Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Фэст у Кярнаве: Наваградку нават і не мроілася...

У літоўскім мястэчку Кярнаве прайшлі Дні жывой археалогіі. Ужо не першы год там удзельнічаюць беларускія музычныя гурты і рэканструктары сярэднявечнай культуры.

У Кярнаве жыве троху больш за 300 чалавек. Тут дзейнічае касцёл, археалагічны музей, музей скульптуры, некалькі маленькіх прыватных гатэляў. Гістарычна-археалагічны комплекс з пяці гарадзішчаў, ля якога праходзяць Дні жывой археалогіі, у 2004годзе ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

На гарадзішчах у XIII–XIV стагоддзях былі драўляныя замкі, адзін з якіх слугаваў рэзідэнцыяй вялікім князям літоўскім Трайдзеню, Віценю і, першапачаткова, Гедыміну. Нагадаем, што апошні перанёс сталіцу ВКЛ у Вільню толькі ў 1323-м годзе, да таго яшчэ паспеўшы пакіраваць з Трокаў.

Ад Кярнаве да Вільні каля 40 кіламетраў, на пачатку XIV стагоддзя на месцы цяперашняй сталіцы ці то буяў глухі лес, ці то ўжо жылі людзі, але параўнацца з Кярнаве па значнасці Вільня тады яшчэ не магла. Легенда пра заснаванне Кярнаве пераказваецца ў “Хроніцы Быхаўца”. Адпаведна ёй, паселішча заклалі сын і ўнук легендарнага перасяленца з Рыма Палямона Кунас і Кернус. Ад імя апошняга Кярнаве і атрымала назву.

“Хроніка” Мацея Стрыйкоўскага згадвае Кярнаве сярод найбольш істотных адміністрацыйна-палітычных цэнтраў ВКЛ, але адзначае, што Міндоўг быў каранаваны ў Наваградку. У ранейшых працах Стрыйкоўскі месцам каранацыі называе Кярнаве. У літоўскай масавай свядомасці горад часта ўспрымаецца як “першая сталіца Літвы”, цяпер тут 6 ліпеня ўрачыста святкуецца Дзень каранацыі Міндоўга. Дарэчы, 6 ліпеня ў Літве — дзяржаўнае свята. У ХІХ стагоддзі Кярнаве даследавалі браты Тышкевічы і Уладзіслаў Сыракомля. 

Дні жывой археалогіі прыцягваюць у мястэчка проста натоўпы турыстаў. Здавалася б, ну чым горшы наш Наваградак? Але вялікіх міжнародных фестываляў там пакуль няма. Наплыў людзей, акрамя археалагічнага фэсту, у Кярнаве бывае на Купалле (неапаганская абшчына RAMUVA яго святкуе тут з 1970-х гадоў).

Сёлета ў праграме Дзён жывой археалогіі былі заяўлены ўдзельнікі амаль з дзясятку еўрапейскіх краін, а таксама з ЗША. "Беларусь прадстаўлялі клубы рэканструкцыі эпохі ранняга сярэднявечча VARGENTORN з Віцебска і TRUE VARING са сталіцы, суполка рэканструктараў побыту крывічоў з Браслава і мінскія музычныя гурты ESSA, LITY TALER, JAVARYNA. Беларусы “зрабілі” значную частку праграмы фестывалю: каля траціны канцэртаў, палова ўдзельнікаў інсцэніроўкі баёў. JAVARYNA, напрыклад, выступіла ажно 5 разоў.



Беларускія гурты сярэднявечнай музыкі адрозніваліся актыўнай працай з гледачамі, танцавальнымі майстар-класамі. LITY TALER і JAVARYNA зрабілі цікавыя аранжыроўкі добра вядомых аматарам адпаведнага музычнага накірунку мелодый: латышскага “Garais dancis” (“Павольны танец”), беларускага танца “Лысы”. ESSA паказала праграму спеваў пад колавую ліру. Што цікава, у сярэднявечнай Заходняй Еўропе пад гэты інструмент танчылі, а на землях ВКЛ пад ліру толькі спявалі жабракі.

Музыка Тодар Кашкурэвіч, больш вядомы як дудар, граў не толькі на сцэне: наведвальнікі фэсту вельмі цікавіліся інструментамі, здзіўляліся, што ў Беларусі даўней гралі і на дудах, і на лірах. Другая ўдзельніца гурта ESSA Вольга Кашкурэвіч выканала пад колавую ліру некалькі балад і купалак.

Венгерскі гурт SUGALLO сярод іншых кампазіцый сыграў танец “Drumul Dracule”, вядомы ў Беларусі найперш у апрацоўцы гурта СТАРЫ ОЛЬСА, але папулярны і сярод іншых музыкаў. Падчас вечарыны для ўдзельнікаў фестывалю аказалася, што дзвюма “кананічнымі” схемамі танцавальных рухаў “Drumul Dracule”, вядомых у беларускім танцавальным асяродку, варыятыўнасць танца не вычэрпваецца.

Уразіў падыходам да музычнага матэрыялу латышскі гурт DELVE. Спеў на першым месцы, інструментальнае суправаджэнне застаецца суправаджэннем, вельмі густоўным і ненавязлівым. Такім чынам пашыраецца аўдыторыя, бо не кожны зможа слухаць паўгадзіны акапэльны спеў, але не кожны і хоча яскравых інструментальных кампазіцый, якія толькі “прыпраўляюцца” падпеўкамі.


Галоўная частка Дзён жывой археалогіі ў Кярнаве ўсё ж не музычная. Рэй вядуць рамеснікі-рэканструктары даўняга побыту, ад Неаліту да Сярэднявечча. Можна было паглядзець, як рабілі прылады працы з крэменю, свідравалі бурштын, здабывалі “жывы” агонь, ляпілі гаршкі, ткалі паясы, сукалі свечкі… Нават былі прадэманстраваны магчымасці лазні “па-чорнаму” і горн для працы з металам.

Шмат удзельнікаў прыязджалі цэлымі сем’ямі, дзеці — таксама ў рэканструяваных строях і досыць самастойныя: часта можна было заўважыць, як шпацыруюць без бацькоў, самі сабе выдумляюць гульні ды забавы.


На фэсце ў Кярнаве цікава і ўдзельнікам, і турыстам. Мроіцца, што калі-небудзь і ў горадзе-канкурэнце Наваградку, што аспрэчвае ў літоўскага мястэчка права лічыцца месцам каранацыі Міндоўга, будуць адбывацца імпрэзы падобнага маштабу.

Фота і відэа Алены Ляшкевіч



Каментаваць