Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» вяртаецца. Чаму абавязкова варта яго наведаць?

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» абвесціў новыя даты і месца правядзення – 15-18 кастрычніка ў Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3). Фестываль мусіў адбыцца ў красавіку, але з-за пандэміі быў перанесены на восень. Арганізатары паспрабавалі захаваць папярэднюю праграму і дапоўніць яе новымі актуальнымі імпрэзамі.
«Pradmova» – пляцоўка для камунікацыі паміж выдаўцамі, аўтарамі, рэдактарамі, ілюстратарамі, дызайнерамі і чытачамі. Фестываль праходзіць з 2018 года. Штогод у ім прымаюць удзел найлепшыя беларускія і замежныя літаратары, а праграма складаецца з дзесяткаў разнастайных імпрэз.

У гэтым годзе Беларусь святкуе 90-гадовы юбілей славутага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, таму натхненне на складанне слогана арганізатары шукалі менавіта ў яго творчасці. «Не трэба шмат, каб пачаць» – інтэрпрэтацыя цытаты Караткевіча, якая, па меркаванні арганізатараў, дапаўняе назву і змест фестываля.

На працягу чатырох дзён наведвальнікаў фэста чакае насычаная праграма: сустрэчы з замежнымі і беларускімі літаратарамі, прэзентацыі кніг, дыскусіі на тэму філасофіі, гісторыі і літаратуры, уручэнне прэмій, мастацкія выставы і кніжны кірмаш. Падрабязная праграма фестываля будзе апублікаваная на наступным тыдні.

Мерапрыемствы будуць праходзіць у анлайн- і афлайн фармаце. У фестывалі прымуць удзел беларускія аўтары: Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Максім Жбанкоў, Віктар Марціновіч, Ганна Севярынец, Дзмітрый Строцаў, Юля Цімафеева, Артур Клінаў, Таццяна Заміроўская і іншыя. Таксама будуць і замежныя госці: Януш Леон Вішнеўскі (Польшча), Лінор Гаралік (Ізраіль-Расія), Канстанцін Дарашэнка (Украіна), Міхаіл Мінакоў (Украіна-Італія), Жарка Ёваноўскі (Сербія), Барыс Пастэрнак (Расія).

У праграме і кніжным кірмашы прымуць удзел выдавецтвы: ARCHE, «Время», «Галіяфы», «Кнігазбор», «Лімарыус», «Логвінаў», «Макбел», «Полацкае ляда», «Рэгістр», «Тэхналогія», «Эканомпрэс», «Янушкевіч», выдаўцы Алесь Дудар, Артур Клінаў, Зміцер Колас, Уладзімір Сіўчыкаў, Раман Цымбераў.

На фестывалі будуць забяспечаны эпідэміялагічныя нормы: арганізатары просяць наведвальнікаў выконваць масачны рэжым, падчас фестываля можна будзе скарыстацца дэзінфектарам, у залах будзе адпаведная дыстанцыйная рассадка. Таксама у мэтах бяспекі будзе дзейнічаць абавязковая рэгістрацыя на мерапрыемствы. Уваход на кніжны кірмаш будзе вольны.

«Pradmova» адбываецца ў партнёрстве з Беларускім ПЭН-цэнтрам, пры падтрымцы кампаніі Andersen, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, Лятучага ўніверсітэта, Беларускай філасофскай прасторы, Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB), Польскага інстытута ў Мінску, Амбасады Літвы, Амбасады Украіны і прыватных адукацыйных ініцыятыў.

Паводле прэс-рэліза


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: