адзіны сатырычны беларускі часопіс "Вожык" выходзіць з 1945 года. Цягам усёй гісторыі ён застаецца беларускамоўным. У свой час у ім працавалі народныя паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць