
“Мне ня спіцца” — песня з Дзямідавічаў пад
Мсціславам, якая дала назву ўсяму альбому. Ён амаль цалкам складаецца з твораў,
якія спевакі Алег Лук’янцаў, Васіль Мардачоў, Алесь Жукоўскі і Святлана Буцкая
запісалі ад бабуль па ўсёй Беларусі і выканалі з захаваннем арыгінальнай
мелодыі, рытмікі, слоў. Увайшло таксама некалькі інструментальных найгрышаў,
фратменты аповядаў бабуль.
Дыск запісаны ў Гайнаўцы на Беласточчыне на перасоўнай студыі гуказапісу Ярослава Кордачука. Падчас працы над альбомам у “Рады” была магчымасць назіраць за жыццём мясцовага беларускага асяродку: “Цікава, што для нас у Беларусі Касцёл — элемент беларускасці, з беларускамоўнай службай. А беларусамі Польшчы Касцёл успрымаецца як складнік апалячвання, таму яны вельмі трымаюцца за праваслаўе” — дзеліцца назіраннямі Васіль Мардачоў.
У планах гурта — выпуск кліпа на песню “Дарожка”. Чакаем новых прэзентацый!