Другі беларускі фільм аб’явіў байкот кінафестывалю «Лістапад»

31 кастрычніка беларускія рэжысёры Кірыл Галіцкі і Святлана Казлоўская аб’явілі, што здымаюць свой кароткаметржны ігравы фільм «Пляж/Лес/Тамбур» з Нацыянальнага конкурсу кінафестывалю «Лістапад».
Кадр з фільма “Пляж/Лес/Тамбур”

Кадр з фільма “Пляж/Лес/Тамбур”

Такім чынам аўтары пратэстуюць супраць дзеянняў Мінкульта, які з гэтага года абірае беларускія стужкі на Нацыянальны конкурс, адхіліўшы ад працэсу дырэкцыю кінафестывалю.

Адразу пасля таго, як стала вядома, што Мінкульт «прыбраў да рук» Нацынальны конкурс «Лістапада», сярод кінасупольнасці пачалі гучаць заклікі да аўтараў байкатаваць фестываль. Маўляў, такім чынам Мінкульт зразумее, што «не варта лезці не ў свае справы». 23 кастрычніка з заявай пра байкот выступілі рэжысёры Ева-Кацярына Махава і Дзяніс Пуцікаў, фільм якіх быў заяўлены ў праграме Нацыянальнага конкурсу пасля адбору камісіяй Мінкульта на чале з Ірынай Дрыгай.

Чытайце таксама: «Вядомы кінакрытык выступіў супраць цэнзуры»

Надоечы з’явіўся ліст гільдыі беларускіх прадзюсараў і кінавытворцаў. У ім гаворыцца, што дзеянні Мінкульта «ставяць пад пагрозу міжнародную рэпутацыю фестывалю». Гільдыя нагадвае, што ў свеце больш чым 2000 кінафорумаў, і толькі 52 з іх маюць акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў, у тым ліку і «Лістапад». Дзякуючы акрэдытацыі, беларускі глядач мае магчымасць глядзець актуальнае сусветнае кіно, а гасцямі фестывалю становяцца эксперты высокага ўзроўню. Гільдыя рыхтуе ліст у FIAPF з просьбай даць ацэнку дзеянням Мінкульта, як заснавальнікаў кінафестывалю.

Маша Калеснікава, Еўрарадыё

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-10-31 14:08:46
Байкот рэальна меў бы сэнс, калі б рэжысёры-прадзюсеры загадзя дамовіліся б міжсобку і БОЛЬШАСЦЬ фільмаў была знятая з паказу. Іначай... можа быць як перад рэферэндумам 1996 г., калі прэм'ер-міністр Чыгір сышоў, міністр працы Сасноў сышоў, а ўрад застаўся і працаваў, як быццам нічога і не здарылася.
Магчыма, зараз для кінадзеячаў больш эфектыўным быў бы такі варыянт: не байкатаваць фестываль, а з фестывальнай сцэны, на шырокую публіку заявіць свой пратэст... Але мяне ніхто не пытаўся, вядома ж ;)