Фолк-фэст «Камяніца 2016» абвесціў поўную праграму

10 верасня у Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам пры падтрымцы Банка БэлВЭБ адбудзецца восьмы штогадовы фолк-фестываль «Камяніца 2016». Уваход будзе адчынены з 12.00, мерапрыемства працягнецца з 13-й да 22-й гадзіны.


Музыка

Выступы музыкаў будуць размеркаваныя па ўсёй праграме. Агулам у фестывалі возьмуць удзел больш за 20 калектываў і сольных артыстаў, якія выступяць на дзвюх сцэнах і некалькіх дадатковых пляцоўках. І гэта не ўлічваючы іншых забаў — сумаваць не будзе калі!

Музычная праграма пачнецца ў 13.00. Першымі на галоўную сцэну выйдуць фолк-ансамбль «Ветах», этна-трыа «Троіца» і Паліна Рэспубліка. Пасля іх гледачоў чакаюць выступы гурта «ТаРута» (Украіна), спявачкі Іны Жаланнай  (Расія) і гурта Re1ikt. Фінальную кропку паставіць этна-трансавы калектыў «Оле Лукойе» (Расія).

Параллельна з галоўнай будзе працаваць другая сцэна, дзе ў 14.40 вядомы ўсім Мядзведзь Топа з’явіцца на публіцы разам з фолк-ансамблем «Мілавіца». Таксама на ёй выступяць фолк-калектывы «Варган», «Мярэжа», «Бараўлянская крынічка», «Явар», «Патрыцыя Свіціна».

Акрамя гэтага ў 14.00 у драўлянай царкве ў цэнтры музея народныя песні выканае фолк-калектыў «Рада». У 15.00 каля кафэ «Беларуская карчма» таварыства СЭТ распачне паказ аўтэнтычнага беларускага вяселля з адпаведнымі абраду песнямі і танцамі. А ў 18.00 усе гледачы фестывалю разам з праектам «Спеўны сход» выканаюць народную песню «Купалінка».

Майстар-класы і забавы

З 13-й да 15-й гадзіны будзе адбывацца больш за 10 майстар-класаў, падчас якіх можна будзе максімальна блізка пазнаёміцца з народнымі рамёствамі і нават нешта зрабіць самім. Гледачоў чакае ганчарства на крузе і кераміка, аплікацыя з саломкі і кавальная справа, пляценне з лазы і маляванне каляровым пяском, прадзенне і мыльныя бурбалкі, тэкстыльная лялька і ткацтва на дошчачках, пляценне паясоў і чаканка манет.

З 13 гадзін пачнуць сваю працу і забаўляльныя пляцоўкі: лучна-арбалетны цір і барацьба на паясах, катанне на конях і поні, народныя танцы і палёты на гіраплане, а таксама дзіцячая пляцоўка ад Сямейнага цэнтра Кацярыны Каўровай, выставы мастакоў Ганны Сілівончык, Васіля Пешкуна, Алеся Пушкіна, фатографаў Віктара Малышчыца і Аляксандра Ждановіча.

Фестывальнае харчаванне ў традыцыях беларускай кухні забяспечаць выяздныя кропкі ад сталічных рэстарацый «Камяніца», «Грай», «Агінскі», а таксама працуючая на тэрыторыі музея «Беларуская карчма».
Як даехаць. На асабістым аўто ці ровары, а таксама на бясплатным фестывальным аўтобусе, які будзе курсіраваць ад станцыі мятро «Малінаўка» і назад. З 12.30 да 14.15 і з 18.45 да 23.00 інтэрвал руху – 15 хвілін, з 14.15 да 18.45 – 30 хвілін.


Паводле інфармацыі з прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: