Чырвоны касцёл: як храм няшчаснага бацькі стаў цытадэллю свабоды

Касцёл св. Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці чарговы раз стаў сімвалам: сёння да яго ідуць не толькі вернікі, але і пратэстоўцы, а ўмоўна «невядомыя людзі» мяняюць замкі. Бітва за святыню ў сэрцы сталіцы працягваецца.

Фота catholic.by

Яшчэ ў пачатку нулявых, калі на вокладках школьных дзённікаў друкавалася каляровая панарама пл. Незалежнасці, мне не давала спакою пытанне: якім цудам сярод правільных геаметрычных формаў савецкай забудовы ўплішчыўся касцёл? І праўда ж, побач Дом урада, Ленін, будынак універсітэта, Галоўпаштамт, а тут — казачныя абрысы храма.

Правядзём кароткі “лікбез” па гісторыі касцёла Сымона і Алены. Для пратэстоўцаў, якія там збіраюцца штовечар, і не толькі.

Касцёл як “ущерб русскому делу”

Калі напрыканцы XVIII ст. у Мінску працавала 12 касцёлаў, то праз 100 гадоў засталося толькі два, не ўлічваючы капліцы на Кальварыйскіх могілках. Гэта праблема: каталікоў шмат, а касцёлаў не хапае. Вернікі дамагаліся дазволу на пабудову, але безвынікова. У 1897-м гарадскія ўлады дазвол далі, але яго скасавалі чыноўнікі з Пецярбургу. Патлумачылі, што патрэбная згода праваслаўнай епархіі — прадстаўнікоў рэлігійнага мэйнстрыму імперыі.

У 1903-м прашэнне пра дазвол на будаўніцтва падпісалі 2000 чалавек, у тым ліку вядомыя і заможныя мінчукі. Супраць была толькі праваслаўная царква ў асобе епіскапа мінскага і тураўскага Міхаіла. Той тлумачыў, што новы касцёл нанясе “ущерб русскому делу”. Тым не менш дзяржаўная машына саступіла — дазвол далі.

Ці малявала Алена Вайніловіч праект касцёла?

Справа была “за малым” — патрэбныя грошы. Не было шчасця, дык няшчасце дапамагло: у сям’ю заможнага шляхціча Эдварда Вайніловіча і яго жонкі Алімпіі прыйшла бяда. Памерлі дзеці: 12-гадовы Сымон і без аднаго дня 19-гадовая Алена. Дыягназы характэрныя і, на жаль, фатальныя для таго часу: шкарлятына і запаленне лёгкіх. У памяць пра дзяцей Вайніловічы вырашылі фундаваць будаўніцтва касцёла.

Дамова была такая: Вайніловічы даюць грошы на сцены і дах, а на інтэр’еры скідваюцца вернікі. Сярод экскурсаводаў віруюць легенды, маўляў, праект касцёла незадоўга да смерці намалявала сама Алена Вайніловіч. Або, маўляў, дзве маленькія вежы сімвалізуюць памерлых дзяцей, а вялікая — сум і роспач бацькоў. Зразумела, што легенды паміж сабой “не клеяцца”: наўрад ці Алена малявала праект храму ў фармаце “маўзалея” для сябе і брата… Таму лепш працаваць з фактамі.

Неараманскі стыль — сімвал згоды і дыялогу

Неаспрэчны факт: храм збудаваны ў рэдкім для тагачаснай Расійскай імперыі неараманскім стылі. Выбар праекту быў свядомым рашэннем Вайніловіча: маўляў, большасць каталіцкіх храмаў будавалася тады ў неагатычным стылі і стварала моцны візуальны кантраст з праваслаўнымі. Каб прадухіліць падзел, быў абраны неараманскі стыль. Згадаем, што ў часы панавання раманскага стылю Усходняя царква яшчэ была ў еднасці з Рымам. Такім чынам, форма і абрысы касцёла — сімвал дыялогу і згоды паміж канфесіямі.

Архітэктар Тамаш Пайздэрскі выдатна выканаў сваю задачу, няхай нават “не свецячы” сваё імя. Рэч у тым, што Пайздэрскі паходзіў з Познані і быў грамадзянінам Германіі, і гэта стварала складанасці ў працы на тэрыторыі Расіі. Таму і працаваў, прыкрыўшыся іншым прозвішчам. Цікава, што цэгла, дахоўка і нават каменная аздоба былі прывезеныя з Польшчы. Сам храм урачыста адкрылі 21 лістапада 1910 года: будаўніцтва заняло менш часу, чым узгадненні з уладамі.

Польскі тэатр, кінастудыя і касцельныя метрыкі па-беларуску

Камуністы абышліся з касцёлам у адпаведным для сябе стылі: у 1923-м забралі ўсю рухомую маёмасць, ад абразоў з гадзіннікамі да бялізны і чарнільніцаў з плябаніі. Афіцыйна ж закрылі ў 1932-м, зрабіўшы ў будынку спачатку польскі тэатр, пазней — кінастудыю. Як мы бачым на перадваенных і ваенных здымках, на плошчы ля Дома ўрада яшчэ стаялі драўляныя хаты, шмат двух-трохпавярховых дамоў, таму да зносу касцёла справа і не дайшла: не паспелі.

У часы вайны немцы аднавілі набажэнствы ў Чырвоным касцёле. Інтэлігенты накшталт Антона Шукелойця вярталі туды ацалелыя творы мастацтва, якія захоўваліся ў савецкіх музеях. Легендарны ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі служыў у касцёле ажно да арышту і расстрэлу на Каляды 1942-га. Цікава, што за немцамі справаводства тут вялося па-беларуску — некалькі метрык, надрукаваных лацінкай і выдадзеных у Чырвоным касцёле, я сам пару гадоў таму трымаў у руках.

Пазняк, КДБ і вяртанне касцёла вернікам

Пасля вайны з касцёла чарговы раз знялі крыжы і ператварылі ў кінастудыю. Зрэшты, гэта быў не найгоршы варыянт: у 1960-я разглядаўся план зносу і пабудовы на месцы касцёла кінатэатра “Масква” (такі кінатэатр з’явіўся, але пазней і ў іншым месцы). Творчая інтэлігенцыя тады адстаяла будынак, быў знойдзены кампраміс: касцёл рэканструявалі пад Дом кіно, радыкальна не змяніўшы архітэктурных формаў. Дарэчы, ў Мінску тады не працаваў ужо аніводзін касцёл: вернікі ездзілі маліцца ў навакольныя вёскі або ў Вільню.

Ужо ў часы перабудовы, 19 кастрычніка 1988-га, у будынку прайшоў сход грамадскасці: стваралася таварыства памяці сталінскіх рэпрэсіяў “Мемарыял”. Тады ж Зянон Пазняк агучыў ідэю стварэння Аргкамітэта Беларускага Народнага Фронту. Цікава, што, паводле сведак, на сход прыйшлі дзясяткі людзей у шэрых касцюмах, прысланыя партыяй ці КДБ, каб перашкодзіць галасаванню. Тым не менш сарваць сход не атрымалася. Мабыць, пра тыя падзеі на мурах касцёла таксама некалі будзе памятная шыльда.

Урэшце, калі Савецкі Саюз ужо развальваўся на кавалкі, каталікі дамагліся вяртання святыні менавіта пад рэлігійныя патрэбы. Цягам 1989 года людзі маліліся ля сцен касцёла ў любое надвор’е, галадалі, хадзілі па кабінетах чыноўнікаў з крыжамі і ружанцамі… Дамагліся. У 1990-м, акурат 30 гадоў таму, касцёл аддалі каталіцкай грамадзе.

Алесь Кіркевіч, budzma.by


 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: