Чым адрозніваюцца прэміі Гедройца і «Кніга году»?

ПЭН-цэнтр уручае прэміі імя Ежы Гедройца і «Кніга году». Чым адрозніваюцца гэтыя дзве ўзнагароды?

Да 31 траўня ідзе народнае галасаванне за “Кнігу году-2017”, а не так даўно быў абвешчаны склад журы прэміі імя Ежы Гедройца. Абедзве прэміі вельмі прэстыжныя, вакол абедзвюх – шмат інтрыг, скандалаў і крыўдаў. Але ці ёсць істотныя адрозненні? Тлумачыць старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай:

“Прэмія Гедройца – гэта прэмія экспертнага журы (якое сёлета складаецца з 7 чалавек, пераважна крытыкаў і літаратуразнаўцаў) за найлепшую празаічную кнігу. У той час як “Кніга году” – гэта прэмія пісьменніцкага журы (а сёлета ў яго склад увайшло аж 100 чалавек), пры гэтым “судзіць” можа кожны пісьменнік і перакладчык на беларускую мову, у якога цягам апошніх 7 гадоў выйшла хаця б адна кніга ў жанрах “мастацкая проза”, “нон-фікшн”, “паэзія” і “эсэістыка”. “Кнігу году” можна ўспрымаць як шырокае апытанне пісьменнікаў, якія самі актыўна ўдзельнічаюць у літаратурным працэсе. Калі ў “Кнізе году” ўдзельнічаюць выданні ўсіх пералічаных вышэй жанраў, то Прэмія Гедройца сфакусаваная на жанрах мастацкай і дакументальнай прозы”.

Асаблівасцю “Кнігі году” з’яўляецца поўная празрыстасць: пасля абвяшчэння вынікаў можна пабачыць, хто з пісьменнікаў за якую кнігу калег галасаваў. Адсюль і крыўды, і скандалы, кшталту “муж прагаласаваў за жонку” ці “такі-та такі-та галасуе “за сваіх”.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць