«Добрага роду – п’ю гарэлачку як воду»: выйшла ўнікальная кніга-CD з беларускімі бяседнымі песнямі

Першая прэзентацыя кнігі-CD «Бяседныя песні» праекта «Tradycyja» прайшла 15 верасня з сапраўдным застоллем, спевамі і традыцыйнымі стравамі на фестывалі «Rajok». Але неўзабаве адбудзецца ўнікальная падзея, дзе кожны зможа не толькі бліжэй пазнаёміцца з выданнем, але і паўдзельнічаць у супольных спевах.


Усе кампазіцыі кнігі-CD «Бяседныя песні» выдадзены ўпершыню.

– Мы імкнемся паказаць, што ў беларусаў ёсць магутная традыцыя спеваў. Наш праект – гэта яшчэ адзін доказ. Запісы на дыску «Бяседныя песні» складаюцца з дзьвюх частак. Першая – песні і найгрышы з Архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, сабраныя ў экспедыцыях пачынаючы з 1960-х. Другая частка – студыйныя запісы Таццяны Песнякевіч, запісаныя пераважна ў студыі Дома радыё ў Мінску. Усе тэксты песень можа вывучыць і спяваць кожны. «Бяседныя песні» – ужо трэці дыск серыі. Першы называўся «Мужчынская традыцыя спеваў». Другі – «Музыка Полаччыны», – распавядае музыкант, стваральнік і арганізатар «Спеўных сходаў», кіраўнік праекта «Tradycyja» Сяргей Доўгушаў.

Выданне зроблена ў выглядзе кніжкі з вышыўкай на вокладцы і багата ілюстравана старымі фотаздымкамі. Усяго рэліз складаецца з 34 кампазіцый: 18 у першай частцы, 14 у другой і два бонус-трэка. У выданні змешчана даведка аб песеннай традыцыі беларусаў, інфармацыя аб усіх запісах, фотаздымкі з сямейных архіваў выканаўцаў. Усе звесткі перакладзены таксама на англійскую мову.


Спевы суправаджалі нашых продкаў ад нараджэння да смерці. Бяседныя песні спявалі ў святочныя моманты, калі ў застоллі збіраліся сям’я, суседзі і знаёмыя. Іх рэгіянальныя назвы – застольныя, гасцявыя, п’яніцкія, карчомныя, банкетовыя, пірушачныя, кірмашовыя. Пра бяседныя песні казалі: «Як толькі адну чарачку вып’ю і ўсё, пашло – вы сядзіце, а я буду песні пяяць».

Бяседныя песні выконвалі на застоллі ў гонар нараджэння дзіцяці і ўслаўлялі гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, добры пачастунак. У песнях «пад чарачку» апавядалі пра сямейныя ўзаеміны: жыццё ў няроднай сям’і, адносіны з мужам, свёкрам ды свякроўю, смутак па роднаму дому.

«Спявалі пра развітанне з бесклапотным жыццём, велічалі маладых, жартавалі з дружыны жаніха і нявесты на вясельным застоллі. У час кірмашоў і фэстаў, куды з’язджаліся сваякі і знаёмыя, спявалі кірмашовыя песні», – тлумачыць укладальніца «Бяседных песень» Яніна Грыневіч.

Большасць застольных твораў былі не абрадавымі, а «жызненнымі». У іх распавядалі пра жаночую долю, няспраўджаныя надзеі, нялюбага мужа: «Я ж думала, што сакол леціць, аж нелюбы й уздагон бежыць», нявернасць ды сацыяльную няроўнасць. Вясёлыя, гумарыстычныя творы суседнічаюць з сумнымі, задуменнымі.

Прэзентацыя кнігі-CD «Бяседныя песні» і Палескі Спеўны сход пройдзе 21 кастрычніка а 19.00 у Галерэі TUT.BY (пр-т.Дзяржынскага, 57. 9 паверх).

У імпрэзе прымуць удзел унікальныя калектывы з Драгічынскага, Любанскага, Столінскага раёнаў. Адбудуцца майстар-класы, супольныя спевы, канцэрт і прэзентацыя кнігі.


Імпрэза будзе складацца з 2-х частак:
1.Сустрэча з галоўнымі гасцямі: палескі гурт «Каляжанкі»(Столінскі р-н) і дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі (Драгічынскі раён). Расповеды, канцэрт і «Палескі спеўны сход»
2.Прэзентацыя кнігі – CD «Бяседныя песні»
Сустрэча з аўтарамі і ўкладальнікамі, вядомымі этнографамі і навукоўцамі. Выступ калектыву з Любаншчыны.

Уваход вольны!
Абавязкова рэгістрацыя

Дадатковая інфармацыя: 





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!