Фатограф, якому пасміхаюцца нават гуркі

У фотаклубе «Мінск» адкрылася выстава Альфрэда Мікуса «Любаншчына традыцыйная». Фатограф два гады здымаў вёскі раёна, каб паказаць усмешкі тамтэйшых жыхароў ды іх побыт.

Альфрэд упершыню трапіў на Любаншчыну падчас фэсту традыцыйнай культуры «Пятровіца» ў 2016-м годзе. Потым прыехаў у 2017-м і стаў наведвацца часцей і часцей, на святы і проста так. У выніку за два гады адзняў амаль усе фальклорныя гурты, што дзейнічаюць у раёне, зрабіў шмат жанравых замалёвак. У 2018-ым плануе завяршыць здымку гадавога кола традыцыйных абрадаў Любаншчыны і выдаць вялікі фотаальбом. А пакуль што выйшаў буклет, які змесціцца ў сумку любога турыста, і набор паштовак.


Дзякуючы ініцыятыве работніка культуры Сяргея Выскваркі ў Любанскім раёне амаль усе носьбіты традыцыйнай культуры, якія валодаюць нейкімі ўменнямі, ад спеваў да рамёстваў, улучаныя ў працу дзяржаўных культурных устаноў. Іншымі словамі, іх веды не застаюцца толькі ў памяці саміх носьбітаў. Фальклорныя гурты Любаншчыны ведаюць па ўсёй Беларусі і ў замежжы. У суседніх краінах, канечне, лепш, чым у далёкіх, але старэнькім бабулям і цяжка выбрацца ў вельмі ўжо вялікую дарогу. Дзейнічае шмат дзіцячых гурткоў, удзельнікі якіх пераймаюць традыцыю ў яе розных відах.

«Фальклорнае багацце» Любаншчыны і паказаў Альфрэд Мікус на гэтай выставе. Экспануюцца ў асноўным партрэты жыхароў раёна і гасцей, што наведвалі фэсты «Пятровіца». Як сказаў адзін з сяброў Альфрэда Мікуса на адкрыцці, фатограф так пасміхаецца, што «мадэлі» заўжды яму адказваюць. Гэта датычыцца і людзей, і жывёл, і нават сала з гуркамі. І праўда, фота застолляў на выставе выйшлі таксама нейкімі сонечнымі і «ўсмешлівымі».

Выстава будзе экспанавацца два тыдні. Яе можна паглядзець па чацверах з 18.30. Клуб знаходзіцца ў падвальным памяшканні ў доме № 2 па вуліцы Казлова.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!