Да Дня горада ў Мінску ўсталююць скульптуру па матывах Пушкіна

Да Дня горада на скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Адоеўскага з'явіцца скульптурная кампазіцыя па матывах твора расійскага пісьменніка.
Аўтарамі ідэі ўстаноўкі памятнага знака з'яўляюцца спявак і бізнесмен Сяргей Наско і скульптар Алег Дземідовіч.

Яны прыйшлі з гэтай прапановай да кіраўніка Фрунзенскага раёна Арцёма Цурана, які яе падтрымаў. Матэрыял закупілі на грошы спонсараў, а скульптуру зрабілі на прадпрыемстве Сяргея Наско. Да 6 верасня кампазіцыю павінны ўсталяваць, а пакуль што ёсць толькі яе паменшаная копія з пластыліну.

Кампазіцыя будзе ўяўляць сабой барэльеф з ліццёвага мармуру, пафарбаванага пад бронзу, на якім намаляваныя героі ўрыўка «У Лукамор'я дуб зялёны». Вышынёй барэльеф 1,6 метра, шырынёй — 1,4. Ён будзе накладзены на распілаваны камень.

Сяргей Наско кажа, што на вытворчасці скульптуры ён нічога не зарабляе, а проста хоча зрабіць падарунак раёну, у якім жыве.

— Крыўдна, што на праспекце Пушкіна няма нічога, звязанага з Пушкіным. Да таго ж цяпер шмат дзяцей, якія не ведаюць, што такое хатка на курыных ножках. Хацелася б, каб бацькі змаглі падысці сюды і расказаць пра гэта дзецям. Каб патлумачылі: Аляксандра Сяргеевіча можна і пачытаць.

Пасля ўстаноўкі скульптуру перададуць на баланс раённаму «Зелянбуду», які уладкуе прылеглую да яе пляцоўку. Тут будуць новыя дарожкі, лаўкі і ўрны.

Адзначым, што сам Аляксандр Пушкін ніколі ў Мінску не быў, у той час як у яго гонар тут названы праспект, станцыя метро, бібліятэка, а таксама стаіць помнік.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: