Дажынкі з «Амерыканкай»: выходзіць перавыданне «Бойні №5» Курта Вонегута

Незалежная кніжная серыя «Амерыканка» аб'яднала творы культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Перакладчыкі бясплатна пераклалі ўлюбёныя творы, бо хочуць папулярызаваць важныя для сябе ідэі на сваёй мове

Кніжная серыя «Амерыканка», якая запомнілася чытачу не толькі яскравымі выданнямі амерыканскіх кніг па-беларуску, але і пазітыўнымі краўдфандыг-кампаніямі, распачала чарговы збор сродкаў   ulej.by. Новая кампанія пад іранічнай назвай «Дажынкі з “Амерыканкай”» мае на мэце «сабраць ураджай» у 1000 рублёў на выплату аўтарскіх правоў за перавыданне культавай кнігі Курта Вонэгута «Бойня 5, або Крыжовы паход дзетак».

Курт Вонэгут быў адным з сямі амерыканскіх ваеннапалонных, якія перажылі бамбардаванне Дрэздэна авіяцыяй саюзнікаў у лютым 1945 года. Ён і яго таварышы ацалелі, бо схаваліся ў сутарэнні разніцы. Праз чвэрць стагоддзя пісьменнік увасобіў гэты досвед у адным з найважнейшых твораў сусветнай літаратуры ХХ стагоддзя. Пераклад Паўла Касцюкевіча, які выйшаў друкам у 2010 годзе, добра вядомы і любімы даўнімі аматарамі беларускай літаратуры. Цяпер ён выходзіць у абноўленым выглядзе.

«Ад моманту першага выдання прайшло амаль 10 гадоў. Як выявілася, гэта дастатковы час, каб у беларускамоўнай кнігі з’явіліся абсалютна новыя чытачы. Прынамсі, падчас мінулай краўдфандынгавай кампаніі мы мелі дастаткова перадзамоваў на Вонэгута, — тлумачыць рэдактарка серыі Марыя Мартысевіч. — З самага пачатку пераклад “Бойні 5” ствараўся для “Амерыканкі”, але заснаваць серыю ў 2010 годзе было тэхнічна немагчыма. Цяпер мы перавыдаём Вонэгута ў стылі «Амерыканкі»: з новай вокладкай, якую прыдумала дызайнерка Валерыя Шкляр, і ў нашым ужо фірмовым кішэнным фармаце. Тэкст перакладу таксама будзе абноўлены, але зусім нязначна».

«Амерыканскія дажынкі» зробяцца своеасаблівай «зайцу радасцю перад халоднаю зімой». Усе кнігі серыі (апроч раману Кена Кізі, наклад якога даўно разышоўся), можна будзе перадзамовіць па коштах, ніжэйшых за крамныя. А таксама гэта апошняя магчымасць займець клубную картку «Амерыканкі», якая гарантуе бонусы і зніжкі ў наступныя гады існавання серыі.

«На 2020 і 2021 гады запланаваныя прынамсі чатыры новыя кнігі, — кажа Марыя Мартысевіч. — Дзве пазіцыі пакуль не варта агучваць, бо няма канчатковай дамоўленасці пра аўтарскія правы. А вось яшчэ на дзве кнігі капірайты ўжо не патрабуюцца. Гэта зборнік апавяданняў О’Генры, над якім працуе адразу шэраг перакладчыкаў, і “Вялікі Гэтсбі” Фрэнсіса Скота Фіцджэралда, працу над якім завяршае Сяргей Матырка».

У кампаніі «Дажынкі з “Амерыканкай”» ёсць два партнёрскія лоты. З дапамогай Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі мецэнаты змогуць перадаць камплект кніг серыі ў бібліятэкі краіны, якія не маюць магчымасці самі закупаць кнігі. А моўная школа EN Discovery прадстаўляе сертыфікат на адну сустрэчу ў размоўным клубе для ўсіх новых чытачоў Курта Вонэгута.

Падтрымаць перавыданне «Бойні №5» можна праз краўдфандынгавую платформу ulej.by.

Незалежная кніжная серыя «Амерыканка» аб'яднала творы культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Перакладчыкі бясплатна пераклалі ўлюбёныя творы, бо хочуць папулярызаваць важныя для сябе ідэі на сваёй мове. Раней у серыі выйшлі наступныя кнігі:

·        Кен Кізі. «Палёт над гняздом зязюлі». Пераклад з англійскай Аляксея Знаткевіча. Выданне падтрымаў мецэнат Ігар Жабароўскі, кіраўнік праектаў «Инфоурок» і «Инфолагерь». Кніга трапіла ў кароткі спіс Прэміі імені Карласа Шэрмана за 2017 год.

·        Чак Паланюк. «Байцоўскі клуб». Пераклад з англійскай Сяржа Мядзведзева. Перакладчык атрымаў прэмію «Дэбют» у намінацыі «Пераклад» яшчэ ў 2013 годзе. Праз 5 гадоў выданне прычакала накладу.

·        Чарлз Букоўскі. «Чытво». Пераклад з англійскай Ігара Кулікова. Выданне падтрымаў мецэнат Міхась Баўдзей. Кніга трапіла ў кароткі спіс Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшае афармленне кнігі (аўтар вокладкі – Анатоль Лазар) і ў доўгі спіс Прэміі імені Карласа Шэрмана за 2018 год у намінацыі «Проза».

·        Маргарэт Этвуд. «Пенелапіяда». Пераклад з англійскай Вольгі Калацкай і Марыі Мартысевіч. Выданне падтрымала Беларуска-амерыканскае задзіночанне Вашынгтона (BAZA-DC).

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!