Дзеці-чэкісты, геі з Дэфензівы і любошчы на друкарскім станку

Не былі спрыяльнымі для беларускай літаратуры 1930-я гады. Але сярод кніг, што выкрываюць ворагаў і славяць савецкі лад, сустракаюцца творы настолькі дзіўныя, што іх варта прыгадаць. Запрашаем у свет дзяцей-чэкістаў, геяў з Дэфензівы і спакушальніц на друкарскім станку.

 Ілюстрацыі да паэмы Міхася Калачынскага «Косьця-чэкіст»


Першы герой гісторыі — «Косьця-чэкіст» з аднайменнай паэмы Міхася Калачынскага. Гэтая дзіцячая кніжка была выдадзеная ў 1938 годзе немалым накладам — у 10 тысяч асобнікаў.

Сын вартавога на маленькай беларускай станцыі Пагосціж марыць стаць чэкістам і паўсюль высочвае шпіёнаў. Піянер прымае за шпіёна лесніка, уважае за ворага пчаляра, і нарэшце выкрывае сапраўднага дыверсанта.

 Ілюстрацыі да паэмы Міхася Калачынскага «Косьця-чэкіст» 


Давайце спачатку прыслухаемся да прамовы на піянерскім зборы, складзенай ва ўзорна-дыдактычным стылі:

«Важаты гутарку вядзе,

Гаворыць простую прамову,

І слухае атрад дзяцей,

Пра справы і жыццё Ежова.


Ў вачах дзіцячых паўстае

Вялікага чэкіста вобраз;

Ён тут у сэрцах іх жыве,

Ласкавы, радасны і добры.


Ён любіць песенькі дзяцей,

Гулянкі, шчырыя забавы

І ненавідзіць тых людзей,

Што чыняць брудныя нам справы.


Шануе ўвесь народ яго,

Старыя, юнакі і дзеці.

Палае радасна агонь,

Зялёны бор развесіў вецце.


Кастусь стаіць на нізкім пні,

Ў задуме твар яго ружовы;

Ён думае аб светлым дні,

Калі спаткаецца з Ежовым.

 Ілюстрацыі да паэмы Міхася Калачынскага «Косьця-чэкіст»


Звярніце ўвагу: прозвішча галоўнага чэкіста напісаная як «Ежоў», а не «Яжоў» — гэта ўплыў русіфікацыі, якая ўжо набірала абароты. З Яжовым герой тады не сустрэўся, затое сустрэўся з чорнай гадзюкай, якую ён раздавіў, што выклікала захапленне ў публікі.

Хлопчык усцяж не перастае думаць пра ворагаў:

У думках, крочачы дарогай,

Ён уяўляў гадзюк аблічча.

Шпіён такі: сярдзіты, строгі,

Кругом наганы, морда лычам.


І думаў Косця: можа іншы,

Апрануты ў такую маску,

Якой і словам не апішаш

У самых страшных нават казках.


Савецкае жыццё паўтарае натуру:

Навошта стварала прырода

Драпежнікаў хітрых і злых?

Карысці ніякай, а — шкода,

Адна толькі шкода ад іх.

 Ілюстрацыі да паэмы Міхася Калачынскага «Косьця-чэкіст»


Думкі юнага чэкіста-натураліста пацвярджае стары пчаляр, які «расказаў […] казку малым рэбятам» пра трутня-дармаеда, які, выкінуты з вулею, вяртаецца, начапіўшы на сябе маску.

Менавіта такую маску — толькі дачніка — начапіў на сябе сусед пільнага піянера. Каб адразу нам было зразумела, што гэта вораг, дачнік гэты з’яўляецца ў атачэнні мух, і нават вядомую песню пра чыжыка-пыжыка ён спявае перайначыўшы:

Чыжык, чыжык, дзе ты быў?

Па чужых краях хадзіў.


Гэты вораг — «зладзюга, агідлівы смоўж» — і сам не хавае свайго падабенства да брыдкай слізкай істоты:

Глянь, хлопчык, як смоўж выглядае

Агідна пабольшаны шклом.

Кастусь разважаў: «Ты-ж такая

Казяўка з сваім ліхтаром».

 Ілюстрацыі да паэмы Міхася Калачынскага «Косьця-чэкіст»


Хлопчык вырывае ў дыверсанта, які намагаецца пусціць пад адхон цягнік, ліхтарык, дый абгарнуўшы ў чырвоны гальштук, сігналіць. Вораг пакараны.

На гэтым, дзеці, я канчаю

Аповесць першую сваю.

Чэкіста Косцю я вітаю,

Яму ад вас вітанне шлю.


Ён стаў чэкістам не на словах,

Шпіёна смела затрымаў.

І быў у Сталіна, Ежова,

Ім рукі моцна паціскаў.


Яны імкненне нарадзілі

У хлопчыка чэкістам стаць,

Яны змагацца навучылі,

Шпіёнаў хітрых пазнаваць.



Калі вораг у паэме Калачынскага — гэта казюлька, смоўж, гідкі драпежнік, якога заўважае нават дзіця, то вораг у «Біяграфіі майго героя» Сяргея Знаёмага — замаскаваны агент Дэфензівы, які да апошняга выклікае занадта цёплыя пачуцці ў недасведчанага камсамольца.

Аповесць Сяргея Знаёмага, выдадзеная ў 1935 годзе, расказвае пра колішняга дробнага злодзея Казіма, які пад дабратворным уплывам камуністак і камсамолак становіцца на «сапраўдны шлях» працоўнага подзвігу і ўсведамляе, што яго лепшы сябар — не той, за каго сябе выдае.

Хаця герой вытворчай меладрамы сустракаецца з камсамолкай (гаваркой з «культкомам заўкома»), робіць ён гэта без усялякай цеплыні і душэўнасці, аддаючы перавагу свайму калегу — таварышу Кізілу (нават прозвішчы персанажаў падобныя!).

У блізкай прысутнасці таварыша нават мова твора — звыкла-траскучая — становіцца нейкай шчымлівай і інтымнаю:

«Ён глядзеў на тоўсты сасновы сук, які густымі лапкамі засланяў ускрай хмары. Крыху далей, дабротна разваліўшыся, ляжаў і дыхаў шырокімі сваімі грудзямі Кізіла. Ён глядзеў на прасторы жыта, якое танула ў красе, на просінь жытніх васількоў, і здавалася яму, чуў, як гудзе, пераліваецца шматструнны, стракаты і пахучы зялёны луг […] Кізіла ад нечаканасці здрыгануўся. Казім зірнуў на яго, потым зноў перавёў погляд на калматы сасновы сук [доктар Фрэйд, маўчаць!] А луг, і поле, лес і далеч безупынна гулі сваім радасным гудам. І сонца залівала зямлю цеплынёй і светам. Казім зірнуў на дружбака, — той спаў на поўныя грудзі…

Вечарэла, і хлопцы ішлі дамоў. Сонца садзілася над лесам, і з чыгункі даносіліся перазвонныя гудкі. Было так цёпла і хораша.

— Ты, Федзя, кахаў калі-не­будзь? — запытаўся Казім».

Федзя не толькі кахаў, але і марыў, што «цалаваць яго будуць у самыя вусны», толькі да дзяўчат ён ставіўся чамусьці з вялікай пагардай — і ўсяляк адахвочваў героя ад кантактаў з перадавой камсамолкай.

Негаваркі, працавіты і ўтойлівы Кізіла быў падступным варожым агентам: цішком шкодзіў на прадпрыемстве, а яго сябра Казім, усцешаны цёплай кампаніяй, раз за разам старанна прыпарошваў сабе вочы.

Але калі вораг зразумеў, што замежных (і ніякіх) пацалункаў не будзе, а яго сябар канчаткова сыдзе да камсамолкі, то імітаваў падучку з выццём і пенай, перапіліўшы заадно на фабрыцы барабан. Пільная камсамолка засведчыла: сябра героя — варожы агент.

Шпегаўска-любоўны трохкутнік з амаль непрыхаванай мужчынскай прыязнасцю — не адзіная скандальная дзівоса «Біяграфіі майго героя». Пачатак працоўнага (і я б сказаў, сексуальнага) яго жыцця звязаны з адказнай камуністкай, чуллівай і добрай, якая «дарма, што старая, як падла… затое…»

Аднойчы маленькі хлопчык-зладзюжка залез у крамку і там заснуў у кутку на кавалках паперы. Уначы ў пакоі з’явілася нейкая жанчына, якая падабралася да хлопчыка:

«Яна прысела каля яго і хутка яшчэ мацней зашапацела пад ім папера. Казім адчуў, што жанчына шарыць па яго лайтуззю рукамі».

Як вы зразумелі, гэта была дасведчаная падпольшчыца, якую цікавіла выключна нелегальная літаратура, на якой заснула дзіця. Дзеля гэтай літаратуры камуністка запрасіла хлопчыка да сябе. А там: «Жанчына ветліва частавала Казіма кавалкам хлеба і кілбасой. Потым, калі ўсе разышліся, яна паклала хлопчыка спаць. І Казім назаўсёды запомніў гэтую ноч і гэтую жанчыну. Паклаўшы яго, бруднага хлопчыка вуліцы, на чыстую пасцель, яна доўга і ласкава гладзіла яго па скудлачаных валасах і шчыльна накрывала ад холаду. Яна шмат, цёпла і ласкава гаварыла. Але дзе, хіба можна што-небудзь помніць у такія хвіліны? Казім ляжаў, яму было вельмі хораша, так хораша, што, здаецца, першы раз у жыцці ён заплакаў […] …Казім прачнуўся бадзёрым і ўзрушаным. На дварэ свяціла добрае, яснае і цёплае сонца».

Надалей успаміны пра першую камуністку, роўна як і партыйныя газеты, выклікалі ў героя гарантаваны экстаз. Але гэты друкарска-камуністычны экстаз не параўнаецца з паважным друкарскім чынам «Носьбітаў нянавісці». Там прадстаўлены любоўны трохкутнік падпольшчыка, камуністкі і сцяклографа, ад якога, калі верыць апісанню, гераіня і зацяжарала.

Платон Галавач склаў «Носьбітаў нянавісці» ў 1936 годзе. Аповесць прысвечана слуцкім падпольшчыкам, якія змагаліся з польскімі акупантамі. Адзін з польскіх афіцэраў, які перайшоў на савецкі бок, Круміньскі сустракаецца з камуністкаю Ленай:

«Ім даручылі надрукаваць на сцяклографе некалькі сот экзэмпляраў адозвы для вёскі […] яны засталіся ў каморцы і ўсю ноч працавалі […] Яны двое сутак былі без сну. Досвіткам абодва настолькі стаміліся, што ледзь валодалі рукамі […] Накладваючы на сцяклограф і здымаючы з яго лісткі паперы, Лена ледзь трымалася і час ад часу схілялася галавой да самых рук, клала твар на рукі і колькі секунд адпачывала. Ад гэтага […] увесь яе твар быў запэцканы фарбай, як і рукі […] Лена павярнулася да Круміньскага і працягнула рукі, каб запэцкаць твар і яму. Ён пераняў яе рукі, затрымаў іх, а яе неяк нечакана прыхінуў да сябе і пацалаваў […] яна […] падалася бліжэй да яго і, жартуючы, пачала туліцца шчакой да яго твару […] Гэта было пачатакам іхніх самых блізкіх адносін».

Вынікам гэтых тыпаграфічных мілошчаў стала цяжарнасць, што выявілася па чарговай друкарскай акцыі. Будучая маці абяцае прывіць дзіцяці галоўнае пачуццё друкаваных улётак:

«Як […] святое пачуццё, яна будзе насіць у сабе […] пачуццё нянавісці. З малаком, з сваёй крывёй яна прышчэпіць пачуццё нянавісці і яму. Чалавек, якому яна дасць жыццё, прынясе гэтую нянавісць непарушнай праз сваё жыццё, ідучы дарогай у новы свет, зусім іншы ад таго, у якім жыве яна».

Твор Платона Галавача страшны. І не толькі таму, што там гаворыцца, як будзе «друкавацца» новы савецкі чалавек — чалавек нянавісці. Кніга страшная ледзяным цяжарам непазбежнай смерці. Слуцкія падпольшчыкі і бунтары — ці не прыхаваная гэта адсылка да забароненых слуцкіх паўстанцаў і ці не шыфр гэта да беларускай рэчаіснасці 1930-х гадоў?

Падпольшчыкі схопленыя, усім наканаваная смерць, усе расстраляныя. Няма выйсця, але ёсць турма, ёсць магіла і куля ў сэрцы.

Неўзабаве будзе арыштаваны і забіты Платон Галавач, Сяргей Знаёмы таксама пойдзе этапам; Міхасю Калачынскаму пашанцуе болей.

Дзіўныя кнігі з піянерамі-чэкістамі, скандальна-ідэалагічнымі трохкутнікамі і друкаваннем дзяцей-камуністаў толькі прамільгнулі ў гісторыі беларускай літаратуры і былі забытыя. Але ўсё вяртаецца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!