Гарадзенскія панкі заехалі ў Мінск

У мінскім клубе Re:Public 28 красавіка адбыўся доўгачаканы канцэрт гарадзенскага гурта Dzieciuki.

Гурт Dzieciuki некалькі гадоў не меў магчымасці легальна выступаць на сцэнах мінскіх клубаў. Апошні выступ гарадзенцаў у сталіцы адбыўся 27 лютага 2016 года. І хоць з таго часу музыкі адыгралі і на ўрачыстым канцэрце ў гонар стагоддзя БНР і фэсце «Наш дзень», Мінгарвыканкам рэгулярна працягваў адмаўляць у праве правесці афіцыйны выступ у горадзе. Тэксты песен гурта не праходзілі цэнзуру ў чыноўнікаў па прычыне нібыта «нізкага мастацкага ўзроўню».

На канцэрт 28 красавіка прыехалі каля 700 чалавек з розных гарадоў Беларусі і не толькі: акрамя беларускай і рускай, у залі гучала таксама ангельская і польская мовы.


Напачатку канцэрта Алесь Дзянісаў абвясціў, што «запісвае» ўсіх прысутных у гарадзенцы.

З першай жа песні стала зразумела, што «Радыё Гародня» – гэты ўжо не тыя Dzieciuki, да якіх мы прызвычаіліся. Новыя песні ўзбагацілі гучанне каманды жорсткім грайндкоравым саўндам спалучаным з ірландскімі матывам, пры гэтым гурту ўдалося захаваць лірычнасць і пранікнёнасць старых кампазіцый («Бусел», «Косю»).

На жаль, альбом не быў выкладзены ў Сеціва да пачатку канцэрта, шмат хто з прысутных адзначаў, што гэта зашкодзіла ацаніць яго як след.

Гурт выступаў у часткова абноўленым складзе: харызматычнага Паўла «Трабла» Трубліна замяніў Улад Бернат, вакал яго як нельга лепей пасуе да новага гучання каманды. Трэба адзначыць, што і ролі другога вакаліста стала значна болей, напрыклад, у песне «Сонейка ўзыйшло» рэй вёў фактычна адзін Улад, і горш ад гэтага яна гучаць не стала. На бубнах граў Аляксандр Рацько («Людзі на балоце»).


Падтрымаць гарадзенцаў на канцэрт прыехалі Павел Аракелян, Сяргей Башлыкевіч з гурта LIEBONIK, Кастусь Кастэла з полацкага гурта «Варган».


Канцэртная прэзентацыя прайшла паспяхова. «Канцэрт быў не дарма, нават калі раптам гурт зноў забароняць на некалькі гадоў, ён усё роўна мусіў адбыцца», — сказаў Алесь Дзянісаў. Цяпер чакаем альбом у Сеціве: мяркуецца, што гэта будзе ў першай палове чэрвеня.

Ну і трэба падзякаваць арганізатару канцэрта агенцыі «Наш дзень» і Уладзіміру Плавінскаму, а таксама Сяргею Будкіну, дзякуючы настойлівасці якіх гэтае неверагоднае шоў сталася магчымым.


І так, здаецца, альбомам «Радыё Гародня» Dzieciuki паставілі кропку ў спрэчках наконт таго, як правільна: Горадня ці Гародня.



 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!