«Дзеці Францыі»: «Няхай такое ніколі не паўтараецца»

Адгорнута яшчэ адна старонка з гісторыі Беларусі — малавядомай і дагэтуль замоўчанай. У Мінску ў Доме Ваньковічаў адбылася прэзентацыя кнігі Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну».
Так аўтар назваў дзяцей рэпатрыянтаў — сем’яў, якія вярнуліся з Францыі ў Савецкі Саюз. У кнізе сабраныя 14 сямейных гісторый беларускіх французаў, эмігрантаў з міжваеннай Польшчы ў Францыю, якія паслухалі савецкую прапаганду і пераехалі ў сталінскі СССР. Героі распавялі пра свае трагічныя лёсы, сваіх бацькоў і родных. Шмат хто з іх прысутнічаў і на прэзентацыі. Многія, зноў распавядаючы свае гісторыі, не маглі
стрымаць слёз.

“З усіх праектаў, каторыя мы рэалізавалі ў амбасадзе, гэта напэўна той, які мне больш дарагі, — заявіў амбасадар Францыі Дзідзье Канэс. — З усіх старонак гісторыі, каторыя звязваюць Беларусь з Францыяй, гісторыя рэпатрыяцыі з Францыі ў СССР — самая хвалюючая старонка. Таму што яна глыбокая, чалавечая. І для мяне гэта было адкрыццё, калі я пазнаёміўся ўпершыню з “дзецьмі Францыі””.

Нагадаем, 6 кастрычніка 1944 года ў Савецкім Саюзе было створана ўпраўленне па справах рэпатрыяцыі грамадзян СССР з Германіі і акупаваных ёю краін. У лік рэпатрыянтаў уваходзілі мігранты з Заходняй Беларусі і Украіны, каторыя прыехалі ў Францыю яшчэ да вайны. На радзіме ім абяцалі добрую працу, жыллё, бясплатную адукацыю. Акрамя таго магчымасць у любы момант вярнуцца назад. Пагадзіліся многія.
Але ў Савецкім Саюзе ў іх забралі французскія пашпарты і другія дакументы. Зваротны шлях быў закрыты.

Разам з дарослымі ў Беларусь прыехалі дзеці. Яны нарадзіліся ў Францыі, размаўлялі па-французску, да жыцця ў новай краіне былі не гатовыя. Яны прывезлі ў Беларусь частку французскай культуры. І як цяжка часам не складваліся б іх лёсы, у душы яны заўсёды заставаліся “дзецьмі Францыі”.

Радзіма ўсё такі ў Францыі. Як кажуць, там дзе ты нарадзіўся, там твая радзіма”, — сказаў адзін з герояў кнігі. На прэзентацыі агучылі таксама цэлы спіс “дзяцей Францыі”, якія выкладалі французскую мову ў ВНУ.

Наталля Гардзіенка, аўтар кнігі аб беларусах у Вялікабрытанііі, зазначыла: да сёння тэма беларускай прысутнасці ў Францыі застаецца вельмі маладаследаванай.

“І я вельмі рада, што ў гэтай кнізе ёсць, з аднаго боку, галасы саміх “дзяцей Францыі”. Тых беларусаў, якія жылі ў Францыі і прыехалі сюды. Валер даў магчымасць гэтым людзям расказаць пра сябе, зрабіць сябе бачнымі. Гэта вельмі важна. Гэта такое чалавечае вымярэнне нашай гісторыі, якое вельмі каштоўнае для разумення ўсіх тых складаных гістарычных працэсаў, якія адбываліся на працягу 20-га стагоддзя ва ўсёй еўрапейскай гісторыі. І я вельмі рада, што тут ёсць і іншая частка. Частка апавядальная. Пра тое, як беларусы апыналіся ў Францыі, што яны рабілі ў міжваенны і ваенны час. Якраз тое, што стварае сам кантэкст для разумення лёсаў тых беларусаў, якія апынуліся ў Францыі ў розныя часы”.

Валеры Каліноўскі казаў і пра тое, што сем’і “дзяцей з Францыі” падчас Другой Сусветнай вайны ўдзельнічалі ў французскім Супраціўленні. Як, напрыклад, Аляксандр Качан, якому Нацыянальны вайсковы камітэт французскіх вольных стралкоў і партызанаў уручыў дыплом. “Дапамагаў і спрыяў нам з небяспекай для свайго жыцця і маёмасці падчас вайны за нацыянальнае вызваленне. На знак прызнання ад вольнай Айчыны”, — адзначана ў ім. Сын Качана Гендрык таксама быў сярод прысутных на імпрэзе. Калі сям’я
вярнулася ў Беларусь, яму было тры гады.

Прадстаўнік МЗС Валерый Садоха ўзгадаў пра пастанову Вярхоўнага Савета ад 14 чэрвеня 1946 года. “Быў дадзены кліч вярнуць нашых грамадзян, каторыя жывуць у Францыі. Канечне, дыпламатыя савецкая папрацавала вельмі добра. І многія вярнуліся”. Вярнуліся і яго сваякі, дзядуля з бабуляй, дзядзька. “Калі дзядзя Коля вярнуўся з Францыі, ён не мог размаўляць па-руску, толькі па-французску”. Як канстатаваў Валерый Садоха, для многіх рэпатрыянтаў лёсы склаліся трагічна, многія загінулі, і ў тым ліку ў ГУЛАГу.

Адна з гераінь кнігі, Ліліян Пракаповіч, распавяла пра бацьку Міхаіла Моніта: ”У 1947-м годзе мы пераехалі. Бацька пабачыў, якое тут жыццё-быццё. Вырашыў збегчы. Але яго і яшчэ аднаго яго сябра таксама, каторы прыехаў з ім з Францыі, злавілі на беларуска-польскай граніцы. Арыштавалі і саслалі ў Сібір на 10 гадоў”.

Доўгая дарога вяртання назад у Францыю. Ёсць і такая глава жыцця сярод рэпатрыянтаў. Жанэт Жармэн працавала на факультэце французскай мовы. З’ехала ў Францыю ў пачатку 1990-х гадоў. Яе муж Мішэль памёр у дзень, калі прыйшлі дакументы на выезд. У выніку Жанэт паехала ў Францыю з дачкой Дамінікай, двумя ўнукамі, а сын Мішэль застаўся ў Беларусі. Пасля крэмацыі памерлага мужа жонка забрала попел у Францыю.

Поль Шылянок з’ехаў у Парыж у 2005 годзе. Падчас прэзентацыі з ім выйшлі на сувязь праз інтэрнэт. Гісторыю сваёй сям’і ён таксама распавёў Валерыю Каліноўскаму. Вясной 1958 года яны ехалі з Францыі да дзядулі з бабуляй. Бацька, Павел Шалянок, аформіў на шахце адпачынак на месяц. І сям’я выправілася ў Беларусь. 

“Селі на цягнік і прыбылі на першую савецкую станцыю Чоп у Заходняй Украіне. Наш адпачынак скончыўся на станцыі Чоп. З цягніка нас знялі, дакументы і рэчы забралі. Пасадзілі ў машыну і павезлі ў Бабруйск. Гэта былі, напэўна, супрацоўнікі КДБ без пагонаў. Мы ўсе іх баяліся, хаця ў савецкай амбасадзе бацьку пераконвалі што ўсё будзе добра. Наш дом застаўся ў Францыі. Усе мы мелі французскія пашпарты. З сабою бацька ўзяў толькі фотаапарат, падарункі і цёплыя рэчы. Бо ведаў, што там будзе холадна. Таму ўзялі футры і курткі”, — расказвае Поль.

Яго жонка Галіна прысутнічала на прэзентацыі. Яна паведаміла, што вяртанне ў Францыю “гэта была воля яго бацькі”. “І калі ён паміраў, ён яму сказаў: “Ты француз. І ты павінны ехаць у Францыю”. Бацька яго вельмі прасіў, і муж сказаў: “Я павінен выканаць яго волю”. Я рада, што ён выканаў гэту волю бацькі. Я хачу сказаць, што кніга атрымалася цудоўная. Я хачу сказаць, што няхай такое ніколі не паўтараецца. Лёсы гэтых людзей вельмі складаныя. І вельмі цяжкія”.

Алесь Салагуб, які прыехаў з бацькамі, працягвае жыць у Беларусі, а яго сын Аляксандр з’ехаў і працуе ў Тулузе. “Мы вярнуліся ў Францыю праз 60 гадоў пасля ад’езду бацькі, — распавёў сын. — Падумаўшы, што пакуль яшчэ маладыя, можна паспрабаваць. У Беларусі мы адчувалі бесперспектыўнасць. За апошнія 25 гадоў краіна страціла шмат шанцаў. Гэта было самае галоўнае ў нашым рашэнні”.

Рэдактар “Дзяцей Францыі” — Вінцук Вячорка. Ён ахарактарызаваў кнігу як узор жанру жывой гісторыі, перададзенай праз гутаркі з удзельнікамі падзеяў і іх нашчадкамі. У кнізе — пошукі адказу, што ж з намі адбывалася цягам 20-га стагоддзя.

Вінцук Вячорка выступіў праз відэазварот:

“Беларускаму чытачу адкрываецца дагэтуль невядомы яму раздзел гісторыі таталітарызму і гісторыі Беларусі 20-га стагоддзя. Навіною ён быў і для мяне.

Часам аўтару каштавала вялікіх намаганняў і псіхалагічнага напружання пераканаць суразмоўцаў у тым, што нарэшце можна быць шчырымі.

Людзі, якія сталі героямі гэтай кнігі — яны не паддаваліся спробам таталітарнай камуністычнай машыны канчаткова перамалоць іх. Заставаліся годнымі людзьмі. Гэта аптымістычны пасыл.

Дабро ўрэшце мацнейшае за зло. Шкада толькі, што гэта высвятляецца позна. А яшчэ шкада, што людзі рэдка здольныя рабіць доўгатэрміновыя высновы з урокаў гісторыі. Вось і цяпер мы бачым, як у цывілізаваным дэмакратычным свеце аднаўляюцца нейкія ілюзіі ў адрас новых аўтарытарызмаў у нашай частцы Еўропы. А між тым лёсы герояў кнігі — пераканаўчы аргумент і жывое сведчанне таго, што нам ніколі больш нельга 
дапусціць панавання над намі таталітарызму”.

Кніга “Дзеці Францыі” паступіла ў кнігарні. А таксама Валеры Каліноўскі з іншымі журналістамі робіць у дадатак да гэтай кнігі яшчэ і фільм.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: