«Дзень кнігі» адзначаць у музеі Багдановіча

23 красавіка, у дзень, калі, паводле не да канца спраўджанай легенды, пакінулі свет Уільям Шэкспір і Мігель дэ Сервантэс, а міжнародная пісьменніцкая супольнасць адзначае Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права, Беларускі ПЭН-цэнтр і Перакладчыцкая Майстэрня запрашаюць на літаратурную вечарыну "Дзень кнігі".
Паэты, празаікі, перакладчыкі-паэты і перакладчыкі-празаікі прадставяць па адной важнай у сваёй творчасці кнізе, раскажуць пра гісторыю яе стварэння/перакладання, падзеляцца загадкамі і выклікамі, з якімі сутыкнуліся і якім урэшце далі (або так і не далі) рады, прачытаюць найцікавейшыя фрагменты з яе.

Удзел бяруць: Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Альгерд Бахарэвіч, Алеся Башарымава, Уладзімір Лянкевіч, Наталля Паваляева, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева, Марына Шода, Ганна Янкута.

У межах вечарыны будуць прадстаўленыя паэтычныя зборнікі Уільяма Блэйка, Эрлінга Кітэльсена, Уладзіміра Маякоўскага, Эдыты Сёдэргран і Уолта Уітмэна з серыі “Паэты планеты”, а таксама зборнік дэтэктыўных апавяданняў пра Старажытны Кітай знакамітага Роберта ван Гуліка “Следства вядзе суддзя Дзі”; раман букераўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук “Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых”, што колькі дзён таму зноў вывеў пісьменніцу ў шорт-ліст Букера; дзіцячая кніга Ульфа Старка і Лінды Бундэстам “Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас”. Альгерд Бахарэвіч апавядзе пра лінгвістычныя і перакладчыцкія прыгоды вакол свайго рамана “Сабакі Эўропы”, уганараванага летась прэміяй “Кніга года”, а Уладзімір Арлоў пачытае з празаічнага зборніка “Танцы над горадам”, што прынёс аўтару прэмію Гедройця за 2018 год.

Пачатак а 19:00.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча, д. 7а)
Уваход вольны.


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!