Дзесьці ў горадзе М.

3–4 верасня ў культурным хабе Оk16 прайшлі прэм’ерныя паказы спектакля «М.» паводле паэтычнага зборніка Вальжыны Морт «Эпідэмія ружаў». Пастаноўка была рэалізавана ў межах праекту «Тэатр-майстэрня Оk16», мэта якога — «надаць голас маладым прафесіяналам тэатру». Наступныя паказ запланаваны на 17 кастрычніка.

Як распавяла куратарка спектакля Анастасія Васілевіч, ідэя звярнуцца менавіта да паэтычнага зборніку «Эпідэмія ружаў» узнікла ў іх з рэжысёрам Мікітам Ільінчыкам паралельна, разам маладыя людзі шчыравалі і над стварэннем інсцэніроўкі. Тэксты Вальжыны Морт у «М.» аказаліся разнятымі нават не на асобныя фрагменты, а на радкі, і зноўку злучанымі дзеля таго, каб стварыць вербальную структуру пастаноўкі, аднак самае галоўнае, — атмасфернасць, паэтыка, тэматыка твораў — у спектаклі ў значнай ступені захавалася.

У «М.» ёсць і самы прыгожы сад горада — могілкі, і клятчастая торба, якая ўзнікла быццам бы з радка «З самага нараджэння ты ўжо была чаўночніцай», і пясок з узбярэжжа Паўночнага мора, могілак альбо акіяна памяці. Вельмі выразныя ў паэзіі Морт пачуццёвасць і тэма смерці перапляліся ў растаўленых на стале пасля «першага разу» бы рытуальная трапеза для нябожчыкаў кубках чаю з прысмакамі, пяску, што высыпаецца з кішэнь услед за цукеркай, якой малады каханак (Мікалай Варабей) частуе сваю дзяўчыну. Выкарыстоўваючы прынцып сімультанных дэкарацый (мастак Аляксандр Адамаў), аўтары спектакля ствараюць прастору, дзе як і ў вершах існуюць па суседству, аддзеленыя толькі ўяўнай мяжой, памяць, рэальнасць і мары пра будычыню, жыццё і смерць, што сустракаюцца ў лакацыі з кафлевай белай падлогай: ці то радзільнай залай, ці то моргам з надмагіллямі рэнтгенаўскіх здымкаў і папяровымі кветкамі скамечаных старонак бальнічнай карткі.


«М.» пры ўсёй сваёй «эксперыментальнасці» падаецца дастаткова канвенцыянальнай работай. Стваральнікі спектакля слушна спыніліся на вылучэнні адной стрыжневай тэмы, якой у «М.» з’яўляюцца стасункі трох генерацый беларускіх жанчын: памерлай Бабулі (Наталля Бекетава), Маці (Святлана Цімохіна) і Дачкі (Кацярына Банькоўская). Гэта надае пастаноўцы не толькі пэўную «сюжэтнасць», якая робіць «М.» даступным для ўспрымання і неспакушанага сучасным мастацтвам гледача, але і адчувальны феміністычны акцэнт. У свеце гераінь спектакля, якія паўтараюць пакутлівы лёс сваіх матак, фігура мужчыны практычна адсутнічае, а відавочна траўматычным адносінам паміж імі бракуе ўзаемаразумення, цеплыні і любові.


Аднак «побытавыя гісторыі і балючыя моманты» жыцця і ўзаемаадносін жанчын ствараюць так бы мовіць знешнюю абалонку спектакля, сцэнічнага дзеяння. Начынне ж яго, безумоўна, багацейшае. Асабліва відавочным гэта робіцца, калі напярэдадні перачытаць «Эпідэмію ружаў». За чалавекам, лёсамі жанчын, якія выступаюць захавальніцамі / носьбіткамі памяці, пазнаецца лёс і гісторыя ўсёй ці то вёскі, ці то горада М., а можа і краіны. Вылучыўшы тэму стасункаў, канфліктаў і неўсведамляемай пераемнасці (у тым ліку дзеянняў ды памылак) паміж пакаленнямі, аўтары спектакля натуральна выйшлі на пытанні цыклічнасці жыцця і смерці, памяці і спыненага часу. Здаецца, арганізацыя прасторы, выцягнутай уздоўж радоў крэслаў глядзельні, павінна ствараць адчуванне дынамікі, руху, але зона жыцця ў ёй — забіты мэбляй пакойчык са старым радыёпрыёмнікам і вышываным ручніком на тэлевізары — заціснута паміж прасторай памяці, зарослай сухім чаротам, адкуль з’яўляюцца прывіды, і могілкамі. І рух у М. магчымы толькі па траекторыі паміж імі.

Але ў фінале спектакля, як падаецца, узнікае матыў разрыву гэтага кола. Як ва ўлонні маці, у клятчастай торбе чаўночніцы варушыцца на пяску памяці пад гукі хваляў Атлантычнага акіяну Дачка. Перараджэнне, рух наперад усё ж магчымыя. Пытанне застаецца толькі адно — ці абавязкова для гэтага пераплываць Атлантыку альбо з’язджаць да Паўночнага мора.

Фота Вікторыі Меховіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!