Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» и «Ў бар» спыняюць сваю працу

Галерэя «Ў» абвяшчае аб закрыцці. Апошнім праектам, рэалізаваным камандай, стане выстава «Кранальная дыстанцыя», якая працуе з 26 кастрычніка.

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

Закрыццё праекта звязана са зменай партнёраў: з ліку акцыянераў юрыдычных асоб выходзяць Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава, Аляксандр Васілевіч і Надзея Зелянкова. Адзін з сузаснавальнікаў і партнёраў Галерэі «Ў» і «Ў бара» — Валянцін Лосеў — працягне свой удзел у новым праекце на Кастрычніцкай, 19.

Аляксандр Васілевіч — адзін з ініцыятараў і сузаснавальнікаў праекта ўжо больш за два месяцы знаходзіцца пад вартай і прызнаны палітычным вязнем.

Валянціна Кісялёва, сузаснавальнік праекта, кіруючы партнёр, дырэктар і куратар галерэі, адзначыла: «Закрыццё праекта мае шмат прычын, і рашэнне, прынятае заснавальнікамі — вельмі складанае. Але цяпер час перамен і мы верым, што ўсе змены да лепшага! Галерэя годна выканала сваю місію і рэалізавала шмат выдатных праектаў. Дэвіз, які мы калісьці прыдумалі, — «мастацтва і безумоўная любоў» — гэта той рытм, які, я спадзяюся, сугучны біццю і ў вашых сэрцах. Вялікі дзякуй усім, хто быў з намі гэтыя гады! Да новых сустрэч і праектаў».

Ганна Чыстасердава сузаснавальнік праекта, кіруючы патнёр, арт-дырэктар галерэі, сказала: «Наша дзейнасць, і нават больш — жыццё, на працягу апошніх 11 год падаравала велізарную колькасць выдатных сяброў і партнёраў, неверагодны досвед і зрабіла сучаснае беларускае мастацтва бачным не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Закрыццё праекта — цяжкае рашэнне, але я веру, мастацтва і безумоўная любоў заўжды перамагаюць».

Надзя Зелянкова далучылася да каманды галерэі ў 2010 годзе ў якасці дырэктара па развіцці, і пазней стала адным з партнёраў. Яна кажа: «Тут жылі нашы сябры, знаёмыя і незнаёмыя цудоўныя людзі. Тут нараджалася сяброўства, любоў і новае жыццё. З галерэяй усё будзе добра: рана ці позна, так ці інакш, праект нарадзіцца ізноў».

Новы склад партнёраў будзе развіваць прастору на Кастрычніцкай, 19 пад брэндам «Вершы». Пад гэтым імём будуць працаваць і бар, і культурная прастора. Выстава «Кранальная дыстанцыя», што распачнецца ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», працягнецца ўжо ў прасторы «Вершы».

Галерэя распачала работу ў 2009 годзе ў памяшканні Незалежнасці, 37а і фактычна стала адным з галоўных цэнтраў культурнага жыцця Мінска.

У 2018 годзе «Ў» перамясцілася на Кастрычніцкую, 19 і арганізавала маштабныя выставы беларускага і міжнароднага сучаснага мастацтва.

Галерэя дзякуе ўсім партнёрам, якія падтрымлівалі яе на працягу 11 гадоў, унікальным мастакам, якія напаўнялі сваімі працамі прастору, і неверагодным гасцям, што стваралі сваёй энергіяй атмасферу праекта.

«Ў-бар» — першы дэмакратычны вінны бар у Мінску дапамог сфармаваць цяпер ужо сталую вінную культуру горада. Бясконцая ўдзячнасць усім барменам, музыкам, ды-джэям і сябрам за шчаслівыя гады і хвіліны разам!

 Паводле прэс-рэлізу

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: