Дзе можна пачуць новы альбом IRDORATH да афіцыйнай прэзентацыі? (+відэа)

У мінулым гродзенскі, а цяпер мінскі фэнтэзі-фольк гурт IRDORATH выступіць на міжнародным фестывалі MENUO JUODARAGIS у Літве ў канцы жніўня.

IRDORATH. Фота Пятра Пятроўскага

А 1 верасня адбудзецца афіцыйная прэзентацыя новага альбома «Wild» у мінскім клубе Re:Public.

За гэты гастрольны сезон IRDORATH ігралі ў Аўстрыі, Нямеччыне, Польшчы, Італіі, Украіне і Расіі. 2 жніўня гурт выступіў на буйнейшым у свеце фестывалі цяжкой музыкі WACKEN OPEN AIR (у нямецкай зямлі Шлэзвіг-Гальштэйн на мяжы з Даніяй). Сярод удзельнікаў — вельмі вядомыя гурты і выканаўцы: MARILYN MANSON, APOCALYPTICA, LACUNA COIL, KREATOR, ALICE COOPER, RAGE, NAPALM DEATH, SUBWAY TO SALLY, KATATONIA… З гэтым фестывалем усё зразумела. А што ж за MENUO JUODARAGIS (MJR) у суседняй з намі Літве?

Фэст MENUO JUODARAGIS, 2016 г.

Назва перакладаецца як «Чарнарогі Месяц». Гэта фестываль альтэрнатыўнай музыкі і сучаснай балтыйскай культуры, што прэзентуе спадчыну паганства і пост-фольк рухі. Яго нават завуць часам «паганскі SZIGET». Адкрыццё і закрыццё праводзіць легендарны літоўскі гурт KULGRINDA на капішчы, зробленым на ўзор старажытналітоўскіх, і, па сутнасці, індаеўрапейскіх: вогнішча ля дуба. Летась абраны дуб аказаўся з дуплом ля самай зямлі, што наводзіла на развагі пра Змея, які жыве пад каранямі Дрэва Сусвету. Па такім жа прынцыпе было ўладкавана мінскае капішча на беразе Свіслачы, ад якога яшчэ ў пачатку 1980-х заставаўся камень Дзед (цяпер у Музеі валуноў ва Уруччы). Сёлета на MJR плануецца калектыўнае ўслаўленне літоўскага бога грому Пяркунаса з дапамогай ударных інструментаў…

Фэст MENUO JUODARAGIS, 2016 г.

Сёлета фэст пройдзе дваццатым разам. На працягу ўсяго існавання яго падтрымлівае, сярод іншых спонсараў, Міністэрства культуры Літвы. У апошні час фестываль праходзіць на маляўнічай выспе сярод возера Дубурыс на мяжы з Латвіяй. Сёлета акрамя IRDORATH і балтыйскіх гуртоў у праграме выступы аўстрыйцаў, італьянцаў, фінаў, датчан, украінцаў і палякаў, а хэдлайнер фестывалю — WARDRUNA з Нарвегіі.

Надзея IRDORATH. Фота Пятра Пятроўскага

Як распавядае вакалістка гурта Надзея IRDORATH, перамовы пра ўдзел у MJR ужо вяліся, але толькі сёлета ўсё склалася і музыкі едуць на гэты фестываль першым разам. «Мы чакаем нейкага цуда і, калі меркаваць па роліках аб фестывалі, што мы бачылі, цуд будзе», — кажа Надзея.

Улічваючы, што выступ на MJR адбудзецца роўна за тыдзень да афіцыйнай прэзентацыі новага альбома «Wild» у Мінску, наведвальнікі літоўскага фестывалю фактычна стануць сведкамі генеральнай рэпетыцыі. Увесь альбом, аднак, не пакажуць: «Мы паспрабуем на поўную моц іграць найбольш істотныя для нас кампазіцыі з «Wild», але выканаем і старыя песні. «Ketri», «As Bas», мабыць, будуць з намі навечна», — тлумачыць Надзея.

Фэст MENUO JUODARAGIS, 2016 г.

Песня «Black Flags» з альбома «Wild» увайшла ў зборнік ад нямецкага часопіса пра альтэрнатыўную музыку «Sonic Seducer». Самыя нецярплівыя прыхільнікі IRDORATH могуць замовіць СD праз інтэрнэт.

Песня з новага альбома IRDORATH «Wild»

 

Што кажуць іншыя беларускія ўдзельнікі MENUO JUODARAGIS?

Нашу краіну на фестывалі ў розныя гады прадстаўлялі гурты ВЕТАХ, ESSA, PIAREVARACIEŃ… Некаторыя музыкі падзяліліся ўражаннямі.

Вольга Кашкурэвіч, спявачка гурта ESSA, распавяла:

Вольга Кашкурэвіч. Фота са старонкі спявачкі vk

— Мы былі на MJR разы 3, і штогод гэта незабыўныя ўражанні, высокі ўзровень фестывалю. Гэта велізарная падзея, яшчэ да выступаў я там была проста як госць і, канечне, удзел у такім буйным фэсце этнічнай і пост-этнічнай музыкі стаў для нашага гурта вельмі істотным. Гэта магчымасць паглядзець на сябе збоку, з дадатковага ракурсу, у міжнародным кантэксце.

Вольга Кашкурэвіч. Фота Святланы Клепікавай

MENUO JUODARAGIS не абмяжоўвае музыкаў нейкім адным напрамкам, гэта вельмі творчы фестываль, дзе ёсць праявы самых розных накірункаў: як больш цяжкіх, так і электронных, медытатыўных, джаз у тым ліку… Таму MJR шырынёй поглядаў разнявольвае музыкаў, дазваляе не замыкацца на адным накірунку працы. Ты бачыш гурты больш і менш папулярныя, рознага ўзроўню — гэта вельмі добры вопыт.

ESSA на MJR_фота з суполкі гурта ў Facebook

Вольга Янушкевіч, музыка і спявачка, удзельніца розных музычных праектаў прыгадала:

— У 2015 годзе мы з гуртом PIAREVARACIEŃ запісалі альбом «Спадчына». Я дапамагала з выбарам песень, потым мы ўсе разам рабілі аранжыроўкі да іх падчас супольных рэпетыцый. Я грала на клавішах і спявала. У запісе спеваў прымалі ўдзел таксама Наста Шпілеўская і Дар’я Зуева.

Вольга Янушкевіч. Фота Aleny Liaszkievicz

З гэтым альбомам і з некаторымі ранейшымі песнямі PIAREVARACIEŃ мы і паехалі на MENUO JUODARAGIS. Сярод спявачак была я, а таксама Алена Ляшкевіч і Марына Смоліч. Спачатку мая паездка на фестываль была пад сумневам, бо мая дачка была вельмі малая, а таксама ў мяне была траўма рукі, і я думала, што болей ніколі ў жыцці не змагу граць на фартэпіяна. Для музыкі гэта як прысуд.

PIAREVARACIEN на MJR. Фота Максіма Елісеева

Але я доўга лекавалася, распрацоўвала руку, грала, шмат займалася. І быццам з нуля зноў навучылася граць. Хаця, канечне ж, навыкі не ў руках, а ў галаве. Калі чалавек калісьці ўмеў граць, то ён зможа навучыцца зноў, гэта пытанне часу, стараннасці, мэтанакіраванасці і напэўна, характару.


За час рэпетыцый мы даволі няблага сыграліся з гуртом і спеліся з дзяўчатамі, і паспелі наладзіць паміж сабой цёплыя прыяцельскія адносіны, якія падтрымліваем да гэтай пары. Непасрэдна саму паездку я магу назваць як вакацыямі, так і цікавай прыгодай. Калі мы нарэшце даехалі да фестывалю, адразу заўважылі высокі ўзровень арганізацыі. Усё было прадумана да дробязяў.

Фэст MENUO JUODARAGIS, 2016 г.

Месца правядзення — вялікая выспа з лесам, пляжамі, крыніцамі, лугамі. Фестывальная прастора была арганічна ўпісана ў прыродны ландшафт, пры гэтым на фестывалі было ўсе неабходнае, прычым у вялікай разнастайнасці. Некалькі сцэн з сучасным якасным музычным абсталяваннем, святло ўздоўж сцежак і светлавое шоў у лесе, харчовыя шапікі і міні-кавярні з ежай на любы густ, гара-капішча і лясное капішча для абрадаў і выступаў фольк-гуртоў, жывы куток з конікамі, вялікія намёты для фільмаў і лекцый, паркінг і намётавы гарадок, шапікі з мерчам і нават міні-абсерваторыя.

Фэст MENUO JUODARAGIS, 2016 г.

Фэст MENUO JUODARAGIS, 2016 г.

Удзельнікі і наведвальнікі фестывалю выглядалі вельмі цікава і незвычайна, дапаўняючы сваім выглядам атмасферу свята. Літаральна паўсюль грала музыка, ад чыстага фолку да металу, улучаючы разнастайныя іх спалучэнні. На фестывалі выступала мноства сусветна вядомых гуртоў, выступ з якімі быў гонарам для мяне, а таксама шмат разнастайных андэграўндных выканаўцаў, не менш яркіх і цікавых ва ўсіх сэнсах за вядомых выступоўцаў. Было прыемна стаць часткай гэтага цудоўнага фэсту і паўдзельнічаць у стварэнні свята на адной з сцэн.

Фэст MENUO JUODARAGIS, 2016 г.



Вельмі парадавала стаўленне да нас арганізатараў. Нам была прадастаўлена турыстычная двухпавярховая хатка каля возера, а таксама харчаванне на фестывалі. Любыя пытанні амаль імгненна вырашаліся. Мы выдатна павесяліліся, натанчыліся і наспяваліся падчас інтэрактыўнага фольк-шоу, пасядзелі з кубачкам гарбаты пад галінамі дрэў, купаліся, весяліліся, слухалі музыку, мелі цікавыя знаёмствы на фестывалі і проста выдатна адпачылі. Такія падзеі не забываюцца ніколі і застаюцца ва ўспамінах як прыгожая казка».





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: