Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Камяніца» абвясціла поўную праграму (ФОТА, ВІДЭА)

16 верасня а 12:00 ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам стартуе дзявяты фестываль «Камяніца», хэдлайнерамі якога будуць Onuka (Украіна), Theodor Bastard (Расія), Shuma (Беларусь). Генеральны партнёр мерапрыемства — ААТ «Банк БелВЭБ».

Музычную праграму фестывалю а 12:00 распачне малая сцэна. Першым выступіць пост-фольк гурт «Рада», далей сваімі інтэрпрэтацыямі фальклору падзеліцца Патрыцыя Свіціна, выступяць гурты Студэнцкага этнаграфічнага таварыства «Мярэжа» і «Горынь». Малая сцэна скончыць працу а 17:30.

Галоўная сцэна адчыніцца а 13:00 выступам пост-фольк гурта «Варган». Працягнуць праграму «Нагуаль», The Doox (Украіна), Shaman Jungle. Пасля гэтага найдыйдзе чарга хэдлайнераў: Theodor Bastard (Расія), Onuka (Украіна) ды Shuma (Беларусь). Выступы скончацца а 22:00.



Акрамя гэтага аматараў аўтэнтычнага фальклору а 15:00 у будынку царквы з вёскі Логвінавічы Клецкага раёна (экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь») чакае канцэрт «Аўтэнтычныя спевы Палесся». 


Дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі

Дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі

У канцэрце возьмуць удзел два калектывы з Брэсцкай вобласці. Дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі прадставіць вёску Вулька Драгічынскага раёна.


У сваю чаргу трыа "Чабатухі" у складзе Надзеі Шылавец, Венеры Пакіпіч і Антаніны Бобрык прадставіць вёску Сташаны Пінскага раёна. 


Наймаладзейшай удзельніцы канцэрта 63 гады, найстарэйшай — 80. Яны вучыліся спяваць ад сваіх бацькоў, дзядоў і бабуль. Яны ведаюць сотні песень. Аснову рэпертуара складаюць абрадавыя песні, а таксама прыпеўкі, лірычныя, бяседныя. Гэта вялікі эксклюзіў, які нават у вёсках зараз можна пачуць вельмі рэдка, — распавядае Сяргей Доўгушаў, лідар гурта Vuraj і кіраўнік праекта «Спеўны сход».

«Чабатухі»

А 18:00 на галоўнай сцэне адбудзецца адзін з галоўных момантаў фестывалю. Разам з праектам «Спеўны сход» і Сяргеем Доўгушавым усе прысутныя заспяваюць некалькі традыцыйных беларускіх песень.

Кірмаш і забавы

Фестывальны кірмаш пачне працу а 12:00. У ім возьмуць удзел больш за 50 народных майстроў, якія ствараюць рэчы ўласнаруч. Гледачоў чакаюць майстар-класы ад ганчароў, кавалёў, ткачоў, а таксама шмат кропак з гатовай прадукцыяй.

А 12:00 пачнуць працаваць і забаўляльныя пляцоўкі з народнымі танцамі і гульнямі («Лапта», «Рыбак», «Пекар», «Пальчатка»), а таксама скаладром, лучны і арбалетны цір, тралей, катанне на квадрацыклах і конях, авіападарожжа над музеем на мотадэльтаплане.



Для дзяцей будзе адмысловая праграма: майстар-класы па пляценні з саломы, лепцы з гліны, маляванні, а таксама шоў мыльных бурбалак, гульні з саломай, кантактны заапарк, тэлескопы і інш.

Падчас фестывалю будуць працаваць выставы «Традыцыйныя музычныя інструменты», «Вясельныя строі маладога і маладой». Таксама можна будзе пазнаёміцца з творчасцю мастакоў Васіля Пішкуна, Ганны Сілівончык, Алеся Шатэрніка.

Харчаванне

Фестывальнае харчаванне ў традыцыях беларускай кухні забяспечаць каля 10 выяздных кропак ад сталічных рэстарацый «Камяніца», «Грай», «Агінскі», а таксама «Беларуская карчма», што працуе на тэрыторыі музея. У апошняй таксама можна будзе набыць піва і хатнія наліўкі. На фестываль можна праносіць ваду ў разліку 0,5 л на чалавека. Ежу можна ўзяць на тэрыторыю музея, але на фестывальную пляцоўку з ёй не пусцяць.

Як даехаць

Фестываль адбудзецца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо (4 км ад МКАД за аўтарынкам «Малінаўка»). Аўтамабільная паркоўка знаходзіцца за межамі музея, веласіпедная — на фестывальнай пляцоўцы.



Даехаць да музея можна таксама на аўтобусах ад аўтастанцыі «Паўднёва-Заходняя» ці метро «Малінаўка», якія будуць курсіраваць з інтэрвалам каля 15 хвілін. Падрабязны расклад руху тут. Апошні зваротны рэйс з музея ў Мінск адпраўляецца а 23:00 — праз гадзіну пасля заканчэння фестывалю.

Квіткі

У папярэднім продажы квіткі набыць можна праз сайты і касы Bycard.by, SMSbilet.by, Kassy.by.
Дашкольнікі праходзяць задарма.


Вольнага ўваходу для наведвальнікаў у традыцыйных строях сёлета не будзе. Арганізатары спадзяюцца, што гэта не спыніць аматараў насіць традыцыйнае адзенне і яны апрануць строі дзеля ўласнага задавальнення, а не дармовага квітка. Як патлумачыў прэс-аташэ фестывалю Зміцер Безкаравайны, арганізатары былі вымушаны пайсці на такі крок па ініцыятыве музея.

У мінулыя гады задарма часам спрабавалі прайсці людзі, што не мелі поўнага традыцыйнага строя, ці нават проста ў вышымайцы. На гэтай глебе ўзнікалі канфлікты. Тым часам людзі ў строях, бывала, куплялі квіткі, каб падтрымаць музей. Усе грошы ад квіткоў ідуць проста на рахункі музея.


Інфалінія: (029) 363 76 85, (017) 209 41 63.



Каментаваць