Фестываль BelarusDocs пераносіцца на нявызначаны тэрмін

Нягледзячы на анлайн-фармат падзеі, арганізатары кінафестывалю беларускага дакументальнага кіно прынялі рашэнне аб яго пераносе.


Пра гэта аглядальніцы Reform.by Дар’і Амяльковіч паведаміў кіраўнік BelarusDocs, рэжысёр Алесь Лапо.

— Рашэнне аб пераносе фестывалю прынятае на 100%, — прызнаецца заснавальнік і дырэктар фэсту даккіно. — Учора мы параіліся з камандай і вырашылі перанесці BelarusDocs на няпэўны тэрмін. Хоць у нас і ўсё гатова, як кажуць, бяры ды запускай. І толькі ўчора мы разаслалі анонсы ў СМІ.

Алесь Лапо не адмаўляе, што на такі крок яго падштурхнулі апошнія навіны ў краіне і клопат пра каманду. Толькі ўчора беларускі рэжысёр вярнуўся з расійскага фестывалю «Артдокфэст», дзе дэманстравалася яго карціна «Усе мерапрыемствы згодна з планам».

— Вярнуўся ў даволі добрым настроі, а тут такое, — дзеліцца рэжысёр. — Прачытаў пра спыненне ўжо і анлайн-версіі праекта «Машина дышит, а я — нет», пра затрыманне арганізатараў выставы пра медыкаў. Цяжка гэта ўсё. Тым больш, у мяне ёсць перацярогі па адной кінастужцы ў нашай праграме, — зазначае дакументаліст. — Калі б рабіў фестываль адзін, я б не спыніўся. Але паколькі BelarusDocs — справа калектыўная, давялося прыняць даволі няпростае рашэнне.

Нагадаем, што BelarusDocs-2021 мусіў быў адбыцца на сайце кінападзеі з 13 па 19 красавіка. Акцэнт у праграме чацвёртага анлайн-фестывалю даккіно тэматычна быў зроблены на пытаннях правоў чалавека. У яго конкурсе заяўлены стужкі беларускіх дакументалістаў: Галіны Адамовіч, Любові Зямцовай, Максіма Шведа, Веранікі Ніканавай, Дар’і Юркевіч і Юліі Шатун. Новую дату фестывалю арганізатары паведамяць на афіцыйным сайце і на старонках фестывалю ў сацсетках.

— У бліжэйшай перспектыве планую зрабіць серыю публікацый пра беларускае дакументальнае кіно 2010-х, каб зарыентаваць аўдыторыю BelarusDocs, на якія фільмы дзесяцігоддзя варта звярнуць асаблівую ўвагу, — кажа Алесь Лапо. — Гэтае дзесяцігоддзе — увогуле шмат у чым пераломны час для айчыннай дакументалістыкі, і хацелася б пэўныя тэндэнцыі яе развіцця акрэсліць, — падсумоўвае рэжысёр.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: