Да 130 годдзя Аскара Марыкса: «На тэатральных падмостках»

З 27-га лістапада ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры» пачынае працаваць выстава «На тэатральных падмостках» да 130-годдзя з дня нараджэння Марыкса Аскара Пятровіча.

Аскар Пятрович Марыкс — мастак тэатра, графік, педагог; адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага дэкаратыўнага мастацтва; народны мастак Беларусі.

Нарадзіўся 20 снежня 1890 года ва Львове, які ў той час уваходзіў у склад Аўстра-Венгрыі. Бацька Аскара Пятровіча, па нацыянальнасці славак, быў дваранскага саслоўя і служыў афіцэрам, вельмі рана загінуў на дуэлі. Маці — венгерка, ледзьве не баранэса, другі раз выйшла замуж, і сям’я пераехала ў Прагу. Айчым быў механікам і лічыў, што пасынак павінен займацца тым жа. Аскар Пятровіч думаў інакш: ён уцёк з дому, падпрацоўваў на малярных работах і паступіў ў Пражскі філіял Венскай акадэміі мастацтва. Скончыў яе па класе архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Далейшую адукацыю атрымліваў як вольны слухач платных мастацкіх студый Аўстра-Венгрыі, Польшчы і Расіі. У гэты ж перыяд актыўна працаваў у тэатрах і прымаў удзел у выстаўках.

З 1922 года Аскар Пятровіч цалкам прысвяціў сябе працы ў Беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1), дзе разам з Е. А. Міровічам прымаў самы актыўны ўдзел у стварэнні першага беларускага тэатра. З імем А. П. Марыкса звязана заснаванне ў Беларусі прафесійнай школы сцэнічнага афармлення.

Найбольш значныя работы ў БДТ-1: “Раскіданае гняздо” Я. Купалы, “Кастусь Каліноўскі” Е. Міровіча, “Салавей” З. Бядулі, “Мешчанін у дваранах” Мальера, “Капітанская дачка” А. Пушкіна, “Ваўкі і авечкі” А. Астроўскага і іншыя.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям’я Марыксаў, спісаўшыся з Віцебскім драмтэатрам, пераехала ва Уральск. Там Аскар Пятровіч працаваў галоўным мастаком у Другім беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-2), аформіў спектаклі “Чалавек з ружжом” М. Пагодзіна, “Здані” Г. Ібсена, “Асада млына” Э. Заля, “Забаўны выпадак” К. Гальдоні, “Фронт” А. Карнейчука, “Ягор Булычоў і іншыя” М. Горкага і іншыя.

З 1949 года Аскар Пятровіч займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, ён працаваў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

А. П. Марыкс афармляў спектаклі не толькі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, але і Беларускага тэатра юнага гледача, Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага, Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, Пінскага і Бабруйскага тэатраў і многіх іншых тэатраў Беларусі і замежжа.

Дэкарацыі А. П. Марыкса вызначаліся вобразнасцю, глыбокім веданнем і адчуваннем эпохі, стылявой своеасаблівасцю, кампазіцыйнай выразнасцю.

На выставе прадстаўлены работы А. П. Марыкса, сярод якіх – малавядомыя эскізы, якія былі перададзены ў фонды музея з Беларускага саюза мастакаў, а таксама асабістыя рэчы мастака – такія, як журнальны столік і шахматы.

Выстава працуе з 27.11.2020 па 05.01.2021.

Прэс-рэліз


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: