«Эратычныя танцы» вяртаюцца: Дударскі клуб распачаў новы сезон у Мінску (фота, відэа)

Дударскі клуб (суполка аматараў беларускай дуды) 22 кастрычніка распачаў новы сезон танцавальных вечарын. Глядзіце, як весела прайшла першая сустрэча!
Прапануючы ў рэдакцыі зрабіць артыкул пра адкрыццё новага (між іншым, дзясятага і юбілейнага) сезону сустрэч Дударскага клуба, атрымала згоду ў форме: “А, эратычныя танцы? Ну, давай!” Нагадаю, што мінулы артыкул пра Дудклуб зваўся “Нейкія танцы ў вас… занадта эратычныя”. Закальцоўка часу. Такое ж адчуванне было і на вечарыне: быццам бы перапынку на лета не было, тыя ж людзі, той жа Beer&Wine, той жа дыван на падлозе і тая ж сяброўская атмасфера.
 Відэа Насты Духоўнікавай

На вечарынах граюць сярэднявечныя і беларускія традыцыйныя танцы, а таксама танцы розных народаў Еўропы. Прыкладна палова танцаў – парныя, вялікая частка ў коле ці ланцужком. На сустрэчы можна запрашаць танчыць каго заўгодна, таму прыходзіць без партнёра ці партнёркі не страшна. У кола можна далучацца смела, адно пажадана, калі колькасць танцораў дазваляе, каб чаргаваліся хлопцы і дзяўчаты. Прынамсі, калі хлопцаў менш, варта ім станавіцца між дзяўчатамі, а не побач адно з адным. Ад запрашэння ў парны танец не прынята адмаўляцца, але гэта не жорсткае правіла, гвалтоўна ніхто нікога танчыць не пацягне.

Антось Бельскі

Антось Бельскі

Арганізатар сустрэч Дудклуба Антось Бельскі распавядае: “У гэтым сэзоне заплянаваныя тэматычныя вечарыны, у тым ліку прысьвечаныя народным каляндарным абрадам. Будуць цікавыя музычныя госьці, выступы дудароў па прынцыпе вольнага мікрафону, танцы, спевы ды прыемныя сюрпрызы. Прыходзьце!
Вечарыны Дударскага клуба будуць праходзіць праз аўторак у мінскім бары Beer&Wine (вул. Кульман, 9). Наступная сустрэча – 5 лістапада.

Фота Уладзіміра Гудвіна


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!