Ежы Папялушка. Пасланец Праўды

Польскага ксяндза Ежы Папялушкі баялася ўся камуністычная сістэма ад Масквы і Варшавы да Усходняга Берліна, хоць адзінай яго зброяй былі — словы праўды. Фільм пра жыццё Ежы Папялушкі можна будзе ўбачыць у Мінску 30 сакавіка. 

Рэжысёрам амерыканскага поўнаметражнага дакументальнага фільма «Ежы Папялушка. Пасланец Праўды» з'яўляецца Тоўні Гэйнз.

Фільм ганараваны прэміяй Gabriel Award у катэгорыі дакументалістыкі. Арганізатар паказу: Польскі Інстытут у Мінску. Паказ фільма адбудзецца на беларускай мове. 


Ежы Папялушка разам з лідарам «Салідарнасці» Лехам Валенсам і Янам Паўлам ІІ стаяў ля вытокаў вызвалення ад камуністычнай дыктатуры. Як казаў сам Валенса пра Папялушку: «Ён аддаў жыццё за праўду і справядлівасць і быў патрэбны рабочым як прыклад».


Асоба Ежы Папялушкі вельмі блізка і нам, беларусам. Нарадзіўся Ежы 14 верасня 1947 года ў беларускай каталіцкай сялянскай сям'і Уладзіслава Папялушка і Мар'яны Гнядзейка ў вёсцы Акопы ў Падляскім ваяводстве, якое мяжуе з Беларуссю. У дзяцінстве Ежы размаўляў на мясцовым, беларускім падляшскім дыялекце.


У 1981 годзе, калі Польшча пагрузілася ў ваеннае становішча, ксёндз Ежы Папялушка першым накіраваўся да страйкоўцаў-рабочых на Варшаўскі металургічны завод. Ксёндз не баяўся публічна крытыкаваць камуністычную ўладу, адкрыта выступаў у абарону правоў чалавека і захавання ідэалаў «Салідарнасці». Яго пропаведзі трансліраваліся па радыё «Свабода», дзякуючы чаму ксёндз стаў вядомым ва ўсёй Польшчы сваёй бескампраміснай пазіцыяй супраць рэжыму. Як капелан рабочых ён указваў ім шлях і дадаваў ім сілы ў барацьбе за іх правы.


Яго набажэнствы ў варшаўскім касцёле св. Станіслава Косткі падчас ваеннага становішча стала збіралі натоўпы вернікаў і простых ахвотнікаў слухаць яго палымяныя пропаведзі. Дзясяткі тысяч людзей збіраліся, каб паслухаць капелана «Салідарнасці». І хутка гэты звычайны святар стаў ворагам нумар 1 для партыйнай улады. Аднойчы яму напісалі, што яго ўкрыжуюць, перарэжуць горла. Але ксёндз Ежы не збаяўся. «Доля святара ў тым, каб прапаведаваць праўду і пакутаваць за праўду. А калі трэба, нават аддаць жыццё за праўду», — казаў ён.


Служба Бяспекі МУС ПНР спрабавала яго запалохаць, прымусіць яго замоўкнуць. Але гэта не працавала. Тады супраць яго сфабрыкавалі крымінальную справу; ён быў арыштаваны ў 1983 годзе, але неўзабаве, дзякуючы ўмяшанню духавенства, быў вызвалены. Затым каля Гданьска была падстроена аўтамабільная аварыя, але яму атрымалася пазбегнуць згубы. 19 кастрычніка 1984 года ксёндз Папялушка быў выкрадзены афіцэрамі Службы бяспекі МУС ПНР, быў імі жорстка закатаваны і ўтоплены ў Вісле. Знойдзенае праз паўтары тыдні знявечанае цела ў вадасховішчі ракі Віслы цяжка было апазнаць.


Навіна пра палітычнае забойства капелана рабочых стала чыннікам беспарадкаў па ўсёй Польшчы. Па розных крыніцах ад 250 000 да мільёна чалавек прысутнічалі на яго пахаваннях 3 лістапада 1984 года ў Варшаве. Гэта стала адной з найвялікшых патрыятычных маніфестацый 1980-х гадоў у Польшчы.


У 1997 году Рымская каталіцкая царква пачала працэс беатыфікацыі і ў 2008 году ён атрымаў статут Слугі Божага. Бенедыкт XVI падпісаў дэкрэт пра прызнанне яго пакутнікам. 6 чэрвеня 2010 года на Плошчы Пілсудскага ў Варшаве, кс. Ежы Папялушка быў прылічаны да благаславёных каталіцкага касцёла.


Фільм «Ежы Папялушка. Пасланец Праўды» можна будзе ўбачыць 30 сакавіка ў 18:00 у Музеі гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4). Уваход вольны.
  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: