Дзень народзінаў разам з прыхільнікамі

24 лістапада, з нагоды ўласнага 54-га дня народзінаў, у клубе «Графіці» даваў канцэрт старажыл беларускай аўтарскай песні Андрэй Мельнікаў. Традыцыйны дзвюхгадзінны фармат выступу стаў падарункам гасцям, якія з энтузіазмам сустракалі і хіты барда, і яго малавядомыя песні.


Сярод наведвальнікаў на вечары былі як звычайныя аматары творчасці Андрэя Мельнікава, так і знакавыя для беларускай культуры людзі. Напрыклад, дызайнер і журналіст, былы прадзюсер Кастусь Елісееў дапамагаў запісаць у сярэдзіне 90-х гадоў шэсць альбомаў гомельскага брада. Са спадаром Андрусём ён пазнаёміўся на першым Аршанскім фэсце. Прадзюсера, які ў свой час арганізаваў не адзін беларускі бардаўскі канцэрт, прывабіла самабытнасць і паэтычнасць творчасці Мельнікава. Зараз жа Кастусь узнаўляе уласную лічбавую студыю і, акрамя іншых праектаў, апрацоўвае старыя запісы Андрэя Міхайлавіча, каб ужо ў наступным годзе выпусціць паўнавартасны DVD-дыск.

Кастусь Елісееў

Аператар дакументальных фільмаў Сяргей Чырык сябруе з Мельнікавым ужо 25 гадоў. На канцэрце ён гэтаксама здымаў матэрыял для архіваў. Ды і проста магчымасць паслухаць песні, пік папулярнасці якіх прыйшоўся на яго маладосць, прыняў за асалоду. Патрыятычную творчасць Андрэя Мельнікава ён ставіць у адзін шыхт з паэзіяй Віктара Шалкевіча.

Сяргей Чырык

Сяргей Чырык

А вось навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Кацярына Крывічаніна захаплялася творчасцю Мельнікава яшчэ са студэнцтва. У тыя часы яе асяродак гістфака Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта выхоўваўся ў любові да роднай культуры, а яна нават удзельнічала ў этнаграфічным вакальным гурце пры факультэце. Ды і цяпер у Акадэміі навук сярод калег яна знайшла слухачоў Андрэя Міхайлавіча, і іх калектыў вырашыў запрасіць яго да сябе з выступам напярэдадні Новага года.

Кацярына і Сяргей

Кацярына і Сяргей

З сабою на канцэрт Кацярына прывяла сябра, жыхара горада Глубокае Сяргея Аляксевіча. Ён дагэтуль не быў блізка знаёмы з песнямі Мельнікава, але праслухаўшы напярэдадні канцэрту некалькі трэкаў вырашыў — трэба ісці. Бо Сяргей і сам гітарыст-аматар, а, значыць, музыкальны густ мае.

Разам з захавальнікам Крапівенскага поля Генадзем Шэпелевым прыйшоў дырэктар віленскай прадзюсерскай кампаніі «Кіфа» Ігар Клімовіч. Знаёмы са спадаром Андрэем ён два гады. Падчас першай сустрэчы і прыватнай размовы Ігара Клімовіча прывабіў неардынарны светапогляд творцы. А паслухаўшы некалькі песен, Ігар уразіўся і музыкальным талентам Андрэя Міхайлавіча. Цяпер прамоўтэр прыглядаецца да выступаў Мельнікава, у тым ліку і з мэтай дапамагчы яму зладзіць канцэрты. А самога аршанца Генадзя Шэпелева звязвае з Мельнікавым грамадзянская пазіцыя, прыхільнасць да творчасці і сяброўскія адносіны. Яны пачаліся з сумеснай арганізацыі Аршанскага фэсту. Ды вось, скардзіцца Генадзь, у спадара Андрэя, які доўгі час пражыў у Оршы, цяпер рэдка атрымліваецца прыязджаць да сяброў.

Генадзь Шэпелеў (злева) і Ігар Клімовіч (справа) з жонкай

Генадзь Шэпелеў (злева) і Ігар Клімовіч (справа) з жонкай

Больш за палову адыграных на імпрэзе песен акампаніраваў гітарыст Аляксей Тагуноў. У сярэдзіне 90-х ён у складзе грута «Colorado Bitlz” выступіў з Андрэем Міхайлавічам у ДК «Луч», і з таго часу імкнецца граць разам з ім, калі выпадае магчымасць.

З гітарыстам Аляксеем Тагуновым

З гітарыстам Аляксеем Тагуновым

З сынамі Марцінам і Альбертам

Да таго на свяце Андрэя Мельнікава прысутнічалі і яго сыны: Марцін і Альберт. Цікава, што старэйшы Альберт вярнуўся з войска акурат за тры дні да дня народжання бацькі.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: