Два касцёлы аднаго святога

У Літве 77% грамадзян — каталікі, таму не дзіўна, што наша паўночная суседка багатая на касцёлы. Землі, якія зараз уваходзяць у склад Літоўскай Рэспублікі, атрымалі першы хрост яшчэ ў час Міндоўга — у XIII стагоддзі.

Малюнак старога касцёла Яна Хрысціцеля ў Запішкіс, XIX ст.

Адзін з самых старых касцёлаў Літвы — касцёл Яна Хрысціцеля — датуецца XVI стагоддзем. Ён знаходзіцца пад Коўна, у вёсцы Запішкіс. Назва вёскі падказвае, што яна звязана з імем Сапегаў. І гэта сапраўды так.

Дзіўна, але ў кіламетры ад Запішкіса стаіць іншы касцёл, і ён таксама носіць імя Яна Хрысціцеля. Тлумачыцца гэта проста: першы касцёл ужо стаў аб’ектам спадчыны, а набажэнствы цяпер адбываюцца ў новым храме, спецыяльна для гэтага пабудаваным.

Заснаваны ў 1562 годзе першы касцёл знаходзіцца на ўскраіне Запішкіса. Гісторыя сведчыць, што яго будавалі масоны. З аднаго боку храм атачае Нёман, які неаднаразова падтопліваў будынак, з другога праходзіць 140-я траса Коўна—Запішкіс—Шакай. Само ж месца ля храма вельмі маляўнічае.

Стары касцёл Яна Хрысціцеля

Касцёл быў заснаваны дзяржаўным і ваенным дзеячам Вялікага Княства Літоўскага Паўлам Сапегам, набажэнствы ў ім вяліся аж да самага пачатку XX стагоддзя. І хаця храм рэканструяваўся шмат разоў, ён да гэтага часу лічыцца адным з унікальных узораў гатычнай архітэктуры. Яго сапраўды варта ўбачыць на ўласныя вочы: спалучэнне чалавечых розуму і рук і мясцовых краявідаў ствараюць незвычайнае, атмасфернае відовішча. Нібыта знаходзішся ў тэатры, і перад табой разгортваюцца падзеі чатырох соцень гадоў.

Стары касцёл у Запішкісе (магчыма, XIX ст.)

Больш стагоддзя таму кіраўніцтва дыяцэзіі зацвердзіла праект новага касцёла, і ў 1902 годзе храм Сапегі быў зачынены. Будаўнікі ўзялі з яго некаторыя камяні, іншыя элементы, каб укласці іх у падмурак новага касцёла. Але пабудаваць яго сталася не так проста. Ад праекта да першага набажэнства прайшло сорак гадоў.

Канешне, мясцовыя літоўцы не маглі на дзесяцігоддзі адарвацца ад рэлігійнага жыцця. Ім доўгі час даводзілася ездзіць у храмы суседніх мястэчак, бо стары касцёл, пасля таго, як прынялі рашэнне яго зачыніць, нібы сам не жадаў больш служыць. Падчас Першай сусветнай вайны немцы дэмантавалі ягоны арган, а ў 1930-я будынак выкарыстоўваўся як склад рэчаў. Але ж там захоўваліся не абы-якія прадметы, як у зачыненых храмах СССР, а касцельны рыштунак. У Другую сусветную вайну побач з дзецішчам Сапегі прайшла вузкакалейка, па якой немцы вазілі торф. Касцёл пастаянна затопліваўся водамі Нёмана, а ў 1946 годзе рака ўвогуле абрынулася на храм крыгаходам. Гэты крыгаход быў апошнім выпрабаваннем старога касцёла перад тым, як ён канчаткова перайшоў у стан аб’ектаў гістарычнай спадчыны.


Стары касцёл Яна Хрысціцеля

У 1942 годзе ў суседняй вёсцы Клуонішкі, усяго ў кіламетры ад старога касцёла, свае дзверы для вернікаў адчыніў новы. Набажэнствы ў ім адбываюцца і цяпер.

Новы касцёл Яна Хрысціцеля

Цікава, што касцёл у Клуонішках з’яўляецца не толькі месцам, якое наведваюць вернікі. Ён надзейна знітаваны з гісторыяй Літоўскай Рэспублікі XX стагоддзя. На двары касцёла можна знайсці некалькі драўляных скульптур — такія малыя архітэктурныя формы вельмі папулярныя ва ўсёй Літве. Напрыклад, адна скульптура — жанчына, якая ахінае дзяўчынку. Над імі — сонца з металу, усярэдзіне якога знаходзіцца жалезны крыж. Элементаў, дзе спалучаецца паганства і хрысціянства, багата на гэтых землях.

Унізе скульптуры з розных бакоў выразаны тры надпісы. Адзін з іх — падзяка Богу за краіну, другі кажа пра сасланых і знішчаных літоўцаў (наўпрост не напісана, хто і калі гэта рабіў). І трэці — падзяка партызанам, імя якіх заўсёды застанецца ў памяці нашчадкаў. Зразумела, размова ідзе пра партызанаў, якія пасля вайны змагаліся за незалежнасць Літвы ад Савецкага Саюза. Іх барацьба дала свой плён: савецкая Літва праіснавала няшмат, і калі краіна атрымала чаканую свабоду, яна адносілася, канешне ж, і да свабоды веравызнання.

Няйначай, ёсць сапраўдны Божы промысел у тым, што адзін касцёл увасобіўся ў двух культавых будынках, якія знаходзяцца на адлегласці кіламетра адзін ад аднаго. Стары касцёл і да нашага часу самотна стаіць на беразе Нёмана, увайсці ў яго пакуль нельга. Але калі яго канчаткова адновяць, храм няйначай пераўтворыцца ў папулярны турыстычны аб’ект.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Валерий Зайцев
  • 2017-02-11 16:24:49
Не было крещения жамойтов ни 13, ни в 14 веках. Земли жамойтов, из - за слабого развития населения, Миндовг подарил тевтонскому ордену.
  • Валерий Зайцев
  • 2017-02-11 16:26:21
Проверяйте соответствие оглавления и самого текста.

Больш цікавага на «Новым Часе»: