Дзе сапраўдная радзіма Тадэвуша Касцюшкі?

Разам з землякамі з Кобрына і Берасця з ініцыятывы мясцовага грамадскага дзеяча Алеся Меха мы здзейснілі вандроўку па маршруту Малыя Сяхновічы—Крупчыцкае поле—Мерачоўшчына, каб ушанаваць памяць Тадэвуша Касцюшкі, нашага вялікага суайчынніка, што ўвайшоў у гісторыю, як апошні рыцар і першы грамадзянін Еўропы.

 Сядзібны дом Касцюшкі ў Малых Сяхновічах на малюнку Ф. Бразоўскага 1880 года (з кнігі Леаніда Несцярчука «Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Вяртанне героя на радзіму». — Брэст, 2006).

 Сядзібны дом Касцюшкі ў Малых Сяхновічах на малюнку Ф. Бразоўскага 1880 года (з кнігі Леаніда Несцярчука «Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Вяртанне героя на радзіму». — Брэст, 2006).


Экскурсію па малой радзіме Тадэвуша Касцюшкі ў Малых Сяхновічах і па мясцінах Крупчыцкай бітвы 17 верасня 1794 году паміж расійскім корпусам генерал-аншэфа Аляксандра Суворава і паўстанцкай дывізіяй генерал-маёра Караля Серакоўскага (абодва месцы — у Жабінкаўскім раёне Берасцейшчыны) правеў гісторык і журналіст Анатоль Бензярук — вядучы ў Беларусі даследчык касцюшкаўскай спадчыны. Менавіта спадар Анатоль запачаткаваў навуковую дыскусію пра месца і час нараджэння нашага вялікага земляка, грунтоўна даследаваў яго радавод і гісторыю Крупчыцкай бітвы, ініцыяваў ушанаванне памяці яе ахвяраў, стварыў першы ў краіне мемарыяльны пакой героя двух кантынентаў у Сяхновіцкай базавай школе, першым з сучасных беларускіх даследчыкаў распавёў пра нашага слыннага земляка і паўстанне 1794 году на старонках замежнай прэсы. Анатоль Бензярук — аўтар дзесяці кніг, у тым ліку дзвюх — пра спадчыну Тадэвуша Касцюшкі.

Копія дарчай ад 25 красавіка 1509 году Жыгімонта I Старога заснавальніку роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх Касцюшку Фёдаравічу на маёнтак Сяхновічы (з экспазіцыі Музея Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне).

Копія дарчай ад 25 красавіка 1509 году Жыгімонта I Старога заснавальніку роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх Касцюшку Фёдаравічу на маёнтак Сяхновічы (з экспазіцыі Музея Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне).

Як зазначыў спадар Анатоль, з аднаго боку, адсутнічаюць дакументы і артэфакты, якія адназначна сведчаць пра месца нараджэння нашага вялікага земляка.

 Так зараз выглядае месца, дзе некалі стаяў сядібны дом Касцюшкаў у Малых Сяхновічах, у якім калісь нарадзіўся і жыў наш герой.

 Так зараз выглядае месца, дзе некалі стаяў сядібны дом Касцюшкаў у Малых Сяхновічах, у якім калісь нарадзіўся і жыў наш герой.

З другога боку, пра нараджэнне Тадэвуша Касцюшкі ў Сяхновічах узгадвалі яго сябры Міхал Клеафас Агінскі і Юльян Урсын-Нямцэвіч. Пра гэта яшчэ пры жыцці Касцюшкі распавядаў рускі афіцэр і пісьменнік Фёдар Глінка, калі ў 1813 годзе вяртаўся з паходу супраць арміі Напалеона Банапарта ў Смаленскую губерню праз Брэст-Літоўск—Пінск—Нясвіж—Мінск—Барысаў і наведаў «наваколлі Кобрына», дзе апынуўся «ў месцах радзімы самога Касцюшкі і размаўляў з людзьмі, якія некалі былі да яго блізкія». Пра гэта нагадаў французскі скульптар Франсуа Дзюран на памятным медалі ў гонар генерала, зробленым праз год пасля яго смерці. Паводле гутаркі з самім Касцюшкам, пра гэта напісаў швейцарскі даследчык Карл Фалькенштэйн у першай вялікай біяграфіі нашага героя, што пабачыла свет у 1820 годзе і вытрымала шэсць выданняў на нямецкай, польскай і французскай мовах.

Аднак, як заўважыў у 1878 годзе складальнік «Бібліяграфіі да дзеяў і жыцця Т. Касцюшкі» палкоўнік Э. Цалер, у польскамоўным выданні 1830 года кніжкі Карла Фалькенштэйна перакладчык Э. Клінке «змяніў месца нараджэння Касцюшкі на Мерачоўшчыну згодна з жаданнем яе ўладальнікаў».

Выявы Тадэвуша Касцюшкі і яго каханай Людвікі Сасноўскай.

Выявы Тадэвуша Касцюшкі і яго каханай Людвікі Сасноўскай.

З 1821 года Мерачоўшчына (зараз у наваколлі горада Косава Івацэвіцкага раёна Берасцейшчыны) належала Войцаху Пуслоўскаму, які набыў шматлікія маёнткі дзякуючы ўдаламу шлюбу з князёўнай Ю. Друцкай-Любецкай, падтрымцы магнатаў і авантурнаму прадпрымальніцтву, у тым ліку махлярствам у гандлі зброяй. Менавіта тады з’явілася «мерачоўшчынская версія» нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. Асновай для яе стала вынятка з метрычнай кнігі Косаўскага Траецкага касцёла аб хрышчэнні будучага генерала ўзімку 1746 году ў Косаве. Аднак гэтая вынятка, у якой увогуле не ўзгадваецца Мерачоўшчына, як месца нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, была складзена толькі восенню 1834 года, ці пра 17 гадоў пасля смерці нацыянальнага героя, а таму выклікала сумнеў ужо ў ХІХ стагоддзі. І апошняе. Разумеючы, што версія нараджэння Тадэвуша Касцюшкі ў ваколіцах Косава патрабуе матэрыяльнага пацвярджэння, нашчадак Войцаха Пуслоўскага Вандалін паклапаціўся пра будаўніцтва сядзібнага дома Касцюшкаў у Мерачоўшчыне, што і было зроблена да 1857 года.
Каля бюста нацыянальнага героя (аўтар — кобрынская мастачка Бальбіна Відацкая-Свіціч). Бюст створаны з цэменту ў 1930-я гады і да 1951-га ўпрыгожваў цэнтральную вуліцу Кобрыня (да 1939-га — імя Юзафа Пілсудскага, з 1939-га — Ленінскую). Усталяваны на помніку рускім воінам — ахвярам вайны 1812 года замест бронзавага арла, які падчас Першай сусветнай вайны быў вывезены аўстрыйцамі. У 1952-1987 гадах знаходзіўся ў сховішчах Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Аляксандра Суворава, затым у запасніках Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея, што месцяцца ў былых казематах Берасцейскай крэпасці. У 1988 годзе ўсталяваны каля школы ў Малых Сяхновічах напярэдадні прыезду ў вёску польскай пісьменніцы Барбары Ваховіч, стваральніцы кнігі «Назаві мяне проста Касцюшкам».


Праз 147 гадоў на падмурках XIX стагоддзя сядзібны дом Касцюшкаў у Мерачоўшчыне быў адноўлены і ў ім адкрыўся сённяшні Музей Тадэвуша Касцюшкі. З усталяваннем помніка генералу і правядзеннем штогадовых урачыстасцяў у традыцыйна прыняты дзень яго народзінаў Мерачоўшчына набыла шырокую вядомасць і стала прызнаным месцам ушанавання памяці нацыянальнага героя.

Але ж і Малыя Сяхновічы, як месца народзінаў Тадэвуша Касцюшкі, заслугоўваюць адпаведнай пашаны, належнай увагі і клопатаў грамадскасці. Неабходна распрацаваць праграму аднаўлення спадчыны нашага славутага земляка на ягонай Бацькаўшчыне і заснаваць міжнародны грамадскі дабрачынны фонд «Малыя Сяхновічы — радзіма Тадэвуша Касцюшкі». Сярод першых крокаў фонду — археаграфічныя і археалагічныя даследаванні, добраўпарадкаванне старасвецкага парку, дзе захаваліся ліпавая алея, бярозавы гай, зялёная альтанка, асобныя клёны, дубы, каштаны і экзоты, а таксама прыцягненне ў Малыя Сяхновічы творчай інтэлігенцыі і моладзі для папулярызацыі гісторыі гэтай славутай мясціны.
Фрагменты экспазіцыі Музея Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне.

Цікавасць да яе будзе толькі ўзрастаць, бо ў 18 кіламетрах на поўдзень ад Малых Сяхновічаў знаходзіцца месца Крупчыцкай бітвы — самай буйной на беларускіх землях баталіі часоў нацыянальна-вызвольнага паўстання, узначаленага Тадэвушам Касцюшкам. 17 верасня 1794 году на Вялікім Крупчыцкім полі чатырохтысячная дывізія Караля Серакоўскага годна супрацьстаяла ўтрая большаму корпусу Аляксандра Суворава і не пацярпела паразы. Гэтая бітва насіла праяву грамадзянскай вайны, бо беларусам давялося змагацца ў шэрагах як касцюшкаўцаў, так і сувораўцаў.
Беларусь памятае свайго героя.

Так што знаходжанне на тэрыторыі Жабінкаўскага раёну двух такіх важных для айчыннай і сусветнай гісторыі месцаў, як Малыя Сяхновічы і Крупчыцкае поле, надае аптымізму з-за прывабнасці рэгіёна для наведвальнікаў і бізнесоўцаў, чые інвестыцыі могуць паспрыяць развіццю адпаведнай турыстычнай інфраструктуры краю.  
 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Культура: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: