Фотавыстава «У імя міласэрнасці» адкрыецца 8 мая

З 8 па 13 мая ў Мінску ў Музеі гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4) будзе прадстаўлена фотавыстава, прысвечаная медыцынскім сёстрам міласэрнасці і валанцёрам Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і прымеркаваная да Міжнароднага дня медыцынскай сястры.

Перавязачная ў ваёсковым шпіталі Чырвонага Крыжа, 1914 год

Арганізатар мерапрыемства — Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа пры падтрымцы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Дзейнасць сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа на тэрыторыі Беларусі пачалася яшчэ ў 1880-х гадах, — адзначае генеральны сакратар БТЧК Вольга Мычко. — У гады Вялікай Айчыннай вайны медыцынскія сёстры Чырвонага Крыжа дапамагалі хворым і параненым на палях бітваў, у шпіталях, у партызанскіх атрадах. У пасляваенны перыяд яны сталі надзеяй і апорай для ветэранаў і інвалідаў вайны. Сёння Служба сясцёр міласэрнасці БТЧК аказвае медыка-сацыяльную і паліятыўную медыцынскую дапамогу людзям, якія жывуць у нястачы. Гэта адзінокія і пажылыя людзі, з цяжкімі хранічнымі захворваннямі, людзі з інваліднасцю, якія цалкам або часткова страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэння, людзі, якія жывуць з ВІЧ / СНІД.

Медыцынская сястра міласэрнасці Валянціна Найдзюк, 2012 год. Наваполацк

На фотавыставе прадстаўлены архіўныя здымкі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа, Інфармацыйнага агенцтва Расіі ТАСС і сучасныя працы швейцарскага фатографа Стэфана Маўрэра, якія адлюстроўваюць прыклады сапраўднага гуманізму і самаахвярнасці медыцынскіх сясцёр міласэрнасці і валанцёраў Беларускага Чырвонага Крыжа.

Асаблівае месца на выставе займаюць фатаграфіі медыцынскіх сясцёр міласэрнасці — лаўрэатаў медалі імя Флорэнс Найтынгейл, вышэйшай міжнароднай узнагароды для медыцынскіх сясцёр. Медаль прысуджаецца раз на два гады за выключную адданасць справе міласэрнасці, гуманнасць і ўзорную прафесійную дзейнасць. У Беларусі шэсць медыцынскіх сясцёр узнагароджаны гэтым медалём за мужнасць і самаадданасць у гады Вялікай Айчыннай вайны, а пяць — за служэнне адзінокім пажылым і цяжкахворым людзям у мірны час.

Валанцёрка Службы сёстраў міласэрнасці Рэгіна Набокіна. 2012 год

У выставачнай зале таксама будзе праходзіць паказ дакументальнага фільму «Зіма пройдзе» аб Ніне Мікалаеўне Блізнюк — дзеючай медыцынскай сястры міласэрнасці Мінская гарадской арганізацыі БТЧК, узнагароджанай медалём імя Флорэнс Найтынгейл.

Фільм удзельнічаў у міжнародных фестывалях дакументальнага кіно ў Аўстрыі, Арменіі, Германіі, Італіі, Польшчы, Партугаліі і ўзнагароджаны Крыштальнай статуэткай на Міжнародным Хрысціянскім фестывалі дакументальнага кіно «За лепшае ўвасабленне гуманітарных каштоўнасцяў чалавецтва».

«Зіма пройдзе» — гэта гісторыя з непрыдуманымі персанажамі і рэальнымі лёсамі, распавядае аўтар і прадзюсар фільма Аляксандр Цярэшчанка. — Пра што гэтая карціна? Я кажу, што гэтае кіно пра каханне. Але думаю, кожны сам зможа адказаць на гэтае пытанне пасля прагляду фільма.

 


Уваход 8 мая — вольны, пачатак адкрыцця а 17-й гадзіне.

З 9 па 13 мая — па квітку ў музей.

Час працы: 10.00-19.00

Інфалінія: (017) 327 10 75, (017) 328 49 90.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!