Самае архаічнае свята — Дзяды

Дзяды — дзень памінання продкаў. Старажытнае свята ў гонар памерлых сыходзіць сваімі каранямі да язычніцкіх часоў. Дзяды адзначаюцца і цяпер у Беларусі, Украіне, Літве ды Польшчы. Але навукоўцы адзначаюць, што менавіта ў беларусаў рытуал Дзядоў захаваўся ў найбольш архаічнай форме.

Традыцыйна падчас святкавання Дзядоў наведваюць могілкі. А таксама ўся сям’я збіраецца на вячэру за супольным памінальным сталом. Лічылася, што на Дзядыы душы памерлых прыходзяць да сваіх нашчадкаў і, нябачныя, частуюцца за сямейным сталом. У народзе кажуць, што, калі не спаць ноч пасля «дзедавай вячэры», то можна на ўласныя вочы ўбачыць продкаў.

Выкладчык Гомельскага ўніверсітэта, кандыдат філасофскіх навук Віктар Адзіночанка распавёў “Белсату”, што на нашых землях адзначаць восеньскія Дзяды, то бок «галоўныя», і вясновыя — Радаўніцу. «Гэта народная традыцыя, бо рэлігійнасць беларусаў захоўвалася нават у самыя атэістычныя часы. І амаль стоадсоткава людзі святкавалі Вялікдзень і Дзяды. Восеньскія і вясновыя Дзяды — гэта тыя святы, якія адзначае найбольшая колькасць беларусаў», — пераконвае Адзіночанка.

Навуковец падкрэслівае, што восеньскія Дзяды святкуе не толькі старэйшае пакаленне, але нават пакаленне маладзейшае, напрыклад, сённяшнія студэнты.

«У гэты дзень на вячэру адно месца пакідаецца для дзядоў. У дзядоўскую талерку адкладаюць патроху ад кожнай стравы. Усе ўзгадваюць дзядоў, трэба ўзгадваць толькі добрыя іхныя ўчынкі і называць іх па імёнах. Слова «дзед» азначае ўсіх памерлых продкаў — як мужчынаў, так і жанчын. Дзядоўскую міску ставілі на вакно, і гэтую ежу на наступны дзень аддавалі жабракам», — распавядае пра традыцыі Дзядоў Віктар Адзіночанка.



Святкаванне Дзядоў захавалася ў найболей архаічнай форме толькі ў беларусаў.

У гэты дзень наведвалі могілкі, упарадкавалі магілы — абкладалі дзірваном, камянямі, ставілі крыжы.

Пасля наведвання могілак вярталіся дадому ды рыхтавалі памінальны стол. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць, іначай, як лічылася, яны нашлюць неўраджай і розныя няшчасці. У некаторых мясцінах за стол запрашалі гасцей — звычайна сваякоў, суседзяў, а часам і жабракоў.



Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў. У некаторых вёсках гаспадар запрашаў дзядоў словамі:

Святыя дзяды завём вас,
Хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата.
Святыя дзяды! Просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас.

Пасля гэтага ўсе хатнія пільна назіралі: любы рух на вуліцы ў бок хаты (палёт лістка, птушкі, бег жывёліны) адразу ж расцэньваўся так: дзяды прынялі запрашэнне і набліжаюцца.



На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады. Лічылася, што яны сядзяць побач і ўсё чуюць.

Пасля вячэры гаспадар казаў:

Святыя дзяды
Зляталісь сюды,
Есці — пад’елі,
Піць — напіліся,
Чэсць і слава вам!
Цяпер скажыце нам,
Чаго вам трэба?
А лепей:
Ляціце ў неба!

У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. Часам пасля вячэры весялілі Дзядоў. Былі песні, пляскі, маскарады. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам. Iснавала прыкмета: калі дым пойдзе ўверх— добра, а калі нахілена, асабліва ў бок дзвярэй, то ў сям'і нехта памрэ.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: