Давайце святкаваць угодкі Слуцкага збройнага чыну як Каляды

Гадавіну Слуцкага паўстання адзначаюць 27 лістапада, калі ў 1920 годзе пачаліся баі з чырвонаармейцамі. Між тым, ёсць іншыя даты, якія дазваляюць «расцягнуць» ушанаванне паўстанцаў на пэўны перыяд.


 

Фота Уладзіміра Ляшкевіча


14–15 лістапада адбыўся Першы беларускі з’езд Случчыны, на якім была абраная Беларуская Рада, і ёй даручана рыхтаваць узброены супраціў Чырвонай арміі. 21 лістапада 1920 года Беларуская рада Случчыны выдала дэкларацыю, у якой заклікала сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах». Таму святкаваць можна 2 тыдні, з 14 лістапада да 27-га, і потым яшчэ згадваць да 31 снежня, калі апошні жаўнер перайшоў савецка-польскую мяжу і быў раззброены палякамі.

Пасля 27 лістапада слуцкія жаўнеры гінулі, часам цэлымі аддзеламі, як пад мястэчкам Вызна, цярпелі ад недахопу зброі, правіянту, эпідэміі тыфу… Перыяд супадае з постам і ў праваслаўнай, і ў каталіцкай традыцыі. Гэта час падумаць пра вечнае і пра ўласную душу… Чаму б ні падумаць яшчэ і пра продкаў, што паклалі сваё жыццё за Беларусь?


Будынак, дзе прайшоў Першы беларускі з’езд Слуцка і Случчыны 14–15 лістапада 1920 г. Цяпер тут краязнаўчы музей, зачынены на рамонт. Фота Алены Ляшкевіч. 2013 г.


Прадстаўнікі «Беларускага гістарычнага таварыства» Алесь Краўцэвіч і Алег Латышонак, а таксама кіраўнік «Беларускай Нацыянальнай Памяці» Анатоль Міхнавец заклікаюць беларусаў ушанаваць памяць слуцкіх паўстанцаў, запаліўшы 27 лістапада ў іх гонар знічкі ў вокнах. Файная ініцыятыва! А я б заклікала запальваць ад 14 лістапада і да 31 снежня. На першы погляд, такі «расцягнуты сум» неспалучальны з навагоднімі гірляндамі, але ўшанаванне продкаў на святы — істотная частка беларускай традыцыі.

Каб не абмяжоўваць ушанаванне Слуцкага паўстання толькі знічкамі, можна пачытаць вечарамі ў сямейным ці сяброўскім коле творы яго ўдзельніка Алеся Змагара (вершы ці прозу, каму што бліжэй), «Нічые» Андрэя Федарэнкі ці «На чорных лядах» Васіля Быкава, прысвечаныя тым падзеям. Для аматараў дакументальнай прозы — успаміны ўдзельнікаў паўстання, нарыс Анатоля Грыцкевіча і зборнік «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах». Можна аднавіць песні, што спявалі паўстанцы ці паглядзець, як інтэрпрэтуюць тыя падзеі сучасныя музыкі.


Не забудзьма слуцкіх паўстанцаў!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Пятро Касьнерык
  • 2016-11-23 20:05:44
Алена Ляшкевіч--"А я б ЗАКЛІКАЛА запальваць ад 14 лістапада і да 31 снежня
...можна пачытаць вечарамі ў сямейным ці сяброўскім коле..."
+++++
Шаноўная заклікальшчыца!
а мо ўжэ пара заняцца справай за якую змагаліся сяляне слутчыны?!
За Зямлю і Волю!
гэта занчыць збавіцца ад калгасаў.


.«Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах-.
...Беларускія эсэры, узначаліўшы паўстаньне апынуліся перад пытань- нем — што рабіць далей. Дапамога ад Найвышэйшае рады БНР абмежавалася нязначнаю фінансаваю дапамогай і дэлегаваньнем некалькіх афіцэраў…
… ЛІКВІДАЦЫЯ збройнага чыну была ўспрынята кіраўніцтвам Найвышэйшае рады БНР і Беларускае рады Случчыны з палёгкай. Галоўнаю прычынай хуткага падаўленьня сялянскага супраціву была адсутнасьць сур’ёзнае палітычнай арганізацыі, якая б магла згуртаваць адасобленыя ачагі антыбальшавіцкага супраціву пад сьцягам нацыянальнае незалежнасьці”

Больш цікавага на «Новым Часе»: