«Дзецюкі» нарэшце выступяць у Беларусі

Пасля гадавога перапынку гарадзенскі гурт DZIECIUKI выступіць у Віцебску. Новая праграма, складзеная з 2-х альбомаў і новых песень, будзе прэзентаваная 1 красавіка на пляцоўцы арт-паба «Торвальд».
 
«Гэты канцэрт для нас у нечым знакавы і пераломны, бо амаль год у нас не адбывалася ў Беларусі афіцыйных выступаў, — распавядае лідар гурту Алесь Дзянісаў. — Віцебск — адзін з нашых шчаслівых і любімых гарадоў, у які мы прыязджалі яшчэ ў складзе гурту «Людзі на балоце» і маем вельмі шмат добрых сяброў у гэтым горадзе. У нас была думка прывезці абсалютна новую праграму, але вырашылі, што будуць прэзентаваныя толькі некалькі новых песень з будучага альбома, праца над якім вядзецца цяпер. Увогуле, у Віцебску прагучаць амаль усе песні гурту, і мы спадзяёмся, што незадаволеных не застанецца!»

DZIECIUKI — фольк-панк гурт, заснаваны ў 2012 ў Горадні. Спяваюць аўтарскія тэксты на гістарычную тэматыку аўтарства Дзяніса Жыгаўца. Маюць EP, на пачатку 2014 выдалі дэбютны альбом «Гарадзенскі гармідар». Прызнаныя «Гуртом года» на прэміі «Героі года—2014».

Сольны канцэрт гурта «DZIECIUKI» адбудзецца ў арт-пабе «Торвальд», вул. Талстога, 1, пачатак 19:00. Інфалінія +37525 913 38 76


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць