Дзень народзінаў Шагала — свята ўсіх вольных мастакоў

7 ліпеня ў Віцебску адзначылі 132-я ўгодкі славутага земляка.



Паводле традыцыі, святкаванне пад назовам “У гасцях у Марка і Бэлы” прайшло ў дворыку музею Марка Шагала на Пакроўскай вуліцы.

Музей месціцца ў доме, дзе калісьці жыла сям’я Шагалаў, і дзень народзінаў мастака тут заўжды святкуюць весела і па-сямейнаму, распавяла дырэктарка музею Ірына Воранава:

— Нарадзіўся ён з 6-га на 7-га, уначы. І мы спачатку адзначалі 6-га ліпеня, а потым прыехала ўнучка і распавяла, што ў сям’і адзначаюць 7-га. Тады і музей, і горад пачалі адзначаць 7-га ліпеня. Гэта канцэрты, прадстаўленні танцавальныя, цыркавыя , тэатральныя — самыя разнастайныя.



Традыцыя адзначаць угодкі мастака вядзецца з часу адкрыцця музея. Ён адчыніўся ў 1997-м годзе, да 110-годдзя Марка Шагала. На думку старшыні віцебскай арганізацыі Беларускага саюзу мастакоў Святланы Баранкоўскай, дзень народзінаў мэтра — гэта свята ўсіх, хто займаецца выяўленчым мастацтвам:

— Для мастакоў гэтае свята нават большае, чымсьці Дзень незалежнасці для Рэспублікі Беларусь. Бо гэта свята свабоды творчасці і веры ў тое, што мастак можа быць прызнаным не толькі ў сябе, у сваёй правінцыі, але можа быць прызнаным ва ўсім свеце, і вярнуцца славутасцю да сябе на Радзіму.

Сёлета ў дворыку музею Марка Шагала выступаў самадзейны калектыў “Віцебскія дзяўчаты”. Назва калектыву гумарыстычная: у ім займаюцца як жанчыны, так і мужчыны, прычым сталага веку. Але іхнаму імпэту могуць пазайздросціць і нашмат маладзейшыя, бо габрэйскія танцы і песні яны выконваюць весела і з вялікім энтузіязмам.

Што да планаў на будучыню, то ёсць ідэя заснаваць і праводзіць у Віцебску на ўгодкі Марка Шагала фестываль клезмерскіх калектываў — выканаўцаў габрэйскай народнай музыкі.


www.racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!