Фіналістаў «Заспявай-5» падтрымаюць Palina, Naviband і Warsoba

Выступы фіналістаў конкурсу, які ладзіць партал TuzinFM і фонд «Вяртанне», пройдуць цягам сакавіка ў трох мінскіх клубах. Маладых выканаўцаў падтрымаюць жывымі сэтамі вядомыя музыкі.

9 сакавіка (cубота) у клубе «Графіці» выступіць фіналіст «Заспявай-5», электронны праект Maximalism, які можа стаць яскраваю з’яваю ў беларускай электроннай музыцы. 


Іхныя трэкі ўжо выходзілі на лэйблах ва Украіне, Германіі, Вялікабрытаніі ды Нідэрландах. Для конкурсу яны зрабілі песню «Фрагменты» на словы Ганны Комар. Акрамя таго, музыкі вырашылі зрабіць цалкам беларускамоўную праграму, іх англамоўныя кампазіцыі на беларускую пагадзілася перакласці… уласна Ганна Комар.



А падтрымае музыкаў сваім выступам Palina — праект Паліны Рэспублікі, якую TuzinFM назваў адкрыццём у беларускай музыцы ў 2011 годзе. Нядаўна спявачка зрабіла фурор на ўкраінскім тэлешоў «Х-фактор», на якім дайшла да фінала.

17 сакавіка (нядзеля) у клубе «Гудвін» пройдзе сольны канцэрт праекту Аляксея Варсобы (Port Mone trio) і спявачкі Ірэны Катвіцкай, які завецца Warsoba

Адмысловымі гасцямі будуць  Павал Козіч і Ціхан Букраба, якія сталі фіналістамі «Заспявай-5» дзякуючы песні «Трамвай» на словы Антона Рудака. Музычныя густы ўсіх удзельнікаў гэтага канцэрту супадаюць, так што вечар абяцае быць дужа прыемным.

23 сакавіка (субота) з сольным канцэртам у клубе «Графіці» выступіць Раман Волазнеў, які трапіў у фінал «Заспявай-5» з песняй «Салёныя сны» на словы Мікіты Найдзёнава. 


У ягоную падтрымку свой сэт у гэты вечар зайграе Naviband, якія некалі таксама сталі пераможцамі «Заспявай» (2015).




29 cакавіка ў новым мінскім клубе «Berlin» можна будзе пачуць жыўцом усіх трох фіналістаў «Заспявай-5»


На гэтым канцэрце і будзе названае імя пераможцы конкурсу, які атрымае грашовы прыз памерам 1500 рублёў. Адмысловым госцем вечарыны будзе праект «Eryk i Ja», які заснаваў паэт і спявак Уладзь Лянкевіч (TonqiXod) разам з мультыінструменталістам Эрыкам Арловым-Шымкусам (ili-ili, Harotnica mix, раней Vuraj, Паліна Рэспубліка).

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!