«Найгоршыя кашмары родам з дзяцінства»

Рукі маньяка, адбітак твару ў лужыне крыві, карлікі-пачвары і дзеці-забойцы, шымпанзэ з лязом і лялькі, што атакуюць, сабака-павадыр, які разрывае горла сляпому, дзяўчынкі-самнамбулы і спірытка, пасечаная мясніцкім нажом, — гэтымі шокавымі вобразамі дзеліцца з гледачамі Дарыё Арджэнта, жывы класік страшнага кіно.

Італьянскі майстар кінабарочнага гвалту нарадзіўся ў 1940 годзе ў сям’і кінапрадзюсера і мадэлькі. Папрацаваўшы як кінакрытык і сцэнарыст (творца напісаў асобныя сцэны для фільму «Аднойчы на Дзікім Захадзе»), ён дэбютаваў у 1970 годзе як рэжысёр карцінай «Птушка з крышталёвымі крыламі». Стужка адразу займела поспех і разам з карцінамі «Кот з дзевяццю хвастамі» і «Чатыры мухі на шэрым аксаміце» склала «жывёльную трылогію», дзе дэтэктыўны сюжэт зухавата расквечваўся адсылкамі да свету фаўны.

Аслупянелыя савецкія крытыкі прыводзілі гэтыя фільмы як узорныя прыклады буржуазнага гніення. Асабліва камуністычных кінаідэолагаў абуралі выкшталцоныя сцэны гвалту і сюжэты, нанізаныя на дзіцячыя песенькі, малюнкі і сны.

Але фільмы Арджэнта — гэта класіка жанру giallo. Gialli (ад італьянскага «жоўты» — такія былі вокладкі крымінальных раманаў) — альбо крывава-жоўтыя фільмы — гэта італьянскія дэтэктывы, візуальна перанасычаныя, шыкоўныя, алагічныя, дзе сюжэт падпарадкоўваецца трызненням, а сцэны забойстваў пастаўленыя як самадастатковае відовішча.

У крывава-жоўтых фільмах дзейнічае «чалавек без твару» — маньяк у скураных пальчатках, цёмным плашчы і насунутым на вочы капелюшы. Ён невядома адкуль прыходзіць і невядома куды знікае, нярэдка гэта жанчына. І нярэдка ахвяра сама з’яўляецца катам. Чалавека без твару ўвёў у італьянскае кіно Марыё Бава, а ягоны сябар Дарыё Арджэнта зрабіў гэтага персанажа зусім інфернальным (стужка Арджэнта «Інфэрна» стала ўваходзіць у спісы лепшых хорараў).

Кадр з фільма "Мізагенія"

Калі амерыканская традыцыя страшнага рацыянальная: там пануюць ветліва-падкалодныя вампіры і ціхмяныя шызафрэнікі, то традыцыя італьянская — ірацыянальная, візуальная, оперная, вусцішная, як позірк Медузы Гаргоны. Гледачоў атакуюць не тэхаскія дзікуны з пілою, а сама культура: карціны ажываюць (фільм Арджэнта «Сіндром Стэндаля»), класічная архітэктура стаецца дэкарацыяй для самых страшных начных кашмараў (яго ж «Суспірыя»). Культура — гэта цёмны лес для зляканага дзіцяці.

Кадр з фільма «Суспірыя»

Фільмы Арджэнта — гэта немагчымы позірк на немагчымае. Аўтакатастрофа здымаецца з хуткасцю 36 тысяч кадраў за секунду, куля пралятае праз дзверы (выкарыстоўвалася камера-эндаскоп), лязо прабівае сківіцу, і кончык ягоны тырчыць з рота, нож паўтыкаецца ў адкрытае сэрца, што б’ецца.

У фільме «Опера» маньяк ставіць на павекі гераіні іголкі, каб мы безупынна глядзелі, як ён забівае. Гераіня, разам з гледачамі, мусіць сысці ў кашмарны свет, адкуль няма вяртання.

У фільмах Арджэнта парадаксальна выкарыстоўвае оперную і рок-музыку. Урачыста-жорсткія мелодыі ён удала прасоўваў і як прадзюсер. Між іншым, Арджэнта фінансаваў стужку «Дэманы» Ламбэрта Бава (сына Марыё Бава) — і «Досвіткі мёртвых» Джорджа Рамэра (яшчэ адзін класік хорар-фільмаў).

Нельга сказаць, што цэнзура была ў захапленні ад стужак італьянскага майстра. Фільмы рэзаліся і скарачаліся. Абураны Арджэнта нават аднойчы расказаў журналістам адпаведны сюжэт: глядач помсціць, што цэнзары парэзалі любімы фільм ягонай памерлай жонкі — і жорстка забівае кожнага ўдзельніка цэнзурнага камітэту.

Але ў 1990-я гады творы Арджэнта былі кананізаваныя. Выйшла колькі кніг пра творы майстра.

Пад канец гэтага лістапада Арджэнта прыехаў на кінафэст у Лодзі — і прадставіў там свае класічныя фільмы: «Птушку з крышталёвымі крыламі», «Крывава-чырвонае», «Суспірыю» і «Феномены». На апошнім спатканні фэсту пашэнціла трапіць і аўтару гэтых радкоў.

Адзін з лодзкіх кінакрытыкаў параўнаў: спатканне з Арджэнта для аматараў хорару — гэта ўсё адно, што для каталіка спатканне з Папам. І сарваў апладысменты залі.

Дарыё Арджэнта расказаў пра здымкі «Феноменаў». (У гэтай стужцы дзяўчынка мае тэлепатычны кантакт з інсектамі, якія дапамагаюць знайсці забойцу).

Фільм ствараўся ў Швейцарыі, а для здымкаў патрабавалася шмат мух. Машыну з інсектамі затрымалі на швейцарскай мяжы — і катэгарычна не хацелі пускаць у краіну, нягледзячы на ўсе дакументы. Тады ўрэшце ўмяшалася амбасада, каб развязаць гэтую праблему, — і мухі на здымачную пляцоўку ўсё ж такі трапілі.

Пасля здымак, якія скончыліся ў лістападзе, Арджэнта вырашыў мух выпусціць. «І вось пайшлі мы ў шынок, — расказвае рэжысёр, — там было горача, а ўся жырандоля была аблепленая мухамі». Гаспадар шынка ўвесь час лямантаваў, што гэта, відаць, канец свету, і штосьці дзеецца непапраўнае, а «мы сядзелі моўчкі, быццам гэта нас і не тычыцца».

Дарыё Арджэнта


На просьбу залі Арджэнта даў параду рэжысёрам:

«Калі казаць пра параду для кінематаграфістаў, якія здымаюць фільмы жахаў, то сістэма такая. Кіно ёсць кіно. Падыход, які прапаную, можна прымяніць да любога фільму: проста кіно вывучаць, аглядаць, у пэўным сэнсе прыняць і пераварыць, і толькі калі ў вялікай колькасці кіно ўвойдзе — тады выпусціць сваё бачанне і проста зрабіць фільм».

Чаго баіцца Дарыё Арджэнта?

«Маю столькі страхаў, што не ведаю, ад якога пачаць — і які вылучыць».

Чаму ў фільмах Арджэнта дзяцінства знітаванае з кашмарам?

«Здаецца, гэта таму, што найгоршыя кашмары, найгоршыя страхі родам з дзяцінства. Калі ўявім сабе сітуацыю маленькага дзіцяці ў ложку, ёсць цемра — і тады першасныя, глыбокія і самыя арыгінальныя кашмары нам сняцца, тады мы іх адчуваем. І яны, гэтыя кашмары, не звязаныя з чымсьці вонкавым, напрыклад, з тым, што друкуецца ў газетах. Таму гэта мяне так захапляе — гэтыя глыбокія страхі.

Таксама лічу, што дзеці — найлепшыя гледачы маіх фільмаў».

Дарослыя гледачы зладзілі авацыю.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Васіль Дранько-Майсюк
  • 2017-12-10 00:55:26
Цудоўны артыкул! Дзякуй, Андрэй!

Больш цікавага на «Новым Часе»: