Дуда ў Беларусі — больш, чым дуда

У мінскай кавярні «Грай» 28 лістапада прайшла чарговая танцавальная вечарына Дударскага клуба. Акрамя музыкаў, што часта граюць, выступіла студыя «Варгін». Глядзіце прыгожыя фота і чытайце, чаму дуда — гэта не проста музычны інструмент.
Сучасная гарадская традыцыя грання на дудзе мае толькі ўскосную пераемнасць ад вясковых музыкаў. Вядома некалькі старых аўдыазапісаў, а паграць з жывымі патомнымі дударамі нікому з сучасных музыкаў не давялося. Адраджэнне беларускага дударства адбывалася без сувязі з жывой вясковай культурай, як чыста гарадская з’ява.

1970-я: дуда як артэфакт

Судзячы па публікацыях даследчыка Аляксандра Сурбы, у 70-х гадох мінулага стагоддзя дуды разглядаліся беларускімі майстрамі ў першую чаргу як матэрыяльныя артэфакты, была цікавасць «зраблю ці не зраблю», аб актыўным выкарыстанні інструмента ў публічнай прасторы гаворкі не ішло. Працавалі толькі асобныя майстры па вырабе дуд (І. Лычкоўскі, В. Жукоўскі). У 1970-х, у адрозненні ад Грузіі, Расіі, краін Балтыі, нефармальнага фальклорнага руху, гуртоў па-за афіцыйнымі ўстановамі культуры, у Беларусі яшчэ не было. Фольк быў папулярны ў сваім «афіцыйным», «прычасаным» ці стылізаваным выглядзе.

1980-я: дуда як мастацкі праект

Пра больш-менш масавы фальклорны рух у беларускіх гарадах можна, мабыць, казаць толькі з 1980-х гг. Тады пачала весці спеўныя заняткі студэнтка Кансерваторыі Ларыса Сімаковіч, а на Каляды 1982-га, як піша Сяргей Дубавец, «выбухнуў цуд беларускай Майстроўні» — гарадская моладзь перанесла вясковы абрад у новыя рэаліі. Пазней да фальклору звяртаюцца таксама моладзевыя арганізацыі «Талака» і «Тутэйшыя». Мала хто з іх сяброў захапіўся традыцыйнай культурай глыбока і надоўга, многія сышлі ў палітыку. Тыя, хто застаўся, неўзабаве заснавалі уласныя грамадскія арганізацыі альбо праекты ў сферы фольк-музыкі, народных рамёстваў.


Тады майстры Уладзімір Пузыня, Уладзімір Гром, Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч, Алесь Жура, Віктар Кульпін успрымалі дуду як мастацкі праект, а гранне на ёй — як адзін з відаў сваёй творчасці. Расійская даследчыца Алена Гаўрылячанка піша, што цікавасць да фальклору звычайна «прачынаецца» у пераломныя гістарычныя моманты. Гэта актуальна і для Беларусі, 1980-я — час Перабудовы, вялікіх зменаў у грамадстве.

1990-я: актуалізацыя тренду «дуда як нацыянальны сімвал»

Пачатак 1990-х — пачатак 2000-х Аляксандр Сурба датуе як «этнаграфічны» перыяд, калі майстры сталі рабіць дуды, арыентуючыся на ўзор з Лепельскага краязнаўчага музея. Пазней музыкі даведаліся пра дуду-мацянку, што захоўваецца ў Вільні, а таксама іншыя інструменты з музеяў Беларусі, Расіі, Літвы і Латвіі. На сёння, па падліках дудара і даследчыка Яўгена Барышнікава, вядома 20 інструментаў і каля 20 выяў дуд. Па яго ж словах, на дуду як сімвал Беларусі ніколі не забываліся, нягледзячы на некаторы час, калі сам музычны інструмент не быў дужа папулярны, саступіўшы месца гармоніку і цымбалам.

Уяўная «забытасць» дуды карэлюе з «забытасцю» беларускай мовы і культуры ў гады савецкай улады, таму інструмент можна разглядаць як адзін з сімвалаў нацыянальнага беларускага адраджэння.

У 1990-х склаліся і іншыя папулярныя дасюль трэнды: на дудзе сталі граць танцы і спалучаць з іншымі інструментамі ў гуртах розных музычных накірункаў; пачынаецца навуковае вывучэнне дуды самімі дударамі.
2000-я: дуда для забавы

З’явілася шмат музычных гуртоў, дзе гучалі «сярэднявечная» (на ўзор нямецкага дудльзака), шатландская, іспанская дуды. Маладыя музыкі арыентаваліся на нямецкі гурт In Extremo і беларускі «Стары Ольса» (створаны ў 1999 г.) Пачаліся эксперыменты з міксам стыляў і напрамкаў (сыграць на шатландскай дудзе рок-хіты, на «сярэднявечнай» — беларускія танцы, а на беларускай — метал). Сталі праходзіць танцавальныя вечарыны на базе розных адукацыйных і культурных устаноў, у сталічных клубах, а таксама на вуліцы.
З 2003-га пачаліся рэгулёвыя танцавальныя вечарыны на вольным паветры, з 2007-га — таксама ў зімовы сезон у мінскіх клубах. У 2007 г. заснаваны Дударскі клуб — «нефармальнае аб’яднанне беларускіх майстроў, якія робяць дуды, музыкаў, якія на іх гуляюць, а таксама тых, хто гэтым майстрам і музыкам спачувае». У першы ж сезон вечарыны ў памяшканні падзяліліся, умоўна, на «народныя» і «сярэднявечныя». На «народных», нягледзячы на тое, што іх заснавальнікам быў дудар Зміцер Сідаровіч, дуду паступова адціснуў на перыферыю акардэон. З 2012-га «народныя» вечарыны сталі таксама праводзіцца ўлетку на вуліцы. Цікава, што народныя танцы часта танчаць і на «сярэднявечных» вечарынах, а вось наадварот амаль не бывае.

2010-я: дуда як прадмет для вывучэння

Інтэнсіфікавалася вывучэнне дуды. Гэтым займаюцца як навукоўцы, так і самі майстры і музыкі. Рэгулёва праходзіць канферэнцыя ў межах Дударскага фэста. У 2013, 2014 і 2016 гадах працавала секцыя па вывучэнні дуды на міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі. У 2016-м абараніў дысертацыю па мастацтвазнаўстве «Беларуская дуда ў кантэксце усходнееўрапейскай традыцыі: тыпалогія, канструктыўныя і дэкаратыўныя асаблівасці» Алесь Сурба. У 2010-х сталі вядомыя запісы найгрышаў на дудзе, вялікую іх частку адшукалі самі музыкі.


Напрыклад, дудар Віталь Воранаў выказаўся наступным чынам: «Адно — навучыцца пілікаць на дудзе сярэднявечныя стандарты, ці абыгрываць каверы нейкіх вядомых мелодый, а зусім іншае — паглыбіцца ў аўтэнтычны фальклор і закрытую, традыцыйную манеру выканання, адначасна вывучаючы гістарычныя і літаратурныя крыніцы».

Калі я рабіла даклад на тэму артыкула ў Санкт-Пецярбургу, захавальніца калекцыі музычных інструментаў Расійскага этнаграфічнага музея Айшат Гаджыева пракаментавала, што трэнд «дуда як прадмет для вывучэння» адчула ў сваёй працы. Ні з адной краіны няма такой цікаўнасці да інструментаў, якімі яна апякуецца, як з Беларусі.

Дуда як аб’ект эмацыйнай прывязанасці

Інструмент мае вялікую сімвалічную значнасць не толькі на нацыянальным, але і на асабістым узроўні. Знаёмства з дудой часта носіць выпадковы характар і мае характар інсайту (чытайце, напрыклад, інтэрв’ю Міколы Столяра). Дудары распавядаюць, што музіцыраванне дапамагае ім захоўваць эмацыйную раўнавагу. Амаль у кожнага ў сацсетках знойдзецца мастацкае фота з дудой на фоне рамантычнага пейзажу ці закату.
З інтэрв’ю дудара Дзяніса Шматко: «Каб навучыцца добра граць на дудзе, трэба разам з ёй жыць. Калі ты ўдыхаеш у яе паветра, яна ажывае. Калі яна дыхае, яна жыве. А калі ты сам не будзеш дыхаць — то памрэш. І вось калі ты навучыўся дыхаць разам з дудой, жыць разам з дудой, упіліць яе ў сваё жыццё... Там, раніца, сям’я, мама, тата, дачка, жонка, дуда, кот, сабака — вось так гэта павінна быць».

Эмацыйна рэагуюць на дуду і танцоры. Яшчэ з дзясятак год таму было актуальным выказванне Тодара Кашкурэвіча «Дуда прабіла моладзевы снабізм» пра тое, што іншыя інструменты маглі асацыяцыявацца з чымсьці «савецкім» ці «калгасным». Сёння на вечарыны Дударскага клуба ходзіць прыкладна столькі ж людзей, колькі і на народныя танцы, дзе гучаць акардэон, гармонік, скрыпкі, цямбалы... Дзеля эксперыменту я вырашыла правесці апытанне «І ўсё ж такі: дуда ці гармонік?» Паўдзельнічала 63 чалавекі, мо не самая рэпрэзентатыўная выбарка, але сярод маіх сацсеткавых сяброў, што цікавяцца танцамі, — даволі паказальная. За дуду галасавалі ўдвая часцей, чым за гармонік.

Фота Змітра Дзмітрыева

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!