Фільм па кнізе Віктара Марціновіча ідзе ў беларускі пракат

Фільм рэжысёра Аляксея Палуяна «Возера радасці», створаны па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча, ідзе ў беларускі пракат: карціну прэзентуюць 13 лістапада ў кінатэатры «Масква». Кінастужка цалкам беларускамоўная, а яе прэм’ера прайшла на галоўным сусветным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў у Клермон-Феране.


Чаму да фільма “Возера радасці” столькі ўвагі?


Перад тым як выйсці ў пракат на радзіме, кінастужка наведала шэраг прэстыжных еўрапейскіх кінафестываляў. І вярнулася з перамогай: тры ўзнагароды іспанскага FICBUEU, прыз “За лепшую рэжысуру” ў Грэцыі, дзве ўзнагароды кінафестывалю ў Невадзе і тытул “Лепшы кароткаметражны фільм” нямецкай кінапрэміі Hessen Film Awards.

Нягледячы на сваю беларускамоўнасць, “Возера радасці” – міжнародны праект: у здымачнай камандзе працавалі прафесіяналы з Германіі, Ірана, Грузіі, Украіны, Шатландыі і Балгарыі.

Сярод выканаўцаў – беларускія акцёры Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Алесь Малчанаў, Дзяніс Тарасенка, Алена Зуй-Вайцяхоўская і Таццяна Мархель.


Што мы ведаем пра рэжысёра Аляксея Палуяна?

Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян жыве і працуе ў Германіі. Ён вучыўся ў Касэльскай мастацкай акадэміі, зняў шэраг дакументальных і мастацкіх фільмаў.

Над сцэнарыем “Возера радасці” рэжысёр пачаў працаваць у 2016 годзе. Бацька Аляксея Палуяна выхоўваўся ў інтэрнаце, як і галоўная гераіня стужкі, таму ў аснову фільма закладзена і асабістая гісторыя.

Калі вы не знаёмы з папярэднімі работамі рэжысёра, ёсць нагода выправіць сітуацыю: “Возера радасці” пакажуць сумесна з дакументальным фільмам Палуяна “Край жанчын”, стужкай пра апошніх жыхарак вёскі Любейкі. У нацыянальным конкурсе 24-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” фільм “Край жанчын” атрымаў узнагароду “За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве”.

А пра што фільм “Возера радасці”?

Фільм зняты паводле рамана беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча “Возера радасці”. Дзеянне адбываецца ў 1991 годзе, у цэнтры сюжэта – дзевяцігадовая Яся, якая страціла маці і трапіла ў інтэрнат. Дзяўчынка вырашае збегчы з прытулку, каб вярнуцца дадому, у родную вёску.

Цікава, што галоўную ролю выканала дзевяцігадовая выхаванка магілёўскай SOS-вёскі Анастасія Пляц. Яе талент высока ацанілі: міжнароднае журы іспанскага кінафестывалю FICBUEU аддало дзяўчынцы ўзнагароду ў намінацыі “Лепшая актрыса”.


Чаму варта прыходзіць на прэзентацыю?

Па-першае, наведвальнікам прэзентацыі фільм прадставіць здымачная група з удзелам рэжысёра Алексея Палуяна і пісьменніка Віктара Марціновіча.

Па-другое, падчас прэзентацыі ў кінатэатры “Масква” перад гледачамі з’явіцца этна-гурт Vuraj. Удзельнікі гурта адказвалі за музычнае афармленне фільма і нават зняліся ў адным з эпізодаў. Акрамя Vuraj выступяць “Любанскія музыкі” Васіль Семашкевіч і Мікалай Юніцкі, якія таксама ўзялі ўдзел у фільме.

Па-трэцяе, можна далучыцца да дабрачыннасці: частку сродкаў ад прададзеных білетаў аддадуць на карысць праекта настаўніцтва для дзяцей-сірот “Імёны”.

Прэмʼера ў кінатэатры “Масква” пачнецца 13 лістапада а 19-й гадзіне. Білеты можна будзе набыць за два тыдні да паказу.

Дзе яшчэ можна паглядзець “Возера радасці”?

У Мінску фільм пакажуць з 14 па 28 лістапада ў кінатэатрах “Беларусь”, “Піянер”, Silver Screen і “Falcon Club буцік кіно», з 14 па 20 лістапада – у кінатэатры Silver Screen.

Акрамя таго, стужку плануюць дэманстраваць у Магілёве, Брэсце, Баранавічах і Ляхавічах.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!