«Дора, альбо сэксуальныя неўрозы нашых бацькоў». Пра сэкс? Пра талерантнасць

Незалежны тэатральны праект HomoCosmos існуе ўжо тры гады і з кожным спектаклем выпрабоўвае гледачоў на талерантнасць і адкрытасць да абмеркавання ў публічнай прасторы такіх табуіраваных тэм, як цялеснасць і сэксуальнасць.

11 лютага адбыўся адзін з прэм’ерных паказаў новай пастаноўкі HomoCosmos «Дора, альбо сэксуальныя неўрозы нашых бацькоў» па п’есе Лукаса Берфуса. У цэнтры яе ўвагі — сэксуальнасць людзей з ментальнымі асаблівасцямі і права на яе рэалізацыю.

П’еса Берфуса, аднаго з самых значных сучасных нямецкамоўных драматургаў, распавядае пра дзяўчынку Дору, якая пакутуе на невядомае захворванне (аўтар не агучвае дыягназ). Большую частку жыцця яе трымаюць на таблетках, але ў пэўны момант бацькі вырашаюць адмяніць медыкаменты, і Дора паступова выходзіць з аўтычнага стану, пачынае адкрываць свет, выяўляць свае ўласныя жаданні, у тым ліку сэксуальныя.

Дзяўчына не засвоіла ўласцівую грамадству плоцевую мараль, таму ўспрымае сэксуальнасць і яе праявы як штосьці натуральнае, а не бруднае, чаго варта саромецца. Атачэнне Доры такую адкрытасць і гэты бок дзяўчыны прыняць не гатова, хоць прыватнае жыццё, напрыклад, яе бацькоў таксама не адпавядае грамадскім уяўленням аб сэксуальнай нарматыўнасці. Розніца толькі ў тым, што дарослыя, у адрозненне ад Доры, прыстойна маўчаць пра гэта.

Рэжысёрам «Доры» выступіў Віталь Дудзін, вядомы кінаманам па стужках «Прощальные гастроли», «Удивительные приключения Дениса Кораблева» и «Под небом голубым...», а тэатралам — па спектаклі «Адэль» (доўгі час ён ішоў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі). Калі разглядаць «Дору» як спробу прыцягнуць увагу шырокіх колаў гледачоў да пэўнай праблемы і пры гэтым нікога не шакіраваць, то выкарыстаную Віталем Дудзіным тэатральную мову можна назваць апраўданай. Рэжысёр вельмі далікатна абышоўся з тэкстам Берфуса, асабліва не згладжваў вострыя моманты, але і не акцэнтаваў іх. Нягледзячы на адкрытасць тэмы, у спектаклі няма нічога натуралістычнага як няма і складаных метафар.

Магчыма, на ролю адзінага сапраўды вобразнага элемента можа прэтэндаваць сцэнаграфія Андрэя Жыгура. Пластычная ружовая канструкцыя нагадвае нейронную сетку і ўспрымаецца псіхікай, унутраным светам Доры, у якім спачатку ўзнікае сэкс, а потым і каханне. «Дора» — гэта прыклад псіхалагічнага тэатра, дзе ў патрэбныя моманты, каб стварыць настрой, перадаць эмоцыю, змяняецца святло ці гучыць музыка, а абраная ступень умоўнасці быццам бы ўраўнаважвае нязвыклую праблематыку. Спектакль, здаецца, не абразіць нават прыхільнікаў таго самага, міфічнага «традыцыйнага» тэатра. Хіба толькі нехта яшчэ чырванее, калі чуе са сцэны слова «тра..цца».

Рэжысёр, перш за ўсё, распавядае канкрэтную гісторыю дзяўчыны, што «...на волосок в параллель с нашим миром и все же непреодолимо отделенная от него...», і робіць гэта з моцным меладраматычным адценнем. На жаль, інтымная і шчырая інтанацыя, якая ўзнікае, напрыклад, у сцэнах паміж Дорай (Алена Барсукова) і яе каханкам-аб’юзэрам (Яўген Іўковіч) на вялікай сцэне Палаца культуры прафсаюзаў часам губляецца (фармат пастаноўкі, дакладна, камерны). Тым больш шкада, што гэтыя сцэны — самыя лепшыя ў спектаклі.

Акрамя ўласна праблематыкі, якая з’яўляецца асноўнай каштоўнасцю пастаноўкі, у «Доры» звяртае на сябе ўвагу работа Алены Барсуковай, выканальніцы галоўнай ролі. У анатацыі спектакля сцвярджаецца: стваральнікі ўтрымліваюцца ад любых меркаванняў адносна закранутых у ім тэм. Але вобраз Доры ў Алены Барсуковай атрымаўся настолькі прывабным, што міжволі ўсе сімпатыі апынаюцца на баку яе гераіні. Актрыса ў сваім выкананні спалучае і аўтычнасць чалавека, які існаваў у медыкаментозным дурмане, і дзіцячую непасрэднасць, радасць адкрыцця новага, знаходзіць меру, што дазваляе не ператварыць Дору ў абразлівую карыкатуру на чалавека з ментальнымі асаблівасцямі. Гераіні Барсуковай спачуваеш, ёй сімпатызуеш.

Магчыма, гэта некалькі спрашчае і вобраз, і ўвогуле ідэю п’есы, але выклікае эмпатыю да чалавека з асаблівасцямі, прымушае ўспрымаць яго пачуцці, жаданні не толькі як існыя, але і роўныя сваім уласным. Словы і ўчынкі Доры падаюцца вынікам наіўнасці, неадаптаванасці да жыцця, у рэшце рэшт, несапсаванасці, у адрозненне ад яе атачэння. Віталь Дудзін перад прэм’ерай распавёў у інтэрв’ю часопісу «Імёны», што для яго п’еса Берфуса — «гэта гісторыя аб двайной маралі нашага грамадства». І Дора ў спектаклі выглядае безумоўнай ахвярай двайных стандартаў і людзей, якія па іх жывуць: бацькоў, псіхатэрапеўта, шэфа, каханка.

У «Доры, альбо сэксуальных неўрозах нашых бацькоў» гаворка ідзе нібыта пра сэксуальнасць, але з гэтай тэмай злучаецца яшчэ шэраг сур’ёзных праблем: адаптацыі людзей з асаблівымі патрэбамі ў грамадстве, негатоўнасці нават самых блізкіх прыняць іх, медыцынскай этыкі, дваістасці маралі, хісткасці паняцця «нармальнасць». Ці патрэбна ўзнімаць і абмяркоўваць гэтыя праблемы ў нашым грамадстве? Дакладна. Ці патрэбны такі спектакль гледачам? Мяркуючы па тым, што з запоўненай на паказе 11 лютага залы Палаца культуры прафсаюзаў сышлі толькі адзінкі, — таксама.

Фота Анжалікі Грэковіч


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!