«Чорныя макі» Вольгі Гапеевай

Падаецца, прароцтва Арцюра Рэмбо пра тое, што «Паэтка ў будучыні знойдзе невядомае (…), адкрые дзівосны, недасяжны, брыдасны і далікатны свет», цалкам спраўдзілася ў беларускім выпадку дзякуючы Вользе Гапеевай.
Фота lohvinau.by

Фота lohvinau.by


«цяпер мой каханы болей ня мой
і не каханы
цяпер
ёсць толькі цяпер».

У свет выйшаў новы зборнік вершаў Вольгі Гапеевай, так па-ўпадніцку названы «Чорныя макі». Гэта з першага наварату апусканне ў крыху змрочны свет няспраўджанага кахання, чорных думак, зацьмення, мораку, чорнай магіі, чорнага снегу і чорных імгненняў, якія ўсе мы калісьці зведваем, чорных макаў, як назвала гэты перыяд сама паэтка. Але не толькі няроўнае каханне паўстае ў зборніку, на змену чорнаму заўсёды надыходзіць светлае: аптымізм часу, заваёваў, індывідуалізму і фемінізму, філасофстваванне, развітанне з несапраўдным каханнем і пошук новага — вось яшчэ на што багаты невялічкі і дыхтоўны зборнік вершаў.

І, канешне, усім цікавая сама аўтарка, асоба, паэтка з кагорты Цёткі і Ганны Новік. Заўсёды, калі гляджу на Вольгу Гапееву, калі чытаю яе вершы, бачу, як дзякуючы таленту і часу, сягнула далей за сваіх слынных папярэдніцаў паэтка ў пытанні вызвалення і эмансіпацыі, цалкам захаваўшы шарм і шлейф рэвалюцыянеркі, эксперыментатаркі і самотніцы. Вольга ўвасабляе ідэал Сімоны дэ Бавуар — сапраўды незалежнай кабеты, паэткі. Ёй не трэба дзяліць жыццё з кімсьці, залежаць ад кагосьці, быць жонкай кагосьці, — яна сама ва ўсім і сабе перадусім гаспадыня. Многія шукаюць, выглядаюць новую жанчыну на Захадзе, але яна ўжо з’явілася ў нас — і гэта Вольга Гапеева.

Вусціш у тым — і пра гэта піша сама паэтка, — што мужчыны ў нас застаюцца старымі, і мяняцца баяцца яны. І вусціш у тым, што гэтага баіцца Беларусь, мясцовы літаратурны бамонд, не гатовы да зменаў, не гатовы саступіць эстафету, бо «роля рыцаркі не прадугледжаная ў каралеўстве драконаў і іх даглядальнікаў». Але саступак і не шукае тая, хто ідзе па слядах Цёткі і Ганны Новік. Прагрэс, адукацыя, заваёвы часу, досыць роўны доступ кабетаў і мужчынаў да публічнага ў цяперашнім беларускім грамадстве і, канешне, сама воля паэткі, — усё гэта спрыяе раскрыццю, квітненню і перадае ў рукі кабетаў эстафетную, амаль зачараваную палачку.


Паэтка, насамрэч, увасабляе цэлы мастацкі і фемінісцкі рух, яна адна ставіць пад сумнеў сцвярджэнне пра тое, што ў Беларусі няма фемінізму — дзякуючы Вользе ён ёсць, і мае такое прыгожае, эстэцкае, высакаякаснае і іранічнае афармленне. Вершавана фемінізм гучыць яшчэ далікатней, прыгажэй, праўдзівей і дасціпней кожнаму і кожнай, а паэзія набывае новыя сэнсы і апраўданні:


«… мужчына, вызначыся
і хопіць ужо гэтай бінарнасці
шлёндры і пані марыі
свет разнастайней і ролі даўно перапісаныя…».

Зрэшты, дзякуючы паэтцы ў нас ёсць сучасная, цалкам еўрапейская філасофская паэзія.

Хоць і пазначалася ўжо, што ў новым зборніку адразу кідаецца ў вочы чорны змест: падчасткі зборніку так і называюцца — «Зацьменне» і «Морак», але забягу наперад і супакою чытацтва: паэтка выкараскваецца з таго чарноцця і выцягвае з сабою нас у свет макаў, якія пачынаюць пунцавець надзеяй і адновай. Яна смела, хоць і не бясследна для псіхалагічнага здароўя, развітваецца з мужчынамі, якія баяцца, якім не хапае мужнасці, якія пасіўнічаюць, любуюцца сабой, а яшчэ больш любяць, калі любуюцца імі і, зрэшты, пераўтвараюцца ў торт. Паэтка прабіваецца скрозь маўчанне і заўсёды «абірае мову», прабіваецца скрозь пакуты і адзіноту мацерак і становіцца іх голасам, рупарам, яна заўсёды агучвае свае і думкі тых, хто не адважваецца гаварыць. І, канешне, яна гаворыць і за баязлівых мужчынаў.


Асобнае месца ў вершах займае маці паэткі — вобраз Маці ўсіх паэтак і паэтаў, маці, з якой і пачынаецца фемінізм у сям’і:

«…радзіма маці паэтак — спарта
цела маці паэтак — са сталі
моцныя людзі стрываюць усё, жалезныя нервы
жалезная воля».

Бо і дзякуючы маці паэтка становяцца паэткай і мяняе свет:

«бо маці паэткі (…)
як класікі пішуць
вядома ж лепшай долі жадала
у свеце жалеза і сталі
дзякуй скажуць паэткі
дзякуй, адгукнуцца паэты
і зменяць планету».

І зноў паэтка (не паэт, які крывадушнічае, саромецца агаліцца, саромецца павучыцца ў паэткі) з княства інтымнага робіць не проста публічную тэму, але тэму цэнтральную, цікавую і вядомую ўсім, бо ўсе мы:

«…перасечаныя
пасечаныя
пакрэсленыя
і выкрасленыя
кімсьці трэцяй».

Вольга Гапеева не баіцца інтымнага, прыватнага, а як сучасная амазонка ўмее і агаліцца, і перадусім агаліць крывы свет:

«сядай, мой каханы
уладкоўвайся зручна
кідай усё лайно ў мяне
можаш і падрачыць калі трэба
на тую, што ты сапраўды «кахаеш»
я ж разумею — унітазы не для кахання
яны для іншага так бы мовіць
а цяпер, мая дарагая дзяўчынка, увага пытанне:
ты хочаш быць унітазам?»

Паэтка ў каханні анулюе ўсе візы і руйнуе ўсе межы:

«мой каханы сядзіць на ўскрайку ложка
а я на ўскрайку сябе гатовая скасаваць усе межы
звольніць усіх мытнікаў
ніякіх візаў уздоўж майго цела і больш тонкіх матэрый».

Падаецца, прароцтва Арцюра Рэмбо пра тое, што «Паэтка ў будучыні знойдзе невядомае (…), адкрые дзівосны, недасяжны, брыдасны і далікатны свет», цалкам спраўдзілася ў беларускім выпадку дзякуючы Вользе Гапеевай.


Чорныя макі выцвітаюць і паступова пунцавеюць, а паэтка, хоць і «ведае лепш мінулы час», застаецца, нават без упынку ўвальваецца, вяртаецца ў цяпер і жыве ў свеце, дзе «анёлкі толькі і робяць, што займаюцца каханнем» — у гэтым яе выратаванне, моц і прываблівасць для чытацтва. Паэтка не проста так любіць макі, асабліва чорныя макі, якія здаўна сімвалізуюць не толькі смерць, сон, але і фрывольнасць, часовую асалоду і ўрадлівасць…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!