Францыск Скарына — наш лёс, наша мінулае, наша будучыня

Выстава дзіцячай і маладзёвай творчасці, прысвечаная 500-гадоваму юбілею беларускага кнігадруку «Францыск Скарына — наш лёс, наша мінулае, наша будучыня», адкрыецца 5 жніўня ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3).

6 жніўня 1514 года у Празе чэшскай вялікі беларускі асветнік, пісьменнік, перакладчык, рэдактар, доктар у лекарскіх справах, батанік, культурны дзеяч, навуковец выдаў на даўняй беларускай мове першую друкаваную кнігу ва Усходняй Еўропе. Гэтай кнігай быў Псалтыр, адна з 23 кніг Бібліі, якія падрыхтаваў і выдаў Скарына.

Беларускі Псалтыр стала чацвертай друкаванай кнігай у свеце пасля нямецкай, італьянскай і чэшскай.
Па гэтай кнізе нашыя продкі вучылі дзяцей грамаце. У прадмове да Псалтыра Скарына напісаў: “Дзецям малым пачатак усякае добрае навукі, дарослым памнажэнне ў навуцы, мужам моцнае сцвярджэнне". Гэтыя падзеі засведчылі высокі ўзровень беларускай культуры. Гэта была эпоха высокага адраджэння ў Вялікім Княстве Літоўскім і гэты час назвалі Залатым векам Беларусі-Літвы.

Год 500-годдзя беларускага друку стаў для многіх беларускіх дзяцей і моладзі шчаслівым і значным у творчых пошуках. Яны актыўна далучыліся да ідэй, літаратурнай і мастацкай спадчыны Скарыны. Яны сваімі творамі рыхтавалі гэтую выставу.

Сёння ў нашай краіне шмат мастацкіх школ, ліцэяў, каледжаў. У гэтай выставе прынялі ўдзел школьнікі Полацкай мастацкай школы, Аршанскай мастацкай школы, Брэсцкай мастацкай школы, мастацкіх навучальных установаў Гародні, Узорнай студыі “Крынічка” Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай і маладзёвай творчасці, таксама Мінскага мастацкага гарадскога гімназіі – каледжа, Рэспубліканскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка, Мінскага мастацкага каледжа імя А. Глебава.

Вы ўбачыце яркія творы юных мастакоў Аляксандры Ржэчыцкай, Дар’і Грыцэвіч, Ані Сімонік, Міколы Храмцова, Марыі Вараксы, Альжбеты Малішэўскай-Спрынчан, Лізаветы Шах, Ксені Сахон, Лізаветы Савіцкай, Кацярыны Закаблукавай і многіх іншых. Дзеці малююць Скарыну і ягоныя славутыя месцы. І гэта выдатна!

Выстава адкрываецца напярэдадні Вялікага свята. Выстава на гэтую тэму Беларускага саюза мастакоў рыхтуецца на глыбокую восень. Таму і сімвалічна, што дзеці і моладзь вітаюць нашага слыннага асветніка першымі.

Па выніках выставы адбудзецца конкурс у дзвух намінацыях: дзіцячай і маладзёвай творчасці. Дачакаемся гэтага шчаслівага дня. Усе ўдзельнікі выставы будуць адзначаныя.

Ласкава запрашаем на выставу!

Тэрмін правядзення выставы: з 5 жніўня па 9 жніўня, штодзень з 11.00 да 19.00. Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49 — Палац мастацтва; (017) 296 67 84 — Беларускі саюз мастакоў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: