Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» запрашае на акустычны хэпенінг «Пагружэнне»

У сярэдзіне чэрвеня Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» аб'явіла адкрыты конкурс канцэпцый мастацкіх выказванняў па тэме недыскрымінацыі. Усяго на конкурс было даслана больш за 20 заявак. З іх было адабрана 4 арт праекта, якія можна будзе ўбачыць і нават пачуць з 9 ліпеня па 28 жніўня ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» і іншых прасторах вуліцы Кастрычніцкая.
Аўтары адабраных 4 праектаў: Андрэй Бусел, Зміцер Вайноўскі, Уладзімір Грамовіч і Генадзь Грак, Галіна Казіміроўская.

Першым будзе прадстаўлены сацыяльна-музычны праект Галіны Казіміроўскай «Пагружэнне», які рэалізуецца камерным аматарскім харавым калектывам «Concordia Choir». Адкрыццё адбудзецца 9 ліпеня ў 19:00. Галіна Казіміроўская, аўтарка праекта, мастацкая кіраўніца і дырыжорка:

«Праект Пагружэнне – гэта творчае палатно, у якім ёсць месца ўсім і ў якім мы роўныя! Сёння, у часы ўсеагульнай раз'яднанасці і індывідуалізацыі нам вельмі важна месца, дзе мы можам зліцца разам, дзе мы вельмі блізка і кожны па-свойму перажываем у сабе музыку, адкрываючы яе для сябе і сябе для музыкі. Дзе чалавечыя галасы вібруюць ў адным рытме, у адной танальнасці. Вынік праекта дзіўны! Кожны яго ўдзельнік праводзіць музыку праз сябе, кожны адчувае сябе не гледачом звонку, а удзельнікам унутры. Пагружэнне – гэта месца, дзе кожны можа быць самім сабой і ў той жа час адчуваць адзінства з усімі!»

Падчас канцэрту будзе выканана сучасная харавая музыка. Любы слухач зможа перамяшчацца і выбіраць сабе найбольш зручнае месца. Напрыклад, можна ўстаць у сярэдзіну хора або каля любога з харыстаў і апынуцца ўнутры гучання. Але і самі харысты могуць перамяшчацца і станавіцца побач са слухачамі або вакол канкрэтнага чалавека, ствараючы такім чынам гукавое кола.

Час і даты, калі можна будзе ўбачыць і прыняць удзел у арт праектах Андрэя Бусла, Зміцера Вайноўскага, Уладзіміра Грамовіча і Генадзя Грака будзе анансавана на сайце і ў сацыяльных сетках Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» і партнёраў. Паказ арт праектаў будзе суправаджацца рознымі мерапрыемствамі: круглымі сталамі, дыскусіямі, лекцыямі, кінапаказамі, семінарамі і г.д.

Вуліца Кастрычніцкая

Вуліца Кастрычніцкая

Конкурс канцэпцый мастацкіх выказванняў па тэме недыскрымінацыі праводзіўся ў рамках праекта «Кастрычніцкая: усё ўключана! усе ўключаны!». Праект накіраваны на прыцягненне ўвагі да пытанняў дыскрымінацыі, сітуацый, калі людзі адчуваюць негатыўнае да іх стаўленне, прадузятасць, гвалт, несправядлівасьць і пазбаўленне вызначаных правоў па прычыне іх прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай ці узроставай групы. Праект таксама ўключыў у сябе глабальнае даследаванне вуліцы Кастрычніцкая на
прадмет дружалюбнасці і даступнасці. 

Партнёры праекта: ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт», Мінская урбаністычная Платформа, MAKEOUT.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: